У гонар юбілею пісьменніка-земляка

Па ўсёй Беларусі і далёка паза яе межамі працуюць нашыя пісьменнікі-землякі, якія імкнуцца далучыць чытачоў да лепшых узораў літаратурнай класікі, пазнаёміць са сваёй творчасцю, падзяліцца духоўным скарбам, які нясе ў сабе кніга. Алесь Казека, беларускі пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч нарадзіўся ў вёсцы Новы Юзін Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Але неўзабаве сям'я пераехала ў суседні Быхаўскі раён, у вёску Чачэвічы, што раскінулася на беразе маляўнічай ракі Друць. Тут, на ўлонні прыроды, прайшлі дзяцінства і юнацтва будучага паэта.
4 жніўня наш зямляк адзначыць 65-гадовы юбілей.
У кожнага чалавека ёсць на зямлі свой ціхі, запаветны куток, які называецца малой радзімай. Шмат увагі гэтай тэме надае ў сваёй творчасці Алесь Казека. З якой любоўю і замілаваннем распавядае ён пра сваю Бацькаўшчыну!
Яго паэзія захапляе сваёй шчырасцю і адкрытасцю. Кранаюць лёсы людзей, якія перажылі суровыя часы, але змаглі захаваць чалавечнасць, годнасць, веру ў лепшае. Не абыходзіць Алесь Мікалаевіч і самыя актуальныя праблемы сучаснасці: неабходнасць адраджэння гістарычнай памяці, захаванне сапраўдных маральных каштоўнасцей, важнасць аховы навакольнага асяроддзя і міру ва ўсім свеце.
Алесь Казека з’яўляецца старшынёй Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама рэдактарам літаратурнага альманаха «Прыдняпроўе. Магілёўшчына літаратурная». Узнагароджаны медалём “За безупречную службу” ІІІ і ІІ ступеняў, медалём Францыска Скарыны, медалём “Василий Шукшин” (грамадская ўзнагарода Саюза пісьменнікаў Расіі). Лаўрэат спецыяльнай прэміі "Дасягненне" Магілёўскага гарвыканкама. Імя Алеся Казекі занесена ў Кнігу Славы Магілёўшчыны. Ад імя чытачоў і супрацоўнікаў бібліятэк Быхаўшчыны віншуем Алеся Мікалаевіча з юбілеем. Шчыра жадаем моцнага здароўя, стойкасці на абраным шляху, росту чытацкай аўдыторыі і новых творчых поспехаў!