Дзень беларускага пісьменства ў Касцюковічах
У рамках святкавання XXXIII Дня беларускага пісьменства, які праходзіў у г. Касцюковічы, Быхаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя Б.В Стральцова прадставіла экспазіцыю «Быхаў і пісьменства: ад летапісу да сучаснасці».
Экспазіцыя, якая злучала стагоддзі і пакаленні запрашала усіх дакрануцца да жывой гісторыі і адкрыць для сябе багатыя традыцыі Быхаўскай зямлі.
Вандроўка ў часе пачалася з першага раздзела — «2013: Быхаў - сталіца слова». Тут ажыла гісторыя: роўна 13 гадоў таму наш старажытны горад Быхаў прымаў юбілейны, дваццаты Дзень беларускага пісьменства. На старонках СМІ і фатаграфіях — непаўторная атмасфера таго маштабнага свята слова, якое назаўжды змяніла аблічча нашага горада.
Але Быхаўшчына — гэта не толькі слаўнае мінулае, гэта высокатэхналагічная сучаснасць! Наступны раздзел запрашаў усіх гасцей у захапляльнае інтэрактыўнае падарожжа. З дапамогай QR-кодаў на карце можна было імгненна перанесціся ў віртуальны тур па галоўных культурных, духоўных святынях, а таксама гераічнаму мінуламу Быхаўскага раёна. А краязнаўчы матэрыял створаны супрацоўнікамі бібліятэкі дапамагаў глыбей раскрыць таямніцы роднай зямлі.
Быхаўская зямля заўсёды была шчодрай на таленты. Раздзел — «Сузор’е пісьменнікаў Быхаўшчыны» — знаёміў гасцей свята з нашымі выдатнымі землякамі. Кнігі, унікальныя папкі прэс-дасье і біяграфіі аўтараў раскрывалі багаты літаратурны свет Быхаўскага краю, які працягвае развівацца і сёння.
Сэрдцам нашай экспазіцыі была інсталяцыя «Баркалабаўскі летапіс – духоўная ніць часу». Гасцей сустракалі галоўныя скарбы нашай духоўнай спадчыны: знакаміты Баркалабаўскі летапіс — унікальны помнік нацыянальнага пісьменства пачатку сямнаццатага стагоддзя, і Баркалабаўская ікона Божай Маці, якая на працягу стагоддзяў захоўвае і аберагае нашу зямлю.
Падчас свята выставачную экспазіцыю наведаў пісьменнік са Слаўгарадчыны Пётр Іванавіч Кураленка. Ён перадаў чытачам нашай бібліятэкі кнігу «Забытае знамя», якую напісаў у суаўтарстве са сваім сынам Дзмітрыем. У выданні апісваецца баявы шлях іх бацькі і дзядулі Івана Ерафеевіча Кураленкі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.




