Вечар памяці Барыса Васільевіча Стральцова

У кінатэатры «Радзіма» адбыўся вечар памяці Барыса Васільевіча Стральцова «Журналіст. Даследчык. Пісьменнік», прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння знакамітага земляка, вядомага вучонага, журналіста, пісьменніка, кандыдата гістарычных навук, доктара філалагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, імя якога носіць Быхаўская цэнтральная раённая бібліятэка.
Супрацоўнікі бібліятэкі запрасілі на мерапрыемства людзей, якія асабіста ведалі Барыса Васільевіча як педагога і чалавека – былых студэнтаў Уладзіслава Алегавіча Грыбанава, намесніка старшыні Быхаўскага райвыканкама і Мікалая Уладзіміравіча Леўчанку, галоўнага рэдактара раённай газеты «Маяк Прыдняпроўя», заслужанага журналіста беларускага Саюза журналістаў, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ганаровыя госці з задавальненнем успаміналі студэнцкія гады, дзяліліся асабістымі ўраджаннямі ад знаёмства з гэтым адметным чалавекам. Прысутных цікавіла, як складваліся адносіны Б. Стральцова са студэнтамі ў час лекцый, што, акрамя журналістыкі, яго захапляла ў вольны час і інш.
Вядучая, бібліятэкар 1 катэгорыі Алена Сідарэнка, падрабязней расказала аб жыцці і творчасці Барыса Васільевіча, нагадала іншых яго выпускнікоў, якія складаюць гонар айчыннай журналістыкі, звярнула ўвагу на матэрыялы тэматычнай выставы «Патрыярх беларускай журналістыкі», аформленай у глядзельнай зале кінатэатра.
На мерапрыемстве Мікалай Леўчанка ад імя Вараб'ёва Васіля Пятровіча, загадчыка кафедры медыялогіі і вэб-журналістыкі БДУ, кандыдата філалагічных навук, дацэнта, таксама былога студэнта Стральцова, перадаў цэнтральнай бібліятэцы выпушчаны ў 2016 годзе спецыяльна да юбілею Барыса Васільевіча зборнік навуковых прац «Журналістыка ў суладдзі з жыццём». У сваю чаргу дырэктар ГУК «Цэнралізаваная бібліятэчная сетка Быхаўскага раёна» 1 экзэмпляр выдання перадала ў Быхаўскі гісторыка-краязнаўчы музей.