Мультымедыйны гістарычны экскурс «Імя яго гучыць у стагоддзях»

Да Дня беларускай пісьменнасці, сумесна з супрацоўнікамі раённага цэнтра культуры, бібліятэчныя работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Б.В. Стральцова правялі мультымедыйны гістарычны экскурс «Імя яго гучыць у стагоддзях», прысвечаны 500-годдзю пачатку выдавецкай дзейнасці Ф.Скарыны ў Празе.
Бібліятэкары Аксана Дрозд і Алена Сідарэнка паведалі навучэнцам старэйшых класаў ДУА «СШ №1 г. Быхава» цікавыя факты з жыцця і творчасці першадрукара. Супрацоўнікі цэнтра культуры Вольга Уласава, Дзяніс Азараў, Алена Краўчанка, Тамара Ога паказалі тэатралізаваную пастаноўку «Матчына мова, мова Айчыны».
На мерапрыемстве прысутнічаў член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікола Леўчанка, які звярнуў увагу на значэнне друкаванага слова ў сучасным жыцці. Скончыўся вечар праглядам дакументальнага фільма «500 гадоў з гісторыі беларускага кнігадрукавання». Увазе прысутных у глядзельнай зале раённага цэнтра культуры была аформлена кніжная выстава «Ад мінулага ў сёння, і ад сёння – у заўтра, вядзе нас друкаванае слова».
Мультымедыйная гутарка - партрэт «Шматгранны талент землякаў»

Бібліятэкары аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Б. Стральцова Аксана Дрозд і Іаланта Дабравольская ў ДУА «СШ №1 г. Быхава» сярод навучэнцаў 9-10 класаў правялі мультымедыйны вечар-партрэт «Шматгранны талент землякаў», прысвечаны жыццю і дзейнасці Б.В. Стральцова, М. І. Мушынскага, М.П.Пазнякова, М.У.Леўчанкі, В.Ю.Ткачова і іншых пісьменнікаў быхаўскай зямлі.
Урок-пазнанне «Не знікне цуд прыгожага пісьменства»

Кожнае імя, што захавала нам гісторыя, мы павінны ведаць і шанаваць, бо ў гэтым – аснова нашай чалавечай годнасці, з гэтага пачынаецца клопат пра дзяржаву, пра яе культуру і духаўнасць.
Жыццю і дзейнасці славутых дзеячаў Беларусі розных часоў (Ф.Скарыны, Е.Полацкай, К.Тураўскага, П.Мсціслаўца, С.Собаля і інш.) быў прысвечаны ўрок-пазнанне «Не знікне цуд прыгожага пісьменства», праведзены бібліятэкарамі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Б.В.Стральцова ў кінатэатры «Радзіма». Увазе прысутных быў арганізаваны прагляд літаратуры аб вытоках, гісторыі і сучаснасці славянскага пісьменства, дэманстрацыя фільма аб Ф.Скарыне «Першадрук». Каб лепей замацаваць веды, бібліятэкары правялі віктарыну «Ён першы кнігу даў славянам». Усе, хто правільна адказвалі на пытанні, атрымоўвалі салодкія прызы.