Творчая сустрэча з Міхаілам Пазняковым

12 мая ў глядзельнай зале раённага цэнтра культуры адбылася сустрэча з пісьменнікам-земляком, перакладчыкам, публіцыстам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаілам Паўлавічам Пазняковым, які жыве і працуе ў Мінску. На мерапрыемстве прысутнічалі вучні малодшых класаў гімназіі, сярэдніх школ г. Быхава і неабыякавыя да творчасці славутага земляка дарослыя чытачы.
Вядучая Аксана Дрозд, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Б.В.Стральцова пазнаёміла прысутных з біяграфіяй і творчымі дасягненнямі М.Пазнякова. Аўтар чытаў свае вершы, займальныя і даступныя для чытачоў любога ўзросту. Усе з задавальненнем паглядзелі відэафільм «Тварыце людзі на зямлі дабро», прысвечаны Міхаілу Паўлавічу.
Разам з пісьменнікам на Быхаўшчыну прыязжаў беларускі спявак, акцёр, шоўмэн Сяргей Кравец, які напісаў песні на вершы М.Пазнякова і бліскуча выканаў некаторыя з іх: «Родная вёска», «Каханне», «Родны край» і інш. Іх мілагучныя радкі насычаны хараством родных краявідаў і трапяткім асэнсаваннем кахання.
У рамках мерапрыемства прайшла выстава-продаж кніг выдавецтва «Народная асвета». Многія дзеці набылі творы Міхаіла Паўлавіча і на памяць аб сустрэчы атрымалі аўтограф пісьменніка.