Календарь знаменательных дат
В условиях сложившейся санитарно-эпидемиологической ситуации консультации нотариуса теперь будут проводиться каждый 2-й вторник месяца по телефону +375 2231 71599 с 15.00 до 16.00.

Ад складальнікаў

«Глыбока перакананы, што краязнаўства – не спецыяльнасць, не прафесія, а, кажучы словамі У. І. Даля, «уласцівасць душы», краязнаўца – захавальнік памяці».

Аляксеенка М. У.

Быхаўскія краязнаўцы – захопленыя даследчыкі мінулага роднага краю. Яны шмат зрабілі, каб мы, землякі, лепш ведалі жывую гісторыю сваёй малой радзімы, разумелі, як змянілася яе аблічча з цягам часу, каб памяталі людзей, якія складаюць гонар Быхаўшчыны.

Біябібліяграфічны паказальнік прысвечаны тым, хто дапамагае пазнаць, зразумець, палюбіць гісторыю свайго краю, родныя мясціны. Ён знаёміць з мясцовымі краязнаўцамі мінулага і сучаснасці: краязнаўцамі-аматарамі, музейнымі работнікамі, журналістамі, настаўнікамі, супрацоўнікамі дзяржаўных арганізацый, прафесійная дзейнасць або сфера інтарэсаў якіх звязаны са зборам, назапашваннем і захаваннем інфармацыі пра Быхаўскі край.

Дадзенае выданне створана з мэтай павышэння цікавасці да гістарычнай і культурнай спадчыны Быхаўшчыны, прыцягнення ўвагі да сучаснага стану краязнаўства і маладаследаваных тэм, прадстаўлення бібліяграфіі прац мясцовых краязнаўцаў. Пры стварэнні паказальніка складальнікі імкнуліся як мага больш поўна адлюстраваць краязнаўчыя крыніцы.

Паказальнік змяшчае біяграфічную і бібліяграфічную інфармацыю. Біяграфічная частка знаёміць з жыццём і дзейнасцю мясцовых краязнаўцаў і асноўнымі тэмамі даследавання, у якасці ілюстрацый размешчаны фотаздымкі даследчыкаў.

Бібліяграфічная частка змяшчае асобна выдадзеныя працы, публікацыі ў зборніках і перыядычных выданнях. Размяшчэнне матэрыялу падаецца ў алфавітным парадку прац даследчыкаў, літаратура аб жыцці і творчасці краязнаўцаў размешчана ў алфавітным парадку аўтараў і загалоўкаў артыкулаў.

Пры стварэнні паказальніка выкарыстоўваліся: даведачна-бібліяграфічны апарат і краязнаўчы фонд цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Б. В. Стральцова, электронныя каталогі Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна, бібліятэкі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, матэрыялы дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласці, а таксама Інтэрнэт-рэсурсы.

Бібліяграфічнае апісанне матэрыялаў зроблена ў адпаведнасці з ГОСТ 7.1-2003 «Библиографическая запись. Библиографическое описание. Общие требования и правила составления» і сучаснымі нормамі арфраграфіі. Выключэннем з’яўляецца бібліяграфічны запіс № 18, у загалоўку якога захавана арфаграфія аўтара. Звесткі, запазычаныя з дадатковых крыніц або сфармуляваныя на аснове аналізу дакументаў, прыводзяцца ў квадратных дужках. На дакументы, назва якіх не адлюстроўвае змест, складзены анатацыі.

Для зручнасці размешчаны дапаможныя паказальнікі: імянны і геаграфічны. Імянны паказальнік уключае прозвішчы і ініцыялы аўтараў, рэдактараў, складальнікаў – усіх асоб, якія змешчаны ў бібліяграфічных апісаннях.

Усе прозвішчы размешчаны ў адзіным алфавітным парадку. Пасля прозвішча і ініцыялаў указаны нумар бібліяграфічнага запісу. У геаграфічным паказальніку ў алфавітным парадку прыводзяцца назвы геаграфічных аб’ектаў, якія згадваюцца ў бібліяграфічных апісаннях, з указаннем адпаведных пазіцый.

Выданне будзе карысным для краязнаўцаў, супрацоўнікаў архіваў, музеяў, бібліятэк, студэнтаў, навучэнцаў сярэдніх навучальных устаноў, настаўнікаў і ўсіх тых, хто цікавіцца гісторыяй Быхаўшчыны.

ru be en