Дзень інфармацыі «Мова – жывая памяць народа»

21 лютага ўвесь свет адзначае Дзень роднай мовы. З гэтай нагоды ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Б.В. Стральцова быў праведзены Дзень інфармацыі «Мова – жывая памяць народа». На працягу дня чытачы бібліятэкі мелі магчымасць прыняць удзел у шэрагу мерапрыемстваў і пазнаёміцца з разнастайнымі кніжнымі выставамі.
У фае дзейнічала выстава «Увесь свет на роднай мове», на якой былі прадстаўлены творы сусветнай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову.
Актыўны ўдзел прымалі чытачы ў акцыі па папулярызацыі беларускай мовы «Любімае слова на роднай мове». Супрацоўнікі бібліятэкі прапанавалі напісаць сваё любімае слова. Матуля, парасон, каханне, пяшчота, тата, дзякуй і шмат іншых слоў, знаёмых нам з дзяцінства, якія былі напісаны на нашым стэндзе, паказваюць унікальнасць, прыгажосць і самабытнасць беларускай мовы.
Для вучняў ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Быхава» быў праведзены турнір знаўцаў «Родная мова, цудоўная мова». Дзякуючы ўдзелу ў разнастайных конкурсах, рабяты даведаліся, хто з іх лепш ведае беларускую мову.
У чытальнай зале дзейнічала гукавая выстава «Роднай мовы пералівы», якая пазнаёміла карыстальнікаў з разнастайнымі слоўнікамі, вершамі класікаў беларускай літаратуры і сучасных паэтаў, з творамі паэтаў-землякоў, гучалі аўдыязапісы беларускіх вершаў.
Сёлета беларускі літаратурна-мастацкі часопіс «Полымя» адзначыць 100-гадовы юбілей. Аб гісторыі гэтага перыядычнага выдання, творах і аўтарах, якія ў ім друкуюцца, чытачы даведаліся пад час прэзентацыі часопіса. Таксама для дарослай аўдыторыі быў праведзены бібліяграфічны агляд «Новыя кнігі беларускіх пісьменнікаў».