Свята беларускай кухні «Смачны пір на ўвесь мір»

У раённай дзіцячай бібліятэцы чарговае пасяджэнне клуба «Нашчадкі» было прысвечана беларускай кухні. Мэта мерапрыемства – выхаваць у дзяцей павагу і любоў да традыцый і звычаяў нашых продкаў, да гісторыі беларускай кухні, зацікавіць прыгатаваннем спрадвечна беларускіх страў.
Для членаў клуба – вучняў 5 класа ДУА «СШ №3 г. Быхава» – бібліятэкары арганізавалі застолле з беларускіх страў «Смачны пір на ўвесь мір». У беларускім пакоі бібліятэкі на накрытым абрусам стале стаялі беларускія стравы – дранікі, бульба, тоўстыя бліны, мочаныя яблыкі і салёныя агуркі, і канешне свежавыпечаны хлеб, а з напояў – хлебны квас.
Расселіся рабяты на лаўкі і слухалі аповед бібліятэкара пра цудоўную і багатую кухню, якую маюць беларусы, працягвалі прыказкі пра ежу, разгадалі красворд «Беларуская кухня». Адчулі рабяты ўвесь смак беларускай кухні, калі на прыканцы мерапрыемства з задавальненнем частаваліся беларускімі прысмакамі.