Стральцоў Барыс Васільевіч
(01.03.1926-18.10.2009)
Беларускі публіцыст, пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь,
кандыдат гістарычных навук,
доктар філалагаічных навук, прафесар
Нарадзіўся Барыс Стральцоў 1 сакавіка 1926 г. у вёсцы Хутар Быхаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Як і многія сялянскія хлопчыкі, заняткі ў школе ўлетку дапаўняў працай у калгасе. Перад самай вайной скончыў восьмы класс, а ў дзевятым давялося вучыцца ўжо толькі пасля вайны і службы ў войску. Атэстат сталасці ён атрымаў ужо ў Бабруйскай вячэрняй школе. Пра тыя гады распавядае так: “Дзевяты я закончыў у войску, дзе стварылі школу для афіцэраў, якія не мелі сярэдняй адукацыі. Потым дазволілі вучыцца сержантам і старшынам. Гэта цяпер палохаюць: вучыся, а то... Я сам імкнуўся атрымаць веды. Дзесяты клас я закончыў з срэбраным медалём!”. Потым вучыўся на філалагічным факультэце БДУ (1951-1956 гг.). “Я, калі паступаў на завочнае аддзяленне філфака ў 1951 г., ужо працаваў у газеце “Савецкая Радзіма” у Бабруйску. Хутка я зразумеў, што вучыцца завочна – гэта тое ж самае, што і есці завочна, таму перавёўся на стацыянар. Але сапраўдным студэнтам пабыў толькі месяц, бо ўвесь астатні час быў непарыўна звязаны з працай”, – згадвае Б. Стральцоў. Цяжкое матэрыяльнае становішча змусіла яго сумяшчаць студэнцкую лаву з працай: тры гады падчас навучання ён працаваў у газеце “Чырвоная Змена”: “Паколькі на трэцім курсе мяне запрасілі ў газету “Чырвоная Змена” (я пачынаў літаратурным работнікам), то, здаралася, студэнты прыходзілі на практыку да мяне”.
Потым Барыс Васільевіч перайшоў на працу ў “Звязду”: тут ён выконваў абавязкі літсупрацоўніка, загадчыка аддзела літаратуры і мастацтва, адначасова працуючы над кандыдацкай дысертацыяй на тэму “Газета і мараль” (абараніў у 1968 г.). “Я 20 гадоў адпрацаваў у газетах: “Савецкая Радзіма”, “Чырвоная Змена”, “Звязда”... Гэта былі незвычайныя калектывы, дзе адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Атмасфера ў рэдакцыях была сяброўскай, амаль сямейнай, поспехі і гора — агульныя”, — успамінае Барыс Васільевіч.
Расповеды Барыса Васільевіча перадаюць атмасферу таго часу: “У мяне была адна друкарская машынка. Мне не трэба была машыністка, я ўсімі пальцамі працаваў! Калі пісаў нейкі аператыўны матэрыял – сядаў за машынку. Але калі пісаў нешта сур’ёзнае, дзе трэба было засяродзіцца, то ручку ў руку – і наперад! Аднойчы, калі я працаваў у “Чырвонай Змене”, мы з фотакарэспандэнтам цэлы месяц калясілі па Беларусі. Ён фатаграфаваў, я пісаў. Спыняліся ў рэдакцыях. Бывала нават дзе-небудзь у лесе, у “палявых умовах”, ставіў машынку на пень, які замяняў мне пісьмовы стол... Гатовыя матэрыялы перадавалі ў Мінск праз вадзіцеляў аўтобусаў. І за месяц — шаснаццаць рэпартажаў”.
А ў 1969 г. Б. Стральцоў зноў вярнуўся ў БДУ – цяпер ужо як выкладчык факультэта журналістыкі. Напрыканцы таго ж 1969 г. ён узначаліў кафедру тэорыі і практыкі савецкай журналістыкі. Тут па-сапраўднаму раскрыўся яго талент арганізатара і выхавацеля. З імем Барыса Васільевіча звязана станаўленне беларускай журналісцкай навукі, яго манаграфіі і артыкулы ведаюць далёка па-за межамі Беларусі. У 1978 г. Б.Стральцоў абараніў доктарскую дысертацыю, а ў наступным годзе атрымаў званне прафесара. Акрамя настаўніцкай і даследчыцкай працы Б. Стральцоў вядомы і як пісьменнік, аўтар мастацкіх твораў. Яго пяру належаць 4 сцэнарыі дакументальных фільмаў і 5 мастацка-публіцыстычных альбомаў, прысвечаных Беларусі. Дзейнасць Барыса Васільевіча адзначана прэміяй “За адметны ўклад у развіццё журналістыкі” Канфедэрацыі журналісцкіх саюзаў. Акрамя таго, ён адзначаны званнямі заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва (у намінацыі “Журналістыка”).
Творы Барыса Стральцова
Стральцоў, Б. В. Дзесятая пяцігодка ў беларускім нарысе / Б. В. Стральцоў. — Мінск : Выдавецтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, 1980. — 124 с. |
Стральцоў, Б. Рэпартаж першай ночы : апавяданне / Барыс Стральцоў // Маяк Прыдняпроўя. — 2000. — 1 лістапада. |
Стральцоў, Б. Стрэшка над студняй, альбо Пра цыбулінку і рэпку : апавяданне / Барыс Стральцоў // Звязда. — 2009. — 11 сакавіка. |
Стральцоў, Б. В. Сыходзяцца бальшакі і прасёлкі : апавяданні / Б. В. Стральцоў. — Мінск : Беларусь, 1969. — 114 с. |
Стральцоў, Б. В. Чарадзейны туман : абразкі, апавяданні / Б. В. Стральцоў. — Мінск : Беларускі саюз журналістаў, 2000. — 110 с. |
Літаратура аб жыцці і творчасці Барыса Стральцова
Барановский, П. Н. Борис Васильевич Стрельцов: [Борису Стрельцову - 60] / П. Н. Барановкий // Вестник БГУ. – 1986. – №1. – С. 73.
Стрельцов, Б. «Журналистика – это образ жизни…» / Борис Стрельцов // Беларусь. – 2000. – №2.
Был, есть, будет: [о Борисе Васильевиче Стрельцове] // Советская Белоруссия. – 2009. – 20 октября.
Стрельцов, Б. Образ: [беседа с Борисом Стрельцовым] / Борис Стрельцов // Советская Белоруссия. – 2005. – 18 ноября. – С. 18.
Стральцоў, Б. “Журналістыка ў адрыве ад грамадства развівацца не можа”: [гутарка з Барысам Стральцовым] / Барыс Стральцоў; гутарыла Вераніка Панізьнік // Культура. – 2001. – №5.
