Каждый 2-й вторник месяца в Публичном центре правовой информации центральной районной библиотеки им. Б.В.Стрельцова оказываются бесплатные консультации нотариуса.

ru be en

Паэтычная гасцёўня «Натхненыя роднай зямлёй»

24.09.2026

У рамках Года беларускай жанчыны ў раённым цэнтры культуры супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя. Б.В. Стральцова арганізавалі для бібліятэкараў раёна паэтычную гасцёўню «Натхненыя роднай зямлёй». Сустрэча сабрала тых, хто кожны дзень зберагае культурную спадчыну, і тых, для каго беларуская зямля з’яўляецца невычэрпнай крыніцай творчасці. Адным з гасцей стаў член Саюза пісьменнікаў Беларусі, журналіст і наш зямляк Мікалай Леўчанка.


З глыбокай павагай і хваляваннем ён узгадаў гераінь сваіх публіцыстычных кніг, распавёў пра іх гераічны і мірны подзвіг у гады выпрабаванняў і ў час стваральнай працы. У выкананні аўтара прагучалі шчырыя, напоўненыя пяшчотай вершы, прысвечаныя самаму святому — Маці, а таксама каханай жонцы і ўсім жанчынам, якія дораць свету радасць і гармонію.

Сваім самабытным талентам падзялілася Ларыса Грыц, паэтэса-аматарка, якая завітала на сустрэчу. Яе паэтычныя радкі пра вайну, глыбокую любоў да Радзімы і гонар за Беларусь нікога не пакінулі абыякавым, выклікаўшы жывы водгук у сэрцах прысутных.

Прыемным адкрыццём стала тое, што і сярод бібліятэкраў ёсць сапраўдныя творцы. Так, Кацярына Якаўлева прачытала цудоўны верш з інтрыгуючай назвай «Сложно». У гэтым творы, прысвечаным шматграннаму жаночаму лёсу, кожная з прысутных жанчын пазнала крыху сябе.

Асаблівую лірычную атмасферу падтрымаў і верш, які перадала жыхарка пасёлка Гадылёва. У ім гаварылася не пра няпростую жаночую долю, а пра тое, што сілкуе і натхняе кожнага з нас — пра нашую родную зямлю, пра Беларусь. Менавіта любоў да Бацькаўшчыны дае нам моц жыць, любіць і ствараць.

Падчас сустрэчы бібліятэкары ўзгадвалі знакамітых літаратурных гераінь, якія з’яўляюцца для іх прыкладам мудрасці, адданасці і прыгажосці, стварыўшы своеасаблівы «бібліятэчны вянок жаночай сілы».

Прыгожым фіналам мерапрыемства стаў музычны падарунак у выкананні салісткі раённага цэнтра культуры Алены Лінкевіч. Яе песня падарыла ўсім добрыя эмоцыі і святочны настрой.

Сустрэча прайшла ў надзвычай цёплай, утульнай і даверлівай абстаноўцы, пакінуўшы пасля сябе светлыя і незабыўныя ўражанні.


91
×

Подпишитесь на наш Telegram-канал!

Будьте в курсе новостей и обновлений.