Творчая вечарына «…Я – краіны свабоднай сын!»

1 студзеня 2019 года адзначыў 65-гадовы юбілей наш зямляк, вядомы пісьменнік і журналіст, аўтар 9-ці зборнікаў паэзіі, прозы, дакументальна-мастацкай публіцыстыкі Мікалай Уладзіміравіч Леўчанка.
З гэтай нагоды супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Б.В. Стральцова арганізавалі творчую вечарыну «…Я краіны свабоднай сын!», на якую завіталі родныя і блізкія юбіляра, прадстаўнікі Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі», ўлады і грамадскасці, школьнікі, і іншыя прыхільнікі творчасці Мікалая Леўчанкі.
Вядучыя мерапрыемства Аксана Дрозд і Алена Сідарэнка пазнаёмілі з жыццём, творчасцю і літаратурнымі здабыткамі пісьменніка.
Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Алесь Казека павіншаваў юбіляра ад імя арганізацыі, пажадаў яму моцнага здароўя, далейшых творчых поспехаў і ўручыў Ганаровую грамату СПБ.
Прымаў віншаванні Мікалай Уладзіміравіч і ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Быхаўскага райвыканкама Тамары Фёдараўны Сямёнавай, старшыні раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Міхаіла Зосімавіча Казлова, старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» Віктара Рыгоравіча Прышчэпы, дырэктара Быхаўскай бібліятэчнай сеткі Таццяны Цімафееўны Каржовай.
Таксама цёплыя словы юбіляру выказалі яго родныя, жонка Тамара Андрэеўна і сын Сяргей, а дачка Таццяна разам са сваёй сям’ёй даслала відэавіншаванне з далёкай Даніі.
Гучалі і музычныя віншаванні ад Уладзіміра Гашкова і Алены Лінкевіч.
Напрыканцы сустрэчы Мікалай Уладзіміравіч падзякаваў усім, хто прыйшоў на яго творчую вечарыну.
Да юбілею была падрыхтавана персанальная кніжная выстава «Летапісец Быхаўшчыны», а таксама слайд-прэзентацыя з фотаздымкамі з сямейнага архіва і выступленняў юбіляра.