Мушынскі Міхаіл Іосіфавіч
(24.01.1931)
Літаратуразнавец, тэкстолаг, крытык
Міхаіл Іосіфавіч Мушынскі - адзін з самых выдатных і знакамітых сучасных беларускіх літаратуразнаўцаў і крытыкаў. Нарадзіўся 24 студзеня 1931 г. у в. Мокрае Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.
Хоць бацька працаваў на чыгунцы, але сям'я, жывучы ў вёсцы, вяла тыповы лад сялянскага жыцця. У 1938 г. Міхась пайшоў у першы клас Макранскай СШ. Вучобу перапыніла вайна. У час вайны сям'я жыла ў роднай вёсцы, а бацька працаваў на ваенным заводзе ў г. Ніжні Тагіл Свярдлоўскай вобласці. Пасля вайны Міхась зноў вучыўся ў Макранскай школе. У 1948 г. здаў экстэрнам экзамены за 8 класаў і быў прыняты ў Быхаўскую СШ №1. Школу скончыў з медалём і ў 1950 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Закончыў вучобу ва ўніверсітэце ў 1955 г. Год працаваў рэдактарам выдавецтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
З 1956 г. М. І. Мушынскі – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Тут пад кіраўніцтвам Міхаіла Іосіфавіча былі выдадзены зборы твораў беларускіх пісьменнікаў І. Мележа, М. Лынькова, М. Гарэцкага, П. Пестрака, З. Бядулі, П. Броўкі, М. Багдановіча, М. Зарэцкага, што, безумоўна, узбагаціла фактычныя ўяўленні зацікаўленага беларускага чытача аб багацці і значнасці духоўнага жыцця ў Рэспубліцы Беларусь. Цяпер ён загадчык аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
М. І. Мушынскі – доктар філалагічных навук (1978 г.), член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991 г.), член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1973 г., лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за ўдзел у напісанні "Гісторыі беларускай савецкай літаратуры" (на рускай мове). Узнагароджваўся бронзавым медалём ВДНГ СССР за манаграфію "Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20-30-я гады". У той час ніводная рэспубліка не мела такіх даследванняў па прычыне ідэйна-палітычных складанасцяў гэтай праблемы. Міхаіл Іосіфавіч не спалохаўся гэтай вельмі сур'ёзнай перашкоды, яго кніга аб'ектыўна-аналітычная. І ў гэтым заслуга яе аўтара.
Усе кнігі М. І. Мушынскага, а іх набіраецца шмат: "Ад задумы да здзяйснення. Творчая гісторыя "Новай зямлі" і "Сымона-музыкі" (1965 г.), "Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Агульны рух і галоўныя тэндэнцыі" (у сааўтарстве з В. Каваленкам і А. Яскевічам) (1972 г.), "Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20-30-я гады" (1975 г.), "Якуб Колас. Летапіс жьцця і творчасці" (1982 г.), "Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я - першая палова 60-х гадоў" (1985 г.), "Каардынаты пошуку. Беларуская крытыка: набыткі і перспектывы" (1988 г.), "І нічога, апроч праўды: якой быць "Гісторыі беларускай літаратуры" (1990 г.), "Нескароны талент. Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага" (1991 г.) - праблемна акадэмічныя. Усе яны рэцэнзаваліся ў розных выданнях многімі аўтарамі, што сведчыць пра ідэйна-эстэтычную актуальнасць іх зместу. Нават першую яго кнігу "Ад задумы да здзяйснення" рэцэнзавалі такія добрасумленныя і баявітыя крытыкі, як Д. Бугаёў і В. Рагойша. Але ён не цураецца і жывога літаратурнага жыцця. Ім напісана больш двухсот артыкулаў пра бягучы літаратурны працэс. І ўсе яны вызначаюцца жывасцю выкладання думкі і вобразнасцю слова. У 2012 г. выйшла новая кніга М. Мушынскага “Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа”.
Шмат гадоў узначальваў М. І. Мушынскі секцыю крытыкі і літаратуразнаўства ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Па актыўнасці дзейнасці і значнасці зробленага секцыя лічыцца адной з самых лепшых. На пасяджэннях ставяцца і абмяркоўваюцца важныя і актуальныя праблемы сучаснага літаратурнага жыцця, удзяляецца належная ўвага выхаванню літаратурнай моладзі.
Праблема выхавання маладой змены крытыкаў і літаратуразнаўцаў звязана і з іншымі творчымі лініямі жыццёвага лёсу М. І. Мушынскага. Ён член Спецыяльнага савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі і Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе часта выступае ў якасці арбітра ў вызначэнні навуковай якасці даследаванняў маладых вучоных. Мушынскі цесна супрацоўнічае з Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй, якая заклікана правяраць навуковую каштоўнасць прац, якія абараняюцца ў якасці дысертацый.
