«Мая вёска – ты песня і легенда»

У вёсак, як і ў людзей, свая гісторыя, біяграфія. У жніўні жыхары вёскі Чарнагразь і аграгарадка Чорны Бор Быхаўскага раёна адзначылі 160 і 140 гадоў з часу заснавання сваіх населеных пунктаў.
У вёсцы Чарнагразь зараз пражывае 7 чалавек, але для многіх людзей яна застаецца малай радзімай. Каб раздзяліць радасць урачыстасці, на свята да жыхароў вёскі прыехалі дзеці і ўнукі, прадстаўнікі мясцовай улады, работнікі Чарнаборскай сельскай бібліятэкі і сельскага Дома культуры.
З цёплымі словамі віншаванняў і пажаданняў усяго самага найлепшага да вяскоўцаў і іх гасцей звярнулася старшыня Чарнаборскага сельвыканкама Нужкова Н.М. Успамінамі з прысутнымі падзялілася старэйшая жыхарка вёскі Аленская Г.В. У час свята адбылося ўшанаванне жыхароў вёскі, гучалі музычныя нумары ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Чарнаборскага сельскага Дома культуры.
Шматлюдна было на юбілеі аграгарадка Чорны Бор. Бібліятэкар і работнікі мясцовага Дома культуры даравалі аднавяскоўцам добры настрой. На свяце былі адзначаны памятнымі падарункамі маладажоны, бацькі навароджаных дзяцей, доўгажыхары, сем'і з 50-гадовым стажам сумеснага жыцця. У гэты дзень шчырыя пажаданні дабрабыту, шчасця і здароўя гучалі ад старшыні Чарнаборскага сельвыканкама Нужковай Н.М., дырэктара ДУА “Чарнаборскі ВПК д/с-С Ш” Лахадынава А.М., старшыні СВК “Быхаўскі” Сафонава Ю.М.