2017 – год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

Пачаткам кнігадрукавання на Беларусі лічыцца 1517 год, калі наш славуты зямляк, асветнік і гуманіст Францыск Скарына надрукаваў у Празе першую беларускую кнігу «Псалтыр». Гэта дата шырока адзначаецца ва ўсім свеце. Шэраг мерапрыемстваў праходзіць у бібліятэках ДУК «Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Быхаўскага раёна».
Гісторыка-літаратурная вандроўка «Слаўны сын Беларусі»

500-годдзю беларускага кнігадрукавання прысвячалася гісторыка-літаратурная вандроўка «Слаўны сын Беларусі» у Вараніноўскай сельскай бібліятэцы.
Бібліятэкар расказала дзецям і падлеткам пра паходжанне і жыццёвы шлях Францыска Скарыны, засяродзіла ўвагу прысутных на творах першадрукара, іх значнасці ў развіцці беларускай мовы і нацыянальнай пісьменнасці. На літхвілінцы «Цікавае з жыцця Ф. Скарыны» рабяты даведаліся аб Пражскім перыядзе жыцця асветніка, пра 10 дзіўных фактаў аб «Псалтыры». У час мерапрыемства дэманстравалася электронная прэзентацыя «Першадрукар зямлі беларускай». Выданні аб жыцці і дзейнасці асветніка размяшчаліся на тэматычнай выставе «Ф. Скарына – асветнік, вучоны, філосаф…».
Інфармацыйная гадзіна «500. Слова на ўсе часы»

Інфармацыйная гадзіна «500. Слова на ўсе часы» праведзена ў Вараніноўскай сельскай бібліятэцы сярод дарослых чытачоў. У час мерапрыемства былі раскрыты асноўныя этапы развіцця беларускага кнігадрукавання, пачынаючы з 16 стагоддзя і да нашых дзён. Бібліятэкар расказала аб асветніцкай дзейнасці Ф. Скарыны і яго паслядоўнікаў, аб кнігадрукаванні на Магілёўшчыне, засяродзіла ўвагу на выдавецкай дзейнасці ў сучаснай Беларусі.