Прэзентацыя зборніка вершаў пісьменніка-земляка Сяргея Украінкі «9 гранаў»

27 студзеня супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Б.В. Стральцова запрасілі ў кінатэатр «Радзіма» вучняў школ горада, бібліятэкараў з гарадскіх і вясковых бібліятэк раёна, а таксама ўсіх жадаючых на прэзентацыю зборніка вершаў пісьменніка-земляка, крытыка і літаратуразнаўца, перакладчыка Сяргея Украінкі «9 гранаў».
Імя Сяргея Украінкі вядома сярод аматараў беларускага прыгожага пісьменства. Друкавацца Сяргей Сяргеевіч пачаў з 1977 года. Яго творы змешчаны ў шматлікіх перыядычных выданнях і калектыўных зборніках. Ён з’яўляецца аўтарам кніг «Маё Купела», «Белый аист, черное перо». І вось у гэтым годзе пабачыў свет зборнік вершаў «9 гранаў».
Разам з пісьменнікам на мерапрыемства прыехалі яго сябры: старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Яцкоў Мікалай Адамавіч і паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, таксама ўраджэнец Быхаўшчыны, Казека Аляксандр Мікалаевіч. На сустрэчы прысутнічаў і калега па творчаму цэху, галоўны рэдактар раённай газеты «Маяк Прыдняпроўя», заслужаны журналіст Беларускага Саюза журналістаў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Леўчанка Мікалай Уладзіміравіч. Са знакавай падзеяй у літаратурным жыцці, а таксама з асабістым юбілеем – 55-годдзем з дня нараджэння – павіншавала С. Украінку дырэктар Быхаўскай бібліятэчнай сеткі Корза Наталля Аляксандраўна. Прыемна, што павіншаваць аўтара з выхадам новай кнігі прыйшлі і яго былыя студэнты: Цімохава Ірына Уладзіміраўна і Белавусава Таццяна Леанідаўна – настаўнікі беларускай мовы і літаратуры ДУА «Гімназія г.Быхава».
Адкрываючы сустрэчу, вядучая мерапрыемства Святлана Вашукевіч прадставіла аўдыторыі паважаных гасцей, расказала аб творчых дасягненнях С. Украінкі ў галіне літаратуры, пазнаёміла з біяграфіяй пісьменніка.
Выступаючы перад прыхільнікамі сваёй творчасці, Сяргей Сяргеевіч падрабязней раскрыў тэматыку твораў, чытаў вершы з новага зборніка, па жаданню слухачоў звярнуўся і да вершаў папярэдніх гадоў, вылучыўшы з іх першыя пробы пяра; адказваў на шматлікія пытанні прысутных аб сваіх захапленнях, творчых натхненнях і іншых момантах сямейнага жыцця і творчай дзейнасці.
Мікалай Яцкоў і Алесь Казека прыгадалі аб шчырым сяброўстве з творцам, выказалі сваю думку аб яго літаратурных дасягненнях. Мікалай Леўчанка ў сваім выступленні падкрэсліў сэнсавую значнасць і беларускамоўнасць твораў С.Украінкі.
У завяршэнні сустрэчы вядучая ад імя ўсіх прысутных падзякавала пісьменнікаў за цікавую і змястоўную гаворку і выказала спадзяванне, што яны стануць частымі гасцямі быхаўскай зямлі.