Календарь знаменательных дат

Каждый 2-й вторник месяца в Публичном центре правовой информации центральной районной библиотеки им. Б.В.Стрельцова оказываются бесплатные консультации нотариуса.

ru be en

Рэлігійнае жыцце ў краі

Рэлігійнае жыцце на Быхаўскай зямлі мае багатую духоўную спадчыну. На тэрыторыі Быхаўскага раена пражываюць вернікі ў асноўным хрысціянскай праваслаўнай канфесіі. На тэрыторыі раёна размешчаны: царква 19 ст. у в.Балонаў Сялец (драўляная пабудова), царква Казанскай Божай маці(1904г.) у в. Баркалабава (мураваная пабудова), Троіцкая царква 19 ст. у г.Быхаве (драўляная пабудова), у 1994г. адчынена новая Свята-Успенская мураваная царква у в.Мокрае замест згарэўшай драўлянай. У в.Лубянка захаваліся рэшткі нядзеючай царквы пачатку 20 ст. (драўляная пабудова). У г.Быхаве захаваўся помнік пачатку 17ст. – будынак сінагогі.


Будынак сінагогі

Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі цэрквы былі зачынены, выкарыстоўваліся як гаспадарчыя пабудовы. Адчынены некаторыя з іх былі толькі у гады Вялікай Айчыннай вайны. З 1941г. узнавіла сваю працу Быхаўская царква (свяшчэннік Лапін Іван Лукіч), з 1942г.-Макранская царква (свяшчэннік Клінцаў Майсей Ерамеявіч), Глухская царква (свышчэннік Клінцаў Стэфан Лазаравіч).

Свята-Узнясенскі жаночы манастыр Бабруйскай епархіі ў вёсцы Баркалабава

На поўдзень ад в. Баркалабава, на адлегласці 1 км. захаваліся руіны старажытнага жаночага манастыра. Манастыр пачаў дзейнічаць у 1633 г. У 1924 г. ён быў закрыты. Гэта – вядомы куток багатай і каштоўнай духоўнай і культурнай спадчыны. Манастыр размяшчаўся на невысокім пагорку, узнесяным над бяскрайнімі лугамі, непадалёку ад Дняпра. З аднаго боку да яго прытулілася глыбокае возера Старык, з другіх яго абдымаюць рачулкі вусця Лахвы. Заснавальнік в. Баркалабава і замка (1564 г.) Баркулаб Корсак пабудаваў у вёсцы і наваколлі тры царквы, затым будуецца мужчынскі манастыр і, нарэшце, жаночы. У 1583 г., пасля шлюбу яго дачкі Евы Баркулабаўны з князем Б. Саламярэцкім, вёска і замак сталі княжыцкім ўладаннем. Баркалабава становіцца культурным цэнтрам прыдняпроўскага краю. Тут набыта вядомая ва ўсёй Рэчы Паспалітай бібліятэка. У Баркалабаве створаны найвыдатнейшы помнік беларускай нацыянальнай культуры “Баркалабаўскі летапіс”.

У князя Саламярэцкага ў той час жылі і працавалі хатнімі настаўнікамі выдомыя асветнікі і грамадска-палітычныя дзеячы. Велізарная дзейнасць М. Сматрыцкага па абароне і аднаўленню праваслаўя ў нашым краі. За гэта ён праследаваўся ўладамі Рэчы Паспалітай, яму прышлося хавацца ад праследаванняў за мяжой і ў Баркалабаве. М. Сматрыцкі адным з першых павёў рашучую барацьбу з паланізацыяй роднага краю. Ён аказаўся ў цэнтры грамадска-рэлігійнага руху і ўпартай барацьбы “русінаў” (так ён называў беларусаў) за раўнапраўнае існаванне. У гэты час М. Сматрыцкі піша разам з многімі іншымі творамі сваё галоўнае сачыненне “Трэнас”, альбо “Ляманш усходняе царквы”, дзе ад імя маці-царквы, якая сімвалізавала прыгнечаную радзіму, заклікаў беларускі, рускі і украінскі народы да аб’яднання супраць каталіцызму, да змагання за свае правы.

К гонару заснавальніка баркалабаўскага замка Б. Корсака і яго нашчадкаў яны не здрадзілі духоўным народным традыцыям, роднай мове, праваслаўнай веры, настойліва змагаліся за свае погляды. Вось чаму Б. Корсак адразу ж будуе ў вёсцы і наваколлі праваслаўныя царквы, князем Саламярэцкім была закладзена у 1594 г. царква ў гонар Георгія Пераможца. Яны выступілі фундатарамі праваслаўных братстваў у Магілёве, Мінску, Кіеве, падтрымлівалі Куцвінскі, Буйніцкі манастыры.

