Поле сарочынскай славы
У маёнтку багатых паноў Радкевічаў былыя батракі і сяляне-беднякі з навакольных вёсак аб’ядналіся ў камуну. Спачатку іх было шасцёра: Цімафей Сарокін, Якаў Сівакоў, Васіль Сазоненка, Патап Кірпічэнка, Лазар Кірпічэнка, Кузьма Дзем'янавіч. 16 лютага 1919 года яны сабраліся разам у Быхаве з мэтай арганізацыі калектыўнай гаспадаркі.
У пратаколе за №1 запісалі: “Створаную камуну называць “1-я Сарочынская імя Карла Лібкнехта сельскагаспадарчая працоўная камуна”. Старшынёй камуны выбралі Цімафея Іванавіча Сарокіна.
Праз тыдзень іх было ўжо 29, а к пачатку веснавых палявых работ калектыў камуны вырас да 113 чалавек. Першымі камунарамі сталі: Сарокін Яфім, Кірпічэнка Пётр, Апанас і Міхаіл, Дзем’яновіч Андрэй, Папкоў Макар, Новікавы Сямён і Васіль, Бузун Іосіф, Карпікаў Сямён, Яўменаў Кузьма, Мельнікавы Дзмітрый і Мітрафан, Гарбачоў Даніла, Бадзькоў Міхаіл, Шаўкоўскі Іван, Харланаў Даніла, Шпак Трафім, Вараб'ёвы Савасцей і Міхаіл, Лабаты Іван і інш.
Члены праўлення камуны, 1928 год (злева направа): Міронаў Фядос (першы трактарыст у раёне), Дем’яновіч Яўгенія, Краўчанка Захар, Кірпічэнка Патап, Карпікаў Трыфан, Папкоў Макар, Цыркуноў, Харланаў Пётр.
Жыццё ў камуне праходзіла па строгаму распарадку, згодна з уставам камуны, складзенаму яе кіраўнікамі. Тут усё прасякнута калектывізмам, жылі адзінай сям'ёй. Па агульнаму сігналу (удару ў звон) усе ішлі ў сталовую. Спачатку елі дзеці, затым дарослыя. Па сігналу пачыналі і працаваць. Усё рабілі сумесна, весела, з запалам, на поле і з поля ішлі з песнямі, працавалі добрасумленна, а часам і самаахвярна. Адзін з першых камунараў Міронаў Фядос успамінаў: “Аднойчы вечарам барометр паказваў на дождж, у нас жа – 20 га жыта ў снапах на полі. Вырашылі ўбраць. Запалілі ліхтары. Вазілі і насілі снапы ў гумно цэлую ноч. Раніцай зарадзіў дождж, ды на некалькі дзён”.
Цяжка было ў першыя гады камунарам. Многія старонкі іх жыцця былі проста гераічнымі. Яны перажылі грамадзянскую вайну, польскую і нямецкую акупацыі (у час якіх адыходзілі за Днепр), многаразовыя наскокі кулацкіх банд, выстралы з-за вугла. У 1924 годзе банда напала на камуну. Былі спалены кароўнік разам з жывёлай (выратавалі толькі трох кароў), стагі канюшыны. Напасці на кіраўнікоў камуны бандытам не ўдалося – у гэты час ішло пасяджэнне праўлення камуны, камунараў не засталі знянацку.
Ворагі разлічвалі, што камуна распадзецца, камунары разбягуцца. Але яны пралічыліся. Камунары не здаваліся, настойліва прадаўжалі сваю справу. Упартай і энергічнай працай аднавілі зруйнаванае.
Камуна шырокім крокам ішла да новых дасягненняў. Паспяхова развівалася жывёлагадоўля. Коні і каровы – толькі палепшаных парод. Наркамзем СССР прыслаў 50 пародных авечак. Паляводства вялося на навуковай аснове. Таленавітым паляводам быў Кірпічэнка Лазар. Увялі мнагапольны севазварот. Сеялі толькі гатунковым насеннем. Вывелі новы ўраджайны гатунак жыта. 30% пасяўной плошчы займалі карняплоды і кармавыя травы. Значны прыбытак давала агародніцтва. Больш 10-ці гектараў займаў сад. Давала мёд узорная пчолапасека. У 1929 годзе была створана інкубатарная станцыя і птушкаферма.
Слава аб камуне разнеслася па ўсёй рэспубліцы. Яна стала ўдзельніцай ВДНГ, на Ўсебеларускім сельскагаспадарчым конкурсе атрымала Дыплом першынства. Знакаміты конюх Харланаў Даніла быў дэлегатам 1-га Ўсебеларускага з'езда калгаснікаў, а на 1-шы жаночы з'езд была паслана лепшая працаўніца Кірпічэнка Сусана. Яна сустракалася і гутарыла з Н. К. Крупскай.
У 1924 годзе камуна атрымала першы ў вобласці трактар. Авалодалі ім Лагачоў Іван, Мельнікаў Мітрафан, Міронаў Фядос, Карпікаў Трыфан і інш. Першы выезд трактара ў поле, які даручылі Міронаву Фядосу, ператварыўся ў незабыўнае свята.
У хуткім часе атрымалі другі трактар “Фардзон”, а праз некаторы час трэці – “Інтэрнацыянал”. Апрацоўваюцца камунарскія палі машынамі. Тут працуюць трактары, сеялкі, жнейкі, касілкі і іншая тэхніка.
Уся праца ў камуне размеркавана паміж асобнымі камунарамі па спецыяльнасцях і жаданню. Зарплата налічвалася ў грашовых адзінках. На штатных работах атрымлівалі 30-40 рублёў у месяц. Маглі атрымліваць прадукты на дом. За харчаванне адлічвалі 8-10 рублёў у месяц. Канчатковы разлік – у канцы года.
Вялікую ўвагу камунары ўдзялялі выхаванню і адукацыі дзяцей. У камуне працавалі яслі і дзіцячы сад, пачатковая школа. Утрымлівалі інтэрнат у г. Быхаве для навучання дзяцей у сямігодцы. Многія выхаванцы з камуны сталі настаўнікамі, медработнікамі, афіцэрамі, дасягнулі значных вышынь у жыцці. Так, Кірпічэнка Пётр у 1936 годзе атрымаў званне прафесара, Карпікаў Сямён – камісар карабля і выкладчык вышэйшага марскога вучылішча, Кульман Ілля – асабісты сакратар члена Ўрада СССР А. І. Мікаяна.
Моцны ўплыў на ўсё жыццё ў камуне і ў Баркалабаўскім сельсавеце аказвалі партыйная і камсамольская ячэйкі. Узнікла ў камуне і першая піянерская арганізацыя. Пад іх агульным накірункам усталёўваліся новы побыт і культура. Усюды чысціня. Жылі ў прасторных, светлых пакоях. Моладзь арганізоўвала вечары ў вялізнай зале з добра абсталяванай сцэнай.
Плённа працавалі драмгурток, над якім шэфстваваў Магілёўскі драмтэатр і хор. Імі з густам кіравалі галоўны бухгалтар Кантылёў Іван і загадчыца дзіцячага сада Новікава Галіна. Іх апора – камсамольскія актывісты Бадзькоў Дзмітрый, Вольскі Віктар, Новікаў Пётр, Гарбачоў Акім і інш. Са спектаклямі і канцэртамі рабілі выезды і ў навакольныя вёскі.
Асабліва ўрачыста ў камуне праводзіліся святы, якія пакідалі ў моладзі незабыўнае ўражанне. Прагляд спектакляў, канцэрты мастацкай самадзейнасці, гульні ў непаўторнай прыгажосці сарочынскім парку, танцы пад духавы аркестр, які праводзілі шэфы з пантоннага батальёна г. Быхава – усё гэта было новым і незвычайным, вабіла маладых і сталы люд. Грымела музыка на ўсё наваколле, запрашала на свята. Моладзь з бліжэйшых вёсак валам валіла ў святочныя дні ў Сарочына.
“У камуне не было бескультур’я, скандалаў, боек, судзімасцей” – пісаў у сваіх успамінах Кантылёў Іван. – Асобныя праступкі камунараў абмяркоўваліся і асуджаліся калектывам і праўленнем камуны. Строга асуджаліся п’янкі, хоць ад ужывання віна не адмаўляліся. У бібліятэцы захоўваўся неафіцыйны ўстаў камуны, напісаны якімсьці адукаваным камунарам, відаць, былым манахам. Адзін з пунктаў устава сцвярджаў: “У нядзельны або ў дзень свята камунары ідуць у трапезную і за трапезай выпіваюць па адзінай чарцы віна”. Пры падыходзячым выпадку камунары пацяшаліся над гэтым і падобнымі выразