Творчасць Людмілы Рублеўскай

Да 55-годдзя з дня нараджэння беларускай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай
Родная гісторыя, родная мова валодаюць дарам прыцягнення. Гэта компас, магніт для чалавека, па-за гэтымі каардынатамі ён не адчувае сябе поўнасцю шчаслівым.
Людміла Рублеўская адна з найбольш вядомых пісьменніц сучаснай Беларусі. Пра яе кажуць, што яна прадаўжальніца справы пачатай Караткевічам. Сапраўды, пачынаючы сваю творчасць з паэзіі, зараз яна працуе ў жанры гістарычнага дэтэктыва. Аўтар больш трыццаці кніг розных жанраў — паэзія, проза, драматычныя творы, эсэ, крытыка. З’яўляецца ўладальнікам вялікай колькасці літаратурных прэмій і ўзнагарод.
Будзем спадзявацца, што беларуская сучасная пісьменніца Людміла Рублеўская не мае патрэбы ў асаблівым прадстаўленні. Таму мы прапануем вашай увазе мультымедыйны агляд творчасці, прысвечаны 55-годдзю з дня нараджэння.

Рублеўская, Л. І. Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега : раман прыгодніцкі і фантасмагарычны / Людміла Рублеўская. — Мінск : Рэдакцыя газеты "Звязда", 2012. — 272с.—(Святло мiнуўшчыны).
Сучасны беларускі авантурны раман, дынамічны, іранічны, з бойкамі, пагонямі, таямніцамі ў сутарэннях, чароўнымі дамамі і мужнымі мужчынамі. І ўсё гэта - у атачэнні родных рэалій і на беларускай мове. Прачытаўшы прыгодніцка-гістарычны раман Людмілы Рублеўскай вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці рускіх гардэмарынаў.
Напачатку яны пачулі нямецкую лаянку. Нехта шчыра і выразна апісваў мясцовыя дарогі, мясцовых дзікуноў і мясцовае надвор'е. Асобныя фразы ўтрымлівалі лацінскія словы, таму можна было зразумець, што чалавек лаецца вучоны.

Рублеўская, Л. І. Ночы на Плябанскіх млынах : раман, аповесць, апавяданні / Людміла Рублеўская. — Мінск : Мастацкая лiтаратура, 2013. — 526 с.
Героі ў кнізе вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
Мне часам здаецца, што беларусы вылепленыя з воску — гэтак лёгка прымаюць любыя формы пад сонцам часу — абы не быць самімі сабою...

Рублеўская, Л. І. Пярсцёнак апошняга iмператара : раман, аповесць, апавяданнi / Людміла Рублеўская. — Мінск : Мастацкая лiтаратура, 2005. — 279 с. — (Сучасны беларускi дэтэктыў).
Колькі таямнічага, застрашлівага і рамантычнага можна сустрэць у сутарэннях часу. У гістарычных дэтэктывах Людмілы Рублеўскай, уключаных у гэтую кнігу, як звычайна ідуць побач высакародства і подласць, каханне і здрада, выбар між дабром і злом. А яшчэ – непаўторная іронія, з якой можна бясстрашна сустрэць любыя містычныя жахі.
На чалавека палююць часцей, чым на звера. Іншыя гома сапіенсы, вядома.
Гэта дарога вельмі цяжкая. — Значыць, гэта мая дарога…

Рублевская, Л. И. Рыцари и дамы Беларуси : исторические очерки / Людмила Рублевская. – Минск : Мастацкая літаратура, 2013. – 246 с.
В этот сборник вошли исторические эссе Людмилы Рублевской, публиковавшиеся в авторской рубрике на страницах газеты «СБ. Беларусь сегодня». В этих увлекательных текстах читатель встретится со многими известными и малоизвестными персонажами отечественной истории, ему в очередной раз предстоит убедиться, что в белорусской истории хватает персонажей, которые могут стать героями приключенческих сериалов и романов. Некоторые эссе превращаются в настоящие детективные расследования. Россыпь необычных исторических фактов сопровождается богатым иллюстративным материалом.
История несправедлива. Имена в ней вспыхивают и гаснут… Одни сияют вечно, другие остаются в тени просто потому, что оказались рядом с более яркими…

