Жывая размова «Талент шчодры і шматгранны»
Цэнтральная раённая бібліятэка імя Б.В. Стральцова наведала ДУА «Следзюкоўская БШ імя Д.Я. Аскаленкі», дзе прыняла ўдзел у чарговым занятку Школы актыўнага грамадзяніна (ШАГ) на тэму «Быць годным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь — значыць ведаць і паважаць гісторыю сваёй краіны, беларускага народа». Супрацоўнікамі бібліятэкі была арганізавана жывая размова «Талент шчодры і шматгранны» з удзелам Мікалая Леўчанкі, пісьменніка, Заслужанага журналіста, ганаровага грамадзяніна Быхаўскага раёна.
Бібліятэкар пазнаёміла прысутных з жыццём і творчасцю Мікалая Уладзіміравіча, зрабіла агляд дакументальна-мастацкіх кніг, асабліва ваеннай тэматыкі. Сам жа аўтар адзначыў, што сённяшні дзень знакавы, бо неўзабаве ў Мінску пачнецца лёсавызначальны сёмы Усебеларускі народны сход, які разгледзіць і прыме Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны да 2030 года. М. Леўчанка распавёў, як праходзіў першы такі сход у далёкім 1996 годзе, у якім яму давялося ўдзельчаць, паказаў школьнікам нагрудны знак дэлегата. Вучні з цікавасцю слухалі аповед аўтара аб героях сваіх твораў. Падчас мерапрыемства вялась гаворка і пра журналістыку, якой Мікола Леўчанка прысвяціў паўвека свайго жыцця. Гаворка пачалася не выпадкова, бо ў класе прысутнічалі члены гуртка «Юны карэспандэнт», з якімі Міколу Уладзіміравічу даводзілася сустракацца ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Таму ён на гэты раз змяніў фармат свайго аповеду, паказаў дзецям членскі білет Саюза журналістаў СССР, тагачасны нагрудны знак да білета, некалькі пісем з рэдакцыі акруговай газеты «Советская Армия» Групы савецкіх войскаў у Германіі, дзе будучаму журналісту і пісьменніку давялося служыць у 1972–1974 гадах.
Па просьбах хлопчыкаў і дзяўчынак Мікола Леўчанка ахвотна чытаў свае вершы аб вайне і міры, любові да сваёй Бацькаўшчыны, свайго народа, нашай святой і адначасова шматпакутнай беларускай зямлі.





