Календарь знаменательных дат

Каждый 2-й вторник месяца в Публичном центре правовой информации центральной районной библиотеки им. Б.В.Стрельцова оказываются бесплатные консультации нотариуса.

ru be en

Блус Франц Феліксавіч

(гады жыцця невядомы)

Паэт, аўтар беларускіх вершаваных твораў

Блус Франц Феліксавіч (Ілля Піліпавіч) паходзіў з сялян. Паэт, аўтар вершаваных твораў кансерватыўнага кірунку 2-й паловы 19 ст. Нарадзіўся ў Быхаўскім павеце Магілёўскай губерніі (цяпер Чавускі раён Магілёўскай вобласці). Паводле некаторых звестак, служыў чыноўнікам на Магілёўшчыне. Заўзяты манархіст і праціўнік вызваленчага руху. У 1862 г., ва ўмовах рэвалюцыйнага ўздыму, напісаў на беларускай мове, якой добра валодаў, вершаваныя гутаркі “Прамова старавойта да сялян аб свабодзе” і “Прамова старавойта (для чытання маім землякам)”, у якіх заклікаў сялян да пакоры і цярпення, славіў цара і сялянскую рэформу 1861 г., даводзіў справядлівасць сацыяльнай няроўнасці. Па распараджэнні губернатара гутаркі былі вельмі аператыўна надрукаваны ў Магілёве і выкарыстаны для спынення сялянскага антырэформеннага руху. Паводле звестак архіўнай справы, што зберагаецца ў ЦДГА (Санкт-Пецярбург), у 1863 г. Ф. Блус напісаў яшчэ нейкі твор “супраць агітатараў польскага паўстання”. Пасля паўстання 1863 г. працаваў на чыгунцы ў Бузулуку, быў звольнены, некаторы час жыў у Самары, дзе, паводле водзываў улад, “вёў жыццё разгульнае, бавячы час у гасцініцах”. Звалі яго ў гэты час Ілья Піліпавіч. Гэта значыць, што пад гутаркамі 1862 г. ён паставіў несапраўдныя імя і імя па бацьку (Франц Феліксавіч), або змяніў іх у далейшым (магчыма, пры пераходзе з каталіцызму ў праваслаўе). У Самары зноў прапанаваў сваё пяро ўраду. На пачатку 1881 г., незадоўга да забойства Аляксандра ІІ, прыслаў міністру ўнутраных спраў некалькі вершаў на рускай мове, прысвечаных цару, і прасіў надрукаваць іх для чытання на фабрыках і заводах, каб супрацьдзейнічаць агітацыі “дэмакратаў-сацыялаў”. Пры гэтым ён спасылаўся на свой беларускі вопыт 1862 г. Вершы 1881 г. было дазволена надрукаваць з некаторымі купюрамі (выкінуты радкі аб беднасці і ўціску народа). Далейшы лёс іх, як і самога аўтара, невядомы. Беларускія гутаркі Ф. Блуса – цікавы дакумент эпохі. Незалежна ад намераў аўтара, у іх адлюстраваліся рэаліі тагачаснага народнага жыцця, антыпрыгонніцкія настроі сялянства, іх абыякавасць да рэлігіі і г. д. Некаторыя даследчыкі звязваюць з Ф. Блусам таксама ананімную празаічную брашуру “Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела”, выдадзеную ў Магілёве (1861г.), аўтарам якой лічыцца А. Кісель.

Літаратура аб жыцці і творчасці Франца Блуса

Александровіч, С. Пуцявіны роднага слова / С. Александровіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1971. — С. 14-15.

Барысенка, В. Францішак Багушэвіч і праблемы рэалізма ў беларускай літаратуры ХІХ ст. / В. Барысенка. — Мінск, 1957. — С. 131 – 132, 163.

Блус Франц // Беларускія пісьменнікі : Біябібліяграфічны слоўнік : У 6 т. — Мінск : БелЭн, 1992. — Т. 1. — С. 294-295.

Блус Франц Феліксавіч // Беларуская энцыклапедыя : У 18 т. — Мінск : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 197.

Блус Франц Феліксавіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Быхаўскага раёна. — Мінск : БелСЭ, 1990. — С. 371.

Блус Франц Феліксавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : У 5 т. — Мінск : БелСЭ, 1984. — Т. 1. — С. 457.

Валодзін, М. Забыты Франц Блус / Мікола Валодзін // Маяк Прыдняпроўя. — 2012. — 19 снежня. — С. 10.

Таленты роднай зямлі