Календарь знаменательных дат

Каждый 2-й вторник месяца в Публичном центре правовой информации центральной районной библиотеки им. Б.В.Стрельцова оказываются бесплатные консультации нотариуса.

ru be en

110 лет Центральной районной библиотеке им. Б.В.Стрельцова

Корзо Наталья Александровна, стаж работы в сети с 1979г. по 2018г., директор с 1994г. по 2018г.

Антоненко Валентина Яковлевна, библиотекарь Краснобережской сельской библиотеки с 1968г. по 2008г.

Судкова Валентина Николаевна, библиотекарь Черноборской сельской библиотеки с 1970г. по 2001г.

Крамачева Елена Георгиевна, стаж работы в сети с 1975г. по 2014г.

Абросимова Наталья Владимировна, стаж работы в сети с 1974г. по 2015г.

Самуйлова Таисия Николаевна, библиотекарь Обидовичской сельской библиотеки с 1977г. по 2014г.

Середина Елена Викторовна, библиотекарь центральной районной библиотеки с 1975г. по 2013г.; Супранкова Галина Ивановна, стаж работы в сети с 1976г. по 2013г.

Юбілейныя нататкі Міколы Леўчанка, журналіста і пісьменніка, ганаровага грамадзяніна Быхаўскага раёна і ганаровага чытача Быхаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

У СУЛАДДЗІ З ЖЫЦЦЁМ І ЧАСАМ

Хутка бяжыць час. Не, не бяжыць, а ляціць нябачнаю птушкаю над лугамі і палеткамі, лясамі і пералескамі, рэкамі і азёрамі нашага прыгожага Прыдняпроўскага краю, крыляе над ім, лунае, а затым зноў набірае хуткасць, пакідаючы нам, яго жыхарам, самыя розныя падзеі, набыткі, памкненні, надзеі.

У суладдзі з ім, у паўсядзённых клопатах жывуць, працуюць, ствараюць ды пакідаюць пасля сябе адметныя сляды сваім нашчадкам руплівыя, таленавітыя людзі, чые велічныя справы занатаваны ў шматлікіх публікацыях, у дакументальна-мастацкіх творах, карцінах, вершах і песнях, у вядомай кожнаму з нас гісторыка-дакументальнай кнізе-хроніцы “Памяць. Быхаўскі раён”. Іх заўсёды можна ўзяць для карыстання ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, яе сетцы.

Асабіста я стаў чытачом напрыканцы 1974 года, калі прыехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Быхаў, пачаў працаваць карэспандэнтам газеты “Маяк Прыдняпроўя”. Тагачасны рэдактар мясцовага выдання, выдатнік друку СССР і Беларусі Георгій Барысаў адразу параіў запісацца ў бібліятэку, абавязкова звярнуць увагу на творы класікаў беларускай літаратуры, на папулярных тады паэтаў і празаікаў Аркадзя Куляшова, Аляксея Пысіна, Івана Мележа, Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Івана Чыгрынава, які, калі вучыўся на журфаку Белдзяржуніверсітэта, праходзіў у нашай газеце практыку, на некаторых іншых творцаў. Абавязкова, напэўна, таму, што “раёнка” выходзіла толькі на роднай матчынай мове, а я нядаўна звольніўся ў запас са службы ў Групе савецкіх войскаў у Германіі. Зразумела, што беларускамоўных кніг у тамашніх армейскіх бібліятэках не было. На кніжных паліцах дзе-нідзе стаялі толькі творы беларускіх аўтараў у перакладе на рускую мову. І кіраўнік нашага творчага калектыву пасля шчырай размовы са мной гэта ведаў.

Я спаўна скарыстаў ягоную параду. А выбраць правільны курс у вялікім кніжным моры дапамаглі, як вы ўжо здагадаліся, супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі. Успамінаю самымі добрымі словамі сваіх тагачасных бібліятэкараў-лоцманаў Марыю Таўдуль, Ганну Маціевіч, Вольгу Валасевіч, Людмілу Кавалёву, з якімі меў найбольш цесныя стасункі. Асабліва з Кавалёвай. Абаяльная, камунікабельная, вельмі ўважлівая да чытачоў Людміла Рыгораўна азнаёміла мяне з наяўным кніжным фондам, паказала кнігасховішча, а ў далейшым рэгулярна інфармавала аб паступаючых у бібліятэку новых літаратурных творах, коратка апавядаючы пра іхні змест.

Калі тая форма работа з чытачамі захавалася і цяпер, буду вельмі рады за сённяшніх кнігакарыстальнікаў. Значыць лепшыя, апрабаваныя жыццём напрацоўкі ветэранаў бібліятэчнай справы знайшлі годны працяг у наступнага старэйшага і маладога пакаленняў калег.

У абойме актыўных чытачоў, якія не толькі карыстаюцца кніжным фондам, а і цесна ўзаемадзейнічаюць, супрацоўнічаюць на грамадскіх пачатках з калектывам гэтай установы культуры знаходжуся і я. Разам мы да нядаўняга часу пастаянна ладзілі самыя розныя мерапрыемствы, праводзілі прэзентацыі кніг, сустракаліся з навучэнцамі не толькі гарадскіх, але і сельскіх школ. Асабліва ў час патрыятычна-выхаваўчых акцый з нагоды розных знамянальных юбілейных датаў. З Таццянай Каржовай, Наталляй Чарняўскай, Аксанай Дрозд, Валянцінай Зайкінай, Наталляй Корза некаторымі іншымі бібліятэкарамі, да якіх, акрамя мяне, далучалася пры жыцці непаседлівая Марына Кравец, а пасля яе — сённяшні кіраўнік ветэранаў раёна Міхась Казлоў пабывалі ва ўсіх установах адукацыі горада, і не па аднаму разу, а таксама ў Вараніноўскай базавай школе, у Гадылёўскім, Следзюкоўскім, Грудзінаўскім, Смаліцкім, Абідавіцкім, Лудчыцкім , Баркалабаўскім, Макранскім, Глухскім вучэбна-педагагічных комплексах.

