Светлай памяці пісьменніка-земляка Алеся Мікалаевіча Казека
27 чэрвеня 2026 года пайшоў з жыцця наш зямляк, вядомы беларускі паэт, перакладчык і грамадскі дзеяч, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Алесь Мікалаевіч Казека.
Алесь Казека нарадзіўся ў вёсцы Новы Юзін Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Але неўзабаве сям’я пераехала ў суседні Быхаўскі раён, у вёску Чачэвічы, што раскінулася на беразе маляўнічай ракі Друць. Тут, на ўлонні прыроды, прайшлі дзяцінства і юнацтва будучага паэта.
За сваё яркае жыццё ён паспеў многае: аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў – «Души моей родник» (2005), «Мелодия надежды» (2008), «Единственный друг» (2008), «Час сяўбы» (2009), «Медуница» (2012), «Марыйка» (2013), «Перекрестки судеб» (2014), «Маё сэрца навек застаецца з табой» (2019), «Песня роднай зямлі» (2020), «Древний тракт» (2025); праводзіў вялікую працу па прапагандзе духоўных каштоўнасцей, па патрыятычным выхаванні моладзі. Яго імя па праве ўнесена ў Кнігу славы Магілёўшчыны, ён удастоены звання «Чалавек года Магілёўшчыны».
Супрацоўнікі і чытачы бібліятэк Быхаўшчыны глыбока смуткуюць і выказваюць шчырае спачуванне родным, блізкім, сябрам і ўсім, хто ведаў Алеся Мікалаевіча. Светлая памяць аб ім назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах і на кніжных паліцах бібліятэк.





