Да 95-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна

З мэтай папулярызацыі творчай спадчыны Івана Шамякіна ў бібліятэках раёна праведзены мерапрыемствы, прымеркаваныя да 95-годдзя з дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі. Нарадзіўся Іван Шамякін на Гомельшчыне, у в.Карма Добрушскага раёна 30 студзеня 1921 года. Упершыню чытач сустрэў імя пісьменніка ў 1945 годзе ў часопісу «Полымя», дзе была надрукавана яго першая аповесць «Помста».
Літаратурная вечарына «Прапаведнік духоўнасці і чалавечнасці»
Бібліятэкар Вараніноўскай сельскай бібліятэкі, сумесна з настаўніцай беларускай літаратуры мясцовай школы, правялі літаратурную вечарыну «Прапаведнік духоўнасці і чалавечнасці».
Настаўніца Святлана Аляксандраўна Кураленка расказала аб біяграфічных звестках і творчым шляху пісьменніка. Вучні даведаліся аб гадах дзяцінства, якое прайшло на ўлонні прыроды, гадах ваеннага ліхалецця, у час якіх І. Шамякін служыў камсоргам дывізіёна. Вучаніца 8 класа Зайцава Вольга падрыхтавала і агучыла паведамленне на тэму: «Цікавыя звесткі з жыцця і творчасці пісьменніка».
Бібліятэкар Алена Віктараўна Салохіна зрабіла агляд літаратуры «Творы, што кранаюць душу» з бібліятэчнай выставы «Пісьменнік дзвюх эпох», у час якога звярнула ўвагу на раманы, аповесці і апавяданні І. Шамякіна рознай тэматыкі: аб Вялікай Айчыннай вайне, жыцці калгаснікаў і сельскай інтэлігенцыі, пра каханне і любоў да жыцця. Гэта творы «Глыбокая плынь», «Першы генерал», «Зеніт», «У добры час», «Злая зорка», «Трывожнае шчасце», «Слаўся, Марыя!» і іншыя, якія дапамагаюць людзям у іх роздуме над жыццём, прызначэннем чалавека, сэнсам яго існавання, зразумець адносіны да ўсяго навакольнага.
На працягу мерапрыемства дэманстравалася электронная прэзентацыя «Іван Шамякін: вядомы і невядомы».
Літаратурная гадзіна «Чалавек вялікай душы і таленту»
Літаратурную гадзіну аб жыцці і творчасці Івана Шамякіна «Чалавек вялікай душы і таленту» правяла бібліятэкар Баркалабаўскай сельскай бібліятэкі сумесна з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры мясцовай школы і мастацкім кіраўніком Баркалабаўскага культурна-спартыўнага цэнтра.
У час мерапрыемства была нададзена ўвага апісанню асабістага жыцця пісьменніка, значнае месца адведзена яго творчай спадчыне. Яркія моманты біяграфіі былі адлюстраваны ў электроннай прэзентацыі «Жыццёвы і творчы шлях І. Шамякіна». Кнігі пісьменніка, што знаходзяцца ў сельскай бібліятэцы, размяшчаліся на тэматычнай выставе «Летапісец эпохі».