Трымаў і трымаю пастаянную сувязь з прафсаюзнымі лідарамі галіны. Раней — з Наталляй Абросімавай, якая загадвала бібліятэкаю мікрараёна Быхаў-1, зараз — з Аленай Масцярковай, якая загадвае бібліятэкаю мікрараёна Колас, бо па- ранейшаму з’яўляюся членам прафсаюза пярвічнай арганізацыі рэдакцыі газеты “Маяк Прыдняпроўя”, якой прысвяціў амаль 46 гадоў свайго насычанага падзеямі вялікага працоўнага жыця. І тады, і цяпер удзельнічаю ў розных мерапрыемстах, куды мяне запрашаюць.

У сваіх кароткіх успамінах не маю магчымасці ўсё падрабязна апісаць, усіх успомніць. За гэта прашу прабачэння. Але я па-ранейшаму шаную кожнага, з кім давялося рабіць шмат карысных спраў, ствараць пры іх дапамозе і актыўным удзеле летапіс нашай роднай Быхаўшчыны, нашага слаўнага Прыдняпроўскага краю. За гэта ўсім вельмі ўдзячны, ўсіх шчыра абдымаю і ад душы віншую з 110-годдзем заснавання вашай — не, нашай! — цэнтральнай раённай бібліятэкі, якая, нягледзячы на вельмі сталы ўзрост, не старэе, а маладзее. Як і яе дружны, творчы калектыў.

Час незваротны. Гэта — аксіёма. Але ёсць яшчэ такое паняцце, як чалавечая памяць. Менавіта ёй, і толькі ёй, уласціва выдатная магчымасць занатоўваць, захоўваць не толькі самыя значныя, але і іншыя падзеі розных гадоў, пры неабходнасці адкруціць іх, быццам кінастужку, каб, як на дакументальных кадрах кінахронікі, ўзнавіць тыя падзеі, прааналізаваць, з нечым параўнаць, а затым пераканацца ў неаспрэчнай народнай мудрасці: “Жыццё пражыць — не поле перайсці!”. Гэта я зараз і зрабіў. Болей таго, напісаў некалькі жартоўны верш-пажаданне, які і прапаную вашай увазе.

Далёка Мінск і слынная Няміга —
Адна са зніклых старажытных рэк,
Ды побач ёсць яе вялікасць Кніга,
Стваральнік самы рупны — чалавек.
Ёсць на плячы Дняпра прыгожы Быхаў,
Дзе ўлетку шэпт садоў, птушыны грай.
Прысядзь з дарогі, адпачні тут крыху,
І ўсміхнецца ветла неба край.
Тады забудзеш стому, нават лекі,
Што ёсць у магазіне хлебны квас,
А пойдзеш да дзвярэй бібліятэкі,
Каб там з карысцю бавіць вольны час.
Пабачыць кнігі, розныя выставы,
Пагутарыць, пашырыць кругагляд.
У пойме над ракою шэпчуць травы,
Туманіць, ружавее далягляд.
Нясуць кудысьці свае воды рэкі,
Не спыняць, хоць прасі альбо крычы.
Уславяць назаўжды бібліятэкі
Удзячныя заўсёды чытачы.
Яны сустрэчы кожнай будуць рады,
У кожнай свой пазначаны матыў.
Любові адчуванне і спагады
Дае пазнаць грунтоўна калектыў.
З ім сумаваць ніхто ніяк не будзе,
Калі не стане клубаў, дыскатэк.
Любіце і чытайце кнігі, людзі,
Не абыходзьце вы бібліятэк!

З нагоды юбілею лічу сваім абавязкам успомніць выдатнага беларускага вучонага ў галіне журналістыкі, кандыдата гістарычных і доктара філалагічных навук, прафесара і заслужанага дзеяча культуры Беларусі, аўтара многіх падручнікаў для студэнтаў ВНУ, а таксама кніг апавяданняў і навел “Наследнікі”, “Вячэрняя планета”, “Чарадзейны туман”, “Сходзяцца бальшакі і прасёлкі”, рамана “Між крутых берагоў” і аўтабіяграфічнай аповесці “Метраном памяці” Барыса Стральцова, чыё імя носіць наша цэнтральная раённая бібліятэка з 2013 года. Тады, у Дзень беларускага пісьменства, на ўваходзе ў РЦК і з левага яго боку ўрачыста адкрылі мемарыяльную дошку з выяваю нашага слыннага земляка, які нарадзіўся ў вёсцы Хутар.

Я добра ведаў гэтага цудоўнага чалавека, бо ён падчас вучобы на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта чытаў нам лекцыі па тэорыі і практыцы сучаснай журналістыкі, затым вёў спецкурс, быў навуковым кіраўніком і рэцэнзентам маёй дыпломнай работы “Героі сярод нас”, у аснову якой, акрамя тэарэтычнай часткі, ляглі працоўныя будні ардэнаносцаў нашай роднай Быхаўшчыны. Так што сышліся з ім тады вельмі блізка. Тым болей, што мой настаўнік служыў некалі ў Групе савецкіх войскаў у Германіі, дзе потым служыў і я. Толькі ён у артылерыі, а я ў танкавых войсках. У розныя часы да таго ж супрацоўнічалі з тамашняй акруговай газетай “Советская Армия». Вось чаму нам заўсёды было што ўспомніць, аб чым пагаманіць. І тыя шчырыя размовы я незабуду ніколі. Як і тысячы ягоных удзячных вучняў.

Комментарии