У 1626 г. ужо дзеці князя Саламярэцкага Багдан і Алена, настаўнікам якіх быў М. Сматрыцкі, будуюць мужчынскі праваслаўны манастыр, ва ўласнасць якога даруюць вёскі Сутокі і Малахава. Праз некаторы час князёўна Алена Саламярэцкая, уступіўшы ў шлюб з Багданам Сташкевічам, пагаджаецца з ім аб будаўніцтве жаночага манастыра. У 1641 г. Б. Сташкевіч атрымлівае “фундуш на Баркалабаўскі манастыр”. Стаўшы фундатарам манастыра, ён даруе ва ўласнасць яму зямельныя ўгоддзі, вадзяны млын і права лавіць рыбу ў Дняпры да быхаўскай мяжы. І хоць князёўна ў хуткім часе памёрла, муж здзяйсняе сумесны дадзены зарок: паўднёвей мястэчка Баркалабава, у маляўнічым кутку паблізу Дняпра ва ўрочышчы Барок падняла к небу свае пяць пазалочаных купалоў прыгажэйшая і велічэзная Саборская царква. Пазней выраслі высачэзная званіца-брама, мураваная агароджа і іншыя пабудовы ў дадатак да раней пабудаванай зімовай царквы. Баркалабава ператварылася ў магутны бастыён праваслаўя.

Баркалабаўскі Свята-Вазнясенскі жаночы манастыр каля трохсот гадоў быў важнейшым духоўным і культурным цэнтрам ва ўсёй ўсходняй Беларусі і адыграў выдатную ролю ў духоўным і маральным узбагачэнні народа, у станаўленні маладой беларускай нацыянальнай культуры.

Манастыр аказаў вялікі ўплыў на насельніцтва навакольных вёсак. У манастыры дзейнічала школа, дзе з 1884 г. пачалі навучэнне 20 дзяўчынак, мясцовыя дзяўчата спявалі ў царкоўным хоры, у манастырскім прытулку ўтрымліваліся дзеці-сіроты. Прывівалася любоў да кніг, навыкаў дамашняга чытання. Тут канцэнтраваліся веды па зямельнай справе, агранаміі, сялекцыі раслін. Самі манахіні працавалі на зямлі, даглядалі жывёл.

Так здарылася, што на рубяжы 17-18 ст. прыярытэт Баркалабава ў краі стаў страчвацца. У 1685 г. дачка тагачаснага гаспадара мястэчка Узабэла Палубянскага вышла замуж за Е. Сапегу і замак у якасці прыданага перайшоў да яго. Паступова сталі заняпадаць замак і мужчынскі манастыр, затым яны зусім зніклі. Толькі жаночы манастыр продаўжаў працьвітаць і развівацца, прыносячы славу вёсцы Баркалабава.

На працягу доўгай сваёй гісторыі манастыр спасціглі і часы ліхалеццяў. У 1648 – 1654 гг. сюды часта наведваліся казацкія атрады і рускія войскі, якія ў наваколлі вялі баі з войскамі Рэчы Паспалітай. У 1708 г. шведы сталі лагерам пад сценамі манастыра. Тут ішлі жорсткія баі. У 1812 г. прышлося перажыць нашэсце французскай арміі. У гады 1-й сусветнай вайны манастыр праявіў міласэрнасць к шматлікім бежанцам, якіх фронт прымусіў пакінуць свае абжытыя месцы. Не адзін з іх знайшоў тут прытулак.

Многія падзеі, якія адбываліся ў манастыры сталі легендамі. Яны жывуць у народзе і ў цяперашні час. Пасля вайны ў Польшы і Літве ў 1659 г. ехаў князь Пажарскі з пахода праз Баркалабава. Ён браў з сабою ікону Божай Маці. Калі ж прышоў час рухацца з дадзенага месца каля вялікай брамы манастыра, ікона тады не дазволіла зварухнуцца. Колькі не падганялі каней, яны павозку не скранулі. Так цудадзейная ікона Божай Маці навечна стала Баркалабаўскай. Пасля закрыцця манастыра вернікі схавалі яе, доўга захоўвалі, пасля Вялікай Айчыннай вайны перадалі яе ў Свята-Троіцкую царкву г. Быхава. Свята іконы адзначаецца 24 ліпеня.


Баркалабаўская ікона Божай Маці

У 1924 г. Баркалабаўскі жаночы манастыр быў закрыты. Але багаслужэнні ў царквах ішлі амаль да канца 20-х гадоў, пакуль не былі знесены з іх волаты-званы і пазалочаныя крыжы разам з купаламі. Знос купалоў праводзіўся пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле камуністаў і камсамольцаў Сарочанскай камуны. Свяшчэннік быў рэпрэсіраваны. У ранейшай трапезнай размясціўся Баркалабаўскі сельскі савет. У 1929 г. былы выхаванец манастырскага прытулку Раманчук Кірыл арганізаваў тут першы на Баркалабаўскай зямлі калгас “Чырвоны барацьбіт”. Цэрквы сталі клубамі, у іх выступалі прыезжыя артысты, часта паказвалі кінафільмы. Затым яны выкарыстоўваліся ў якасці складаў.

У пачатку 30-х гадоў манашаскія келлі занялі беспрытульнікі і дзеці-сіроты: на месцы манастыра з’явіўся Баркалабаўскі дзіцячы дом. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён быў эвакуіраваны на ўсход. Пасля вызвалення дзіцячы дом быў адноўлены і праіснаваў да сярэдзіны 60-х гадоў, калі ён быў расфарміраваны. Потым у манастырскіх пабудовах размясцілі ўчастковую бальніцу, аптэку і амбулаторыю. Але ў канцы 70-х бальніцу закрылі. У сярэдзіне 80-х тут пачаў дзейнічаць міжкалгасны піянерскі лагер “Светлячок”.

У пачатку 90-х гадоў наступіў апошні перыяд гісторыі Баркалабаўскага жаночага манастыра. Адбылося непрадбачнае: мясцовыя жыхары зруйнавалі манастыр. Усе будынкі разрабавалі, расцягнулі да апошняй шчэпкі, да апошняга кавалка цэглы або камня, праляжаўшых у зямлі каля 400 гадоў.

У 1993 г. у в. Баркалабава праводзілася ўсебеларускае свята Купалле з ўдзелам дэлегатаў першага з’езда беларусаў свету. Да гэтага дня на месцы манастыра паставілі драўляны крыж з невялічкай копіяй іконы Баркалабаўскай Божай Маці. Яго асвяціў архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Максім . Крыж з’яўляецца напамінкам аб тым, што калісці тут была праваслаўная святыня – жаночы манастыр.

На пасяджэнні Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ў чэрвені 2008 года было прынята рашэнне аб адраджэнні Свята-Вазнясенскага жаночага манастыра ў вёсцы Баркалабава. Праз некалькі дзён пасля прыняцця лёсавызначальнага рашэння аб адраджэнні манастыра 16 чэрвеня 2008 года ў Баркалабава з'явіліся 9 манашак на чале ігуменняй Антоніяй, якія прыбылі з аршанскага Свята-Успенскага жаночага манастыра. З гэтага моманту пачынаецца сучасная гісторыя адраджэння манастыра. Старажытны манастыр да свайго разбурэння меў два храмы, адзін з якіх меў прыбудаваную званіцу. Цяпер ужо адноўлена царква ў гонар святога Іаана Прадцечы. Гэта першы храм манастыра пабудаваны з сучасных матэрыялаў з выкарыстаннем новых тэхналогій. 13 мая 2010 года аднощлены храм быў асвечаны. А ўжо 24 ліпеня 2010 г. адбылося знамянальная падзея Бабруйскай епархіі - перанясенне цудатворнага абраза "Баркалабаўская" з Быхава ў адроджаны манастыр.

У 2013 годзе напярэдадні свята Божага Нараджэння Хрыстова ў жыцці манастыра адбылася важная падзея: сюды прыйшоў прыродны газ.

Паміж вёскамі Уюн і Гамарня, за рачулкай Уюнком знаходзіцца святая мясціна пад назвай Захаранка. Некалі тут стаяла царква, якую падмывалі падземныя плыні, і на месцы храма ўтварыўся дрыгавісты яр, дзе бруілі тры крыніцы. Дзве з іх зацягнула жвірам, адна ж працягвала несці гаючую ваду. Існуе меркаванне, што ўяўленная царква была з імем святога Захарыя, адкуль і паходзіць назва – Захаранка. Як вядома з вуснаў вучоных, гаючыя якасці вады крыніцы аказваюць дапамогу людзям хворым на сэрца, старажылы раяць так сама прамываць ёй вочы. Вада, узятая з Захаранкі, можа доўгі час не псавацца ў пасудзе, што не дадзена звычайнай вадзе з кранаў ці калодзежаў. Цяжкі лёс нападкаў Захаранку ў часы атэізму. Каплічка на месцы, дзе некалі стаяла царква, развалілася, абразкі былі выкінутыя пад адкрытае неба, іх падабрала Ганна Рыгораўна Новікава, якая потым з’яўлялася “гаспадыняй” Захаранкі.

5 чэрвеня 1994 г., у дзень памяці нябеснай заступніцы Беларусі Ефрасінні Полацкай, Захаранка дачакалася свайго аднаўлення. Тут адбыўся малебен і асвячынне адбудаванай Свята-Іллінскай капліцы і трох крыніц. Адраджэнне Захаранкі праходзіла ўрачыста. Адбыўся крэстны ход. Захаранку ў гэты дзень наведалі святары з Быхава і Магілёва. Прысутнічалі адказныя творчыя работнікі Міністэрства культуры Н. С. Загорская, М. А. Масюкоў, М. Ф. Макарцоў.

24 ліпеня 2005 г. у Свята – Троіцкай царкве прайшла ўрачыстая літургія ў гонар Баркалабаўскай іконы Божай Маці ў саслужэнні святароў Магілёўскай і Бабруйскай епархіі. Святкаванні пачаліся 23 ліпеня, у 7 гадзін раніцы, крэсным ходам ад сцен Свята-Мікольскага манастыра г. Магілёва. Паломнікі ішлі праз Буйнічы, Салтанаўку, Сялец, Собалеўку, Навасёлкі, Дашкаўку, Стайкі, Лядо, Баркалабава, Сапяжынку і раніцай 24 ліпеня, прыбылі да царквы г. Быхава. Крэсны ход узначаліў айцец Сергій Белавус. Па яго словам, у кожным населеным пункце, праз які ішлі паломнікі, былі адслужаны малебны, наведаны свяшчэнныя мясціны, гістарычныя славутасці. У першую чаргу, гэта датычыцца Салтанаўкі, Дашкаўкі, Лядо, Баркалабава. У Свята-Троіцкай царкве святочныя ўрачыстасці пачаліся вечарам у суботу, 23 ліпеня. Іх узначаліў Прэасвяшчэннейшы Пётр, епіскап Бабруйскі і Быхаўскі. Удзел ва ўрачыстасцях у гонар Баркалабаўскай іконы Божай Маці прынялі так сама епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, протаіярэй, дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі Георгій Сакалоў, старшыня райвыканкама В. В. Шкапцоў. Пасля Боскай Літургіі святары і веручыя здзейснілі некалькі святочных крэсных хадоў вакол царквы з малебнымі спевамі і чытаннем акафіста Божай Маці. У акружэнні прадстаўнікоў духавенства, шматлікіх палітыкаў з Мінска, Магілёўскай і Гомельскай вабласцей, прыхаджан, гасцей Баркалабаўская ікона Божай Маці (копія) была дастаўлена да чыгуначнага вакзала, адкуль разам з веруючымі на дызель-цягніку адпраўлена у храм Трох Свяціцеляў г.Магілёва.

3 лютага 1993г. настаяцелем Свята-Троіцкага храма г.Быхава з’яўляецца Айцец Мікалай (Паўловіч Мікалай Іванавіч). За час свайго служэння ён шмат зрабіў для паляпшэння знешняга выгляду будынка царквы, пабудаваў нядзельную школу для дзяцей.


Свята-Троіцкі храм

У 2011 годзе правадзіўся фестываль праваслаўнай культуры “Кладзезь”.

Літаратура:

1. Андреев, С. Пришло тепло в обитель / С. Андреев // Маяк Прыдняпроўя.- 2013.- 5 студзеня.

2. Антонаў,С. Выпрабаванне веры. /С.Антонаў // Маяк прыдняп.- 1993- 28 жн.

3. Иерей Алексий Болотов, иерей Валентин Вайтусенок Барколабовская обитель. Возрождение Свято-Вознесенксого женского монастыря Бобруйской Епархии в деревне Барколабово / Иерей Алексий Болотов, иерей Валентин Вайтусенок.- Бобруйск: Приход кафедрального собора Святителя Николая Чудотворца города Бобруйска, 2009.- 26с.

4. Куляшова,Г. Баркалабаўскі бастыён праваслаўя. / Г.Куляшова // Маяк прыдняп.- 2001- 28 сакав.- С.3.

5. Макарцоў,М. Голас святой Захаранкі. / М.Макарцоў // Белорус. нива.-2004.-10 апр.- С.14.

6. Петровская,Л.Во исцеление страждующих. / Л.Петровская // Маяк прыдняп.-2005-27 ліп.- С.1.

7. Сатвалдиева,С. Под покровом Богородицы. / С.Сатвалдиева // Маяк. Прыдняп.-2005-20 ліп.-С.4.

8. Свято-Вознесенский женский монастырь Бобруйской Епархии в деревне Барколабово.- Бобруйск: Приход кафедрального собора Святителя Николая Чудотворца города Бобруйска, 2011.- 32с.

9. Левченко, С. Торжество добра и мира/ С. Левченко// Маяк Прыдняпроўя.- 2011.- 12 лютага.- С. 1.