Бібліякавярня «Я тут душою спачываю…»

Бібліятэчныя работнікі раённай дзіцячай бібліятэкі запрасілі вучняў 8 класа ДУА «СШ №3 г. Быхава» наведацца ў бібліякавярню «Я тут душою спачываю…», аформленую ў бібліятэцы да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы. Да спадобы гасцей вядучыя прапанавалі пакаштаваць порцыю новых уражанняў і ведаў аб творчасці пісьменніка і атрымаць асалоду ад прыемнай кампаніі ў цёплай абстаноўцы.
На закуску для сваіх гасцей бібліятэкары падавалі «Салат пра аўтара», дзе была прадстаўлена цікавая інфармацыя аб жыцці і творчасці песняра, якая суправаджалася яркай мультымедыйнай прэзентацыяй.
На гарачае «Паэтычны кактэйль» вучні Лычкоўскі Павел і Цупрыянава Аліна дэкламавалі ўрывак з паэмы Я. Купалы «Яна і Я». Таксама гучаў аўдыяверш «За ўсё» у выкананні аўтара.
Усім, хто любіць смачненькае, бібліятэкары прапанавалі «Смачнасці з музычнага кубка». Увазе прысутных прагучала песня на верш паэта «Явар і Каліна» у выкананні А. Антымонава.
«Кніжны вінегрэт» быў прадстаўлены літаратурай з тэматычнай выставы «І сёння з намі Купала і Колас».
У заключэнне ўдзельнікі праглядзелі відэафільм «Янка Купала».