Календарь знаменательных дат

Каждый 2-й вторник месяца в Публичном центре правовой информации центральной районной библиотеки им. Б.В.Стрельцова оказываются бесплатные консультации нотариуса.

ru be en

Свята-Узнясенскі жаночы манастыр


Заснавацель манастыра Багдан Статкевіч

Баркалабаўскі жаночы манастыр знаходзіўся на левым беразе Дняпра, на поўдзень ад вёскі Баркалабава, у 12 вёрстах ад горада Быхава. Князёўна Ганна Саламярэцкая, уступіўшы ў шлюб з Багданам Статкевічам, дамаўляецца з ім аб будаўніцтве жаночага манастыра ў Баркалабава. У даравальнай грамаце Б. Статкевіча ад 24 чэрвеня 1641 года запісана, што ён перадае востраў Барок, зямельныя ўгоддзі, раллю, вадзяны млын на вечнае карыстанне жаночаму манастыру, які будзе пабудаваны на востраве. Пасля будаўніцтва жаночага манастыра (1641-1648) Баркалабава ператварылася ў аплот праваслаўя, які адыграў немалую ролю ў справе ўмацавання рускай дзяржаўнасці ў краіне.

Неўзабаве пасля збудавання галоўнага храма ў імя Узнясення Гасподняга ў жыцці мясціны адбылася падзея выключнага значэння. Паводле легенды, вяртаючыся ў 1659 годзе з Польшчы, князь Пажарскі, не расставаўшыся ніколі ў паходах з асабліва шанаванай ім іконай Божай Маці, праязджаў міма ўзнікшага манастыра. Абоз, у якім знаходзіўся абраз, нерухома стаў і коні не маглі крануцца з месца. Тады князь пакінуў выяву ў манастыры. З належнай пашанай абраз паставілі пасярод царквы і пакінулі да раніцы. Калі прыйшлі на наступны дзень, абраз стаяў каля сцяны з правага боку, выбраўшы сабе месца.

Вестка аб цудоўнай з'яве хутка распаўсюдзілася і з усіх бакоў сталі сцякацца багамольцы, каб памаліцца цудатворнаму абразу. Кожны, хто маліўся з прастадушнай верай, атрымліваў суцяшэнне і лячэнне. Слава святога прыстанку паступова разрасталася, рос і дабрабыт людзей.


Выгляд Свята-Узнясенскага манастыра ў ХVII ст.

На працягу сваёй доўгай гісторыі манастыр спасцігалі і часы ліхалеццяў. У 1648 - 1654 гадах сюды часта наведваліся казацкія атрады і рускія войскі, якія ў акрузе вялі баі з войскамі Рэчы Паспалітай. У 1708 годзе шведы стаялі лагерам пад сценамі манастыра. Тут ішлі жорсткія баі. У 1812 годзе прыйшлося перажыць нашэсце французскай арміі. У гады I Сусветнай вайны манастыр праявіў міласэрнасць да шматлікіх бежанцаў, якіх фронт вымусіў пакінуць свае абжытыя месцы. Шмат хто знайшоў тут сабе прытулак. Баркалабаўскі Свята-Узнясенскі жаночы манастыр каля 300-х гадоў быў найважнейшым духоўным і культурным цэнтрам усёй Усходняй Беларусі.

З пакалення ў пакаленне перадаецца аповед, як ужо ў 19 стагоддзі нашы продкі збераглі манастыр ад наступстваў прыроды. Манастыр быў пабудаваны на павым беразе Дняпра. Як вядома рэчышча Дняпра з цягам часу змяняецца. Здарылася так, што рака, падмываючы бераг, стала прыбліжацца да сцен манастыра. Быў дадзены кліч к выратаванню яго. Па просьбе ігуменні Магілёўскі губернатар прыслаў полк салдат. Салдаты, манахіні і вяскоўцы перавезлі горы зямлі ў мяшках і перакрылі рэчышча Дняпра, накіраваўшы яго ў абход манастыра. Ад ранейшага Дняпра застаўся маляўнічы след: глыбокае возера Старык.

Так была выратавана праваслаўная святыня для нашчадкаў – жаночы манастыр – ад разбурэння. Перад гэтым манастыр перажыў гады ўпадку. У 1835 годзе з-за пагрозы разбурэння Баркалабаўскі манастыр быў пераведзены ў Буйніцкі Свята-Духаў жаночы манастыр (які ў гэтым жа годзе быў ператвораны з мужчынскага). Манастыр прыйшоў у заняпад.

У 1885 годзе ад разраду маланкі згарэў стары храм Узнясення Гасподняга, але цудатворны абраз, іканастас і богаслужэбнае начынне былі выратаваны ад пажару. У канцы 80-х гадоў дзевятнаццатага стагоддзя быў узведзены новы каменны храм, які быў асвечаны таксама ў дзень Узнясення Гасподняга.

У 1901 годзе манастыр зноў быў адноўлены і атрымаў самастойнасць. У гэты час тут жылі 82 інакіні, дзейнічалі дзве каменныя царквы: вялікая (халодная) – у гонар Узнясення Гасподняга і малая (цёплая) – у імя прарока і Хрысціцеля Хрыстова Іаана. Манастыр аказваў вялікі ўплыў на жыццё навакольных вёсак. У ім дзейнічала школа, у якой у 1884 годзе вучыліся 20 дзяўчат, тут жа знаходзіўся і прытулак для дзяцей-сірот.