Любімымі творчымі асобамі для даследавання іх літаратурнай спадчыны з'яўляюцца ў Міхаіла Іосіфавіча Якуб Колас, Міхась Зарэцкі і асабліва Максім Гарэцкі, што цалкам апраўдана ва ўсіх сэнсах.
Не было, бадай што, ніводнай навуковай канферэнцыі ў рэспубліцы, на якой М. І. Мушынскі не выступіў бы з грунтоўным дакладам, прысвечаным аналізу творчасці таго ці іншага з вышэй названых класікаў нацыянальнай літаратуры. Ён актыўны і пастаянны ўдзельнік літаратурных чытанняў "Каласавіны", якія штогод праводзяцца Літаратурным музеем Якуба Коласа. Ахвотна ездзіць ён таксама з дакладамі на літаратурна-навуковыя мерапрыемствы, якія адбываюцца на радзіме Максіма Гарэцкага.
Творы Міхася Мушынскага
Мушынскі, М. Алегарычны вобраз сонечнага промня ў паэме “Сымон-музыка” Якуба Коласа / Міхась Мушынскі // Роднае слова. — 2008. — №11. — С. 7. |
Мушынскі, М. Беларускае савецкае лiтаратуразнаўства / М. Мушынскі.— Мінск : Навука і тэхніка, 1979.— 96 с. |
Мушынскі, М. І нічога, апроч праўды: Якой быць "Гісторыі беларускай літаратуры" / М. Мушынскі. — Мінск : Навука і тэхніка, 1990.— 127 с. |
Мушынскі, М. Калі загаварылі маўклівыя сведкі часу : [крытычны матэрыял на кнігу Л. Рублеўскай і В. Скалабана «Время и бремя архивов и имен»] / М. Мушынскі // Полымя. — 2010. — №7. — С. 138-147. |
Мушынскі, М. Клімчыцы. Мокрае. Вайна : фрагменты ненапісаных успамінаў / Міхась Мушынскі // Літаратура і мастацтва. — 2001. — 19 студзеня. — С. 13-14. |
Мушынскі, М. Клопат пра духоўную спадчыну : (эпоха 1910 – 1950 гг. у асвятленні Коласа-публіцыста) / Міхась Мушынскі // Літаратура і мастацтва. — 2001. — 19 студзеня. — С. 13-14. |
Мушынскі, М. Патэнцыял, які застаўся нерэалізаваны: [Якуб Колас — публіцыст] / Міхась Мушынскі // Літаратура і мастацтва. — 2011. — 28 кастрычніка. — С. 20. |
Мушынскі, М. Якуб Колас у стасунках з грамадска-палітычнымі дзеячамі Беларусі / М. Мушынскі // Полымя. — 2010. — №3. — С. 157. |
Літаратура аб жыцці і творчасці Міхася Мушынскага
Андрэеў, С. Фундаментальны даследчык літаратуры: [пра Міхася Мушынскага] / Сяргей Андрэеў // Маяк Прыдняпроўя. – 2011. – 19 студзеня.
Леўчанка, М. Непратораным шляхам: [пра Міхася Мушынскага] / Мікола Леўчанка // Маяк Прыдняпроўя. – 2011. – 3 лістапада.
Марціновіч, Д. Навуковае даследаванне – як асалода: [пра Міхася Мушынскага] / Д. Марціновіч // Літаратура і мастацтва. – 2011. – 28 студзеня. – С. 15.
Міхаіл Іосіфавіч Мушынскі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Быхаўскага раёна. – Мінск: БелСЭ, 1990. – С. 571.
Міхаіл Іосіфавіч Мушынскі: Да 80-годдзя з дня нараджэння / Нац. акад. навук Беларусі; склад. Т. Ф. Мушынская. – Мінск: Беларуская навука, 2011. – 94 с. – (Біябібліяграфія вучоных Беларусі).
Міхась Мушынскі // Пісьменнікі Савецкай Беларусі: кароткі даведнік. –Мінск, 1981. – С. 249-250.
Мушынскі Міхаіл Іосіфавіч // Беларуская Энцыклапедыя: У 18 т. – Мінск: БелЭН, 2000. – Т. 11. – С. 48.
Мушынскі Міхась // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. – Мінск: БелЭН, 1992. – Т.4. – С. 344-346.
Мушынскі Міхась // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. – Мн.: БелСЭ, 1986. –Т. 3. –С. 709.