Рублеўская, Л. І. Старасвецкія міфы горада Б* / Людміла Рублеўская // Белы танец : аповесць, апавяданні, навелы / [А. Беланожка, А. Вашчанка, Н. Гальпяровіч і іншыя ; укладальнік А. Маціеўскі]. — Мінск, 2016. — С. 193—246.
У гэты зборнік прозы розных сучасных беларускіх аўтараў увайшлі і апавяданні Людмілы Рублеўскай, аб’яднаныя адной назвай “Старасвецкія міфы горада Б*”, у якіх аўтарка сабрала найбольш знакавыя «свойскасці», якія маглі б здарыцца ў адвольнай мясцовасці. Кожны «міф», калі меркаваць па назве, нібы суадносіцца да класічных міфаў Рыма і Грэцыі, але падзеі ў іх апісаныя – гэта сёння і недзе побач, магчыма проста ў суседнім мястэчку, на суседняй вуліцы, або нават у кватэры па-суседску.
Добра жыць! Цудоўны Божы свет! Не трэба адчайвацца і злавацца — усё будзе добра!

Рублеўская, Л. І. Сэрца мармуравага анёла : аповесці, раман / Людміла Рублеўская. — Мінск : Мастацкая лiтаратура, 2012. — 350 с.
У кнігу Людмілы Рублеўскай увайшлі прыгодніцкія, дэтэктыўныя і фантастычныя творы, дзе па ранейшаму, важнае месца займаюць рамантычная гісторыя Беларусі і выхаванне любові да Радзімы.
Шчасце — гэта калі ў адной кветцы табе адкрыецца багацце ўсіх кветак свету.

Рублеўская, Л. І. Шыпшына для Пані : вершы і эсэ / Людміла Рублеўская. — Мінск : Мастацкая лiтаратура, 2007. — 254 с. — (Беларуская проза ХХI стагоддзя).
Любоў да Беларусі, да яе гісторыі, павага да тых, хто працаваў на захаванне культурнай спадчыны народа, праблема захавання гістарычнай памяці — асноўны лейтматыў многіх твораў Людмілы Рублеўскай. Зборнік вершаў і эсэ “Шыпшына для Пані” не выключэнне. Увогуле, вобраз Пані — улюбёны вобраз паэзіі Людмілы Рублеўскай, рамантычная творчая жанчына, чуллівая, здольная на самаахвяраванне ў імя кахання, яна адчувае сябе чужой у сваім часе і пакутліва шукае ўзаемаразумення. Але адначасова — дастаткова моцная, каб прыняць на сябе адказнасць за лёс Радзімы, абараніць свой талент і сваё каханне.
Людміла Рублеўская вядома яшчэ і як дзіцячы пісьменнік, казкі і казачныя аповесці, якія спачатку прыдумываліся для сваіх дзяцей, палюбіліся многім рабятам.

Рублеўская, Л. I. Карона на дне віра, альбо Казкі з хутара Юстыны : для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту / Людміла Рублеўская. — Мінск : Литература и искусство, 2008. — 120 с.
Гэта кніга – незвычайная. Расказваючы цікавыя, займальныя казкі пра нашых даўніх родзічаў, бабуля Юстына вельмі далікатна спрабуе завесці юнага чытача ў непаўторны і дзівосны свет роднай прыроды, знаёміць з гісторыяй паходжання назваў і лекавымі ўласцівасцямі многіх прыгожых кветак і раслін нашай Бацькаўшчыны, якія, дарэчы, увайшлі сёння ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Рублеўская, Л. І. Прыгоды мышкi Пiк-Пiк : казкі : для малодшага школьнага ўзросту / Л. Рублеўская. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. — 167 с.
Казкі пра прыгоды мышкі, якая жыве ў звычайнай гарадской кватэры, - спроба стварэння сучаснай беларускай гарадской міфалогіі. Аўтар прыўнесла казачны свет у звычайнае гарадское жыццё, паспрабавала даць сучасным дзецям зразумелага і блізкага ім героя. Мышка Пік-Пік, як і многія юныя чытачы, не любіць прыбіраць у сваёй норцы і вельмі любіць салодкае, марыць выйграць у конкурсе прыгажосці, заняцца бізнесам, праславіцца на тэатральнай сцэне... Усе яе прыгоды расказваюцца дасціпна, з гумарам, цікава і для самых маленькіх чытачоў, і для іх бацькоў.
Увогуле, што тычыцца літаратуры для дзяцей, пісьменніца Людміла Рублеўская лічыць, што абавязкова трэба перакладаць на беларускую мову дзіцячую класіку – гэта найлепшы сродак закласці ў чытача павагу і любоў да роднай мовы.