У 1924 г. Баркалабаўскі жаночы манастыр быў закрыты. Але богаслужэнні ў царквах ішлі амаль да канца 20-х гадоў, пакуль не былі знесены з іх волаты-званы і пазалочаныя крыжы разам з купаламі. Знос купалоў праводзіўся пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле камуністаў і камсамольцаў Сарочынскай камуны. Свяшчэннік быў рэпрэсіраваны. У ранейшай трапезнай размясціўся Баркалабаўскі сельскі Савет. У 1929 г. былы выхаванец манастырскага прытулку Раманчук Кірыл арганізаваў тут першы на Баркалабаўскай зямлі калгас “Чырвоны барацьбіт”. Цэрквы сталі клубамі, у іх выступалі прыезжыя артысты, часта паказвалі кінафільмы. Затым яны выкарыстоўваліся ў якасці складаў.

У пачатку 30-х гадоў манашаскія келлі занялі беспрытульнікі і дзеці-сіроты: на месцы манастыра з’явіўся Баркалабаўскі дзіцячы дом. Амаль з першых гадоў Вялікай Айчыннай вайны ён быў эвакуіраваны на ўсход. У ліпені 1941 года снарадамі, пасланымі з-за Дняпра па нямецкаму назіральніку, у верхняй усходняй частцы сцяны Саборнай царквы былі зроблены 2-3 невялікія прабоіны.

У 1943 годзе нямецкія акупанты нанеслі былому манастыру непапраўны шкод – яны ўзарвалі абедзве царквы.

Пасля вызвалення дзіцячы дом быў адноўлены і праіснаваў да сярэдзіны 60-х гадоў, калі ён быў расфарміраваны.


Выхаванцы дзіцячага дома. 1962г.

Потым у манастырскіх пабудовах размясцілі ўчастковую бальніцу, аптэку і сельскую амбулаторыю. Але ў канцы 70-х, у мэтах эканоміі сродкаў, бальніцу закрылі. У сярэдзіне 80-х перавялі адсюль у цэнтр калгаса амбулаторыю і аптэку.

У гэты ж час манастырскі двор зноў напоўніўся дзіцячымі галасамі. Пасля капітальнага рамонту і добраўпарадкавання тэрыторыі тут пачаў дзейнічаць міжкалгасны піянерскі лагер “Светлячок”. Павышаны ўзровень радыёактыўнага забруджвання паслужыў прычынай закрыцця лагера, а дзяцей пачалі аздараўляць за межамі раёна.

У канцы XX стагоддзя на месцы манастыра ад былых храмаў і корпусаў не засталося ніякіх слядоў, усё разбурана да падставы. У апошнія гады XX стагоддзя тут быў усталяваны паклонны крыж.

У чэрвені 2008 года на пасяджэнні Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы было прынята рашэнне аб адраджэнні Свята-Узнясенскага жаночага манастыра. Праз некалькі дзён дзевяць манашак на чале з ігуменняй Антоніяй (Палуянавай) прыбылі з Аршанскага Свята-Успенскага манастыра і ўзяліся за нялёгкую працу будаўніцтва і адраджэння духоўнага жыцця мясціны.

13 мая 2010 года адбылося асвячэнне адноўленага храма Іаана Прадцечы.


Храм святога Прарока і Хрысціцеля Гасподнягя Іаана


Унутранае ўбранне храма

25 ліпеня 2010 года ў адраджаемы манастыр са Свята-Траецкага храма г. Быхава была ўрачыста перанесена цудатворная Баркалабаўская ікона. Спецыяльна для абраза быў збудаваны падлогавы ківот, у які і быў змешчаны святы абраз.


Баркалабаўская ікона Божай Маці

У 2011 годзе завершана будаўніцтва званіцы, быў закладзены падмурак для будаўніцтва сястрынскага корпуса.

Дзяржавай у пастаяннае карыстанне перададзена кляштару тры зямельных участкі агульнай плошчай 14,0466 га зямлі для вядзення падсобнай сельскай гаспадаркі, а таксама зямельны ўчастак плошчай 5,6900 га для будаўніцтва і абслугоўвання манастыра.

Сапраўдным падарункам да свята Нараджэння Хрыстовага ў 2013 годзе для манашак і насельнікаў Баркалабаўскага Свята-Узнясенскага манастыра стала падключэнне мясціны да прыроднага газу.

Зараз на тэрыторыі манастыра пабудавана трапезная, уведзены ў строй гаспадарчы блок, дом для інтэрната манашак, маецца невялікая гасцініца для гасцей і валанцёраў. У перспектыве плануецца аднавіць каменны храм у гонар Узнясення Гасподняга і пабудаваць царкоўна-прыхадскую школу.


Гасцініца

У кнізе іерэя Алексія Болатава “Баркалабаўская ікона. Апавяданне аб іконе Царыцы Нябеснай, яе набыцці і перанясенні ў манастыр” публікуюцца наступныя звесткі: “Согласно монастырским записям, настоятельницы или игумении известны следующие:
1. Фотиния Киркоровна, 1648 г.
2. Ксенофонтия Косиловна, 1649 г.
3. Паисия Юхневичева, 1672 г.
4. Севастьяна Одолевичева, 1736 г.
5. Анфиса, 1737г.
6. Антонина, 1752г.
7. Христофора, 1753 г.
8. Апполинария Коробанкова, 1760 г.
9. Дионисия Федоровичева, 1778 г.
10. Мавра Подпоровская, 1781 г.
11. Елисавета Корбинова, 1795-1798г.
12. Сусанна Томашевская, 1798-1820 г.
13. Петрония Булыева, 1820-?? г.”

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