Культурна-асветніцкая акцыя «Бібліяноч-2026»
Пад знакам Года беларускай жанчыны і праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё» ў філіяле «Гарадская бібліятэка мікрараёна Быхаў-1» прайшла культурна-асветніцкая акцыя «Бібліяноч-2026» пад назвай «Бібліятэчны вянок: адзін вечар пра беларускіх жанчын».
Святкаванне пачалося з тэатралізаванага пралога, які адразу наладзіў гасцей на хвалю гісторыі і натхнення. Кульмінацыяй адкрыцця стаў касцюміраваны «Парад гераінь» – перад наведвальнікамі ў вобразах славутых беларусак паўсталі: Еўфрасіння Полацкая, Паўлінка, Алеся, Алаіза Пашкевіч і Анастасія Слуцкая. Кожная з іх «адкрыла» сваю тэматычную пляцоўку.
На гістарычнай пляцоўцы гасцей сустракала кніжная выстава-агляд «Жаночы шлях ад Полацка да касмічных вышынь». Асаблівую цікавасць выклікала інтэрактыўная музейная экспазіцыя «Сакрэты каліграфіі», а таксама віктарына «Вянок славы беларускіх жанчын». У вячэрняй кіназале прайшлі паказы тэматычных фільмаў і відэазапісаў беларускіх кампазіцый у выкананні вучняў ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Быхава».
На этнаграфічнай пляцоўцы прайшло дэфіле творчай студыі «Залаты прамень традыцый». Была прадстаўлена кніжная выстава «Узоры натхнення» і выстава творчых работ «Жаночых рук і сэрца чараўніцтва». А на майстар-класах па гісторыка-культурнай спадчыне ўсе ахвотныя вучыліся традыцыйным рамёствам, датыкаючыся да духоўнай спадчыны продкаў.
На літаратурнай пляцоўцы працаваў паэтычны подыум «Музыка жаночай душы». Асаблівым поспехам карысталася зона «Адкрыты мікрафон» – месца, дзе кожны наведвальнік мог прачытаць верш пра жанчыну. Для тых, хто шукаў цішыні і новага фармату знаёмства з літаратурай, працавала рэлакс-зона, а таксама выстава кніг з QR-кодамі «Споведзь жаночай душы». Загадкавасці дадавала акцыя «Магія паміж радкоў», якая дазваляла ўдзельнікам даведацца свой лёс. Сапраўдным упрыгожваннем стала выстава карцін «Жанчына – душа краіны» мастачкі Аляксандры Кухціной. А на «Сцяне натхнення» (акцыя-квілт) кожны пакінуў імя той жанчыны, якая натхняе яго асабіста.
Самай дынамічнай часткай вечара стаў квэст «Сузор’е жаночых імёнаў». Каманды праходзілі 5 станцый, збіралі 5 ключоў і ў фінале адчынялі «скарбонку жаночай мудрасці», атрымліваючы прызы. Для стварэння атмасферы і яркіх фатаграфій увесь вечар працаваў аквагрым, а для дзяцей быў арганізаваны столік з размалёўкамі і алоўкамі.





