Вечар памяці «Настаўнік. Журналіст. Чалавек»
У цэнтральнай раённай бібліятэцы, якая носіць імя вядомага вучонага, прафесара, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, аднаго з заснавальнікаў беларускай школы тэорыі журналістыкі Барыса Васільевіча Стральцова, адбыўся вечар памяці «Настаўнік. Журналіст. Чалавек», прысвечаны 100-годдзю з дня яго нараджэння.
Вельмі прыемна, што на мерапрыемстве, якое праходзіла на малой радзіме знакамітага земляка, прысутнічаў яго студэнт. Гэта член Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужананы журналіст Беларускага Саюза журналістаў, які больш за двадцаць гадоў узначальваў рэдакцыю раённай газеты «Маяк Прыдняпроўя», ганаровы грамадзянін Быхаўскага раёна і даўні добры сябар нашай бібліятэчнай сям’і Мікалай Уладзіміравіч Леўчанка.
Для яго гэты візіт стаў магчымасцю аддаць даніну пашаны свайму выкладчыку. Мікалай Уладзіміравіч падзяліўся вельмі цёплымі і асабістымі ўспамінамі пра тое, якім чалавекам быў Барыс Васільевіч . Ён узгадваў Настаўніка перш за ўсё як добрага чалавека, адметнымі рысамі якога былі вялікая працаздольнасць, дабрыня, сціпласць, інтэлігентнасць, шчырасць і тактоўнасць.
Па словах Мікалая Леўчанкі, Стральцоў-журналіст заўсёды шукаў праўду ў дэталях, а Стральцоў-настаўнік ставіўся да сваіх студэнтаў з бацькоўскай патрабавальнасцю і адначасова з велізарнай павагай. Ён ніколі не карыстаўся сваім статусам, а наадварот — па-майстэрску дапамагаў кожнаму будучаму журналісту знайсці свой уласны голас і паверыць у свае сілы. Менавіта гэтая чалавечая чуласць і шчырая любоў да вучняў зрабілі Барыса Васільевіча сапраўднай легендай для многіх пакаленняў журналістаў.
Узгадвалі пра іншых знакамітых вучняў Стральцова, сярод якіх таксама наш славуты зямляк, майстар культурнай журналістыкі Міхаіл Равуцкі. Менавіта Міхаіл Равуцкі сёння годна працягвае традыцыі свайго настаўніка і земляка на дзяржаўным тэлебачанні, папулярызуючы беларускую культуру, гісторыю і мастацтва.
Асаблівую атмасферу мерапрыемству надала тэматычная кніжная выстава «Журналістыка — гэта лёс», назвай для якой паслужыла знакамітае выказванне самога Барыса Васільевіча Стральцова. Гэтая выстава стала сапраўдным люстэркам лёсу чалавека, які ўсё сваё жыццё прысвяціў сваёй працы і роднаму слову. Фотаздымкі розных гадоў, архіўныя матэрыялы і цытаты настаўніка — своеасаблівая вандроўка па жыццёвым і творчым шляху мэтра. На паліцах размясціліся яго навуковыя працы, па якіх вучылася не адно пакаленне беларускіх журналістаў, а таксама мастацкія творы, дзе аўтар раскрываецца як тонкі знаўца чалавечых душ.
Мерапрыемства праходзіла ў рамках бібліятэчнай праграмы «Далучысь да роднага».





