Шульга Мікалай Кірылавіч
(16.01.1936 – 22.04.1979)

Нарадзіўся 16 студзеня 1936 года ў вёсцы Дуянаўка Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння школы паступіў у Гомельскі педагагічны інстытут на гістарычны факультэт. Пасля заканчэння другога курса ў 1954 годзе быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Служыў у горадзе Выбарг. Пасля службы працягнуў вучобу ў Магілёўскім педагагічным інстытуце завочна. З 1960 года працаваў настаўнікам гісторыі ў Ісканскай сярэдняй школе Быхаўскага раёна. Працуючы ў школе, актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю: узначальваў камсамольскую арганізацыю калгаса «Іскра», з’яўляўся членам абкама камсамола. Завочна скончыў універсітэт марксізма-ленінізма. Працуючы прапагандыстам пры партыйнай арганізацыі калгаса «Іскра», меў зносіны з насельніцтвам і чуў шмат цікавых гісторый з жыцця аднавяскоўцаў. Гэта і прымусіла яго заняцца краязнаўствам. З гэтай мэтай пры Ісканскай сярэдняй школе быў створаны клуб «Пошук». У яго працы актыўны ўдзел прымалі таксама настаўнікі і вучні старэйшых класаў. Яны збіралі матэрыял па гісторыі калгаса, вёскі, аб удзельніках абароны і вызвалення вёскі Іскань у гады Вялікай Айчыннай вайны. Таксама арганізоўвалі сустрэчы з землякамі - удзельнікамі вайны, з воінамі 283-яй Гомельскай стралковай дывізіі, якія вызвалялі ў лістападзе 43-га вёску Іскань. Быў сабраны вялікі матэрыял аб партызанскім руху на Быхаўшчыне: атрад «Сямёрка», партызанскае злучэнне «Трынаццаць», Журавіцкі камсамольска-маладзёжны атрад пад камандаваннем Кузьмы Чарненкі. Жадаючы больш даведацца аб гераічным мінулым, члены клуба «Пошук», дзякуючы Шульге Мікалаю Кірылавічу, наведалі гарады-героі: Мінск, Брэст, Маскву, Ленінград, Адэсу, Севастопаль, Наварасійск, Керч. Калі назбіралі шмат матэрыялу, быў створаны школьны музей. Увесь матэрыял афармляўся ў альбомы, размяшчаўся на стэндах музея. Некаторыя яго экспанаты ў цяперашні час знаходяцца ў раённым краязнаўчым музеі.
Мікалай Кірылавіч з’яўляўся таксама пазаштатным карэспадэнтам раённай газеты «Маяк Прыдняпроўя», на яе старонках друкаваліся яго артыкулы аб рабоце клуба. Па выніках даследавання на Усесаюзным слёце клуб «Пошук» заняў 3-е месца і быў узнагароджаны турыстычнай амуніцыяй і Граматай за подпісам маршала Баграмяна.
Памёр Мікалай Кірылавіч 22 красавіка 1979 года.
ПУБЛІКАЦЫІ М. ШУЛЬГІ
- 332. Шульга, М. Біяграфія аднаго калгаса : [калгас «Іскра»] / М. Шульга // Маяк Прыдняпроўя. — 1969. — 25 снежня. — С. 2.
- 333. Шульга, М. Гісторыя аднаго пошуку : [чэшскі грамадзянін Пол Тэадор, які змагаўся з нямецкімі захопнікамі на Быхаўшчыне] / М. Шульга // Маяк Прыдняпроўя. — 1974. — 16 красавіка. — С. 3.
- 334. Шульга, М. Гэта наша з табою зямля, гэта наша з табой біяграфія : [з гісторыі стварэння калгаса «Іскра»] / М. Шульга // Маяк Прыдняпроўя. — 1999. — 20 лістапада. — С. 1—2, 6.
- 335. Шульга, М. Да лепшага жыцця ішлі мы разам : [гісторыя стварэння Ісканскай базавай школы] / М. Шульга // Маяк Прыдняпроўя. — 1999. — 24 лістапада. — С. 2—3.
- 336. Шульга, М. Імёны на помніку : [лёс воінаў, загінуўшых і пахаваных у брацкай магіле в. Іскань] / М. Шульга // Адкрытая кніга Быхаўшчыны. — Вып. 1. — Быхаў, 1973. — С. [2].
- 337. Шульга, М. Клуб «Пошук» : [краязнаўчы клуб «Пошук» Ісканскай васьмігадовай школы] / М. Шульга // Маяк Прыдняпроўя. — 1970. — 5 снежня. — С. 4.
- 338. Шульга, М. На агнявых рубяжах 1941 года : [абарончыя баі на Быхаўшчыне] / М. Шульга // Адкрытая кніга Быхаўшчыны. — Быхаў, 1974. — Вып. 2. — С. [9—11].
- 339. Шульга, Н. Наздар, товарищ Теодор! / Н. Шульга // Знамя юности. — 1974. — 9 мая.
- 340. Шульга, М. Служаць Радзіме ісканцы / М. Шульга // Маяк Прыдняпроўя. — 1971. — 14 снежня.
- 341. Шульга, М. Паядынак / М. Шульга // Піянер Беларусі. — 1975. — 16 лістапада.
ЛІТАРАТУРА АБ ЖЫЦЦІ І ТВОРЧАСЦІ М. ШУЛЬГІ
- 342. Коласаў, М. Аўтарытэт старэйшыны / Мікола Коласаў // Маяк Прыдняпроўя. — 2013. — 3 красавіка. — С. 2.
- 343. Рыхлоў, М. Гэтым і жыву / М. Рыхлоў // Маяк Прыдняпроўя. — 1989. — 4 мая. — С. 3.
- 344. Ткачоў, В. Два лісты да брата : [аб краязнаўчай дзейнасці М. К. Шульгі] / Васіль Ткачоў // Маяк Прыдняпроўя. — 1998. — 21 студзеня. — С. 2—4.