Гадзіна паэта «Зброяй сатыры – зброяй праўды»
Да 130-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы супрацоўнікі філіяла «Гарадская бібліятэка мікрараёна Колас» правялі для вучняў ДУА «СШ № 2 г. Быхава» гадзіну паэта «Зброяй сатыры – зброяй праўды». Каб расказаць пра сілу сатырычнага слова, на сустрэчу завітаў госць – наш зямляк, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны журналіст і ганаровы грамадзянін Быхаўскага раёна Мікалай Уладзіміравіч Леўчанка.
Бібліятэкары пазнаёмілі прысутных з асноўнымі вехамі біяграфіі і творчасці Крапівы. А Мікалай Леўчанка паглыбіўся ў тонкасці літаратурнага майстэрства, растлумачыў падлеткам, якую важную ролю адыгрываюць байкі і як творчасць Кандрата Крапівы паўплывала на беларускую культуру. Яркім момантам мерапрыемства стала чытанне баек Кандрата Крапівы ў выкананні саміх вучняў, якія паспрабавалі перадаць глыбокі сэнс і сатырычную накіраванасць твораў пісьменніка. Увазе прысутных быў арганізаваны кніжны развал «Кандрат Крапіва: ад байкі да драмы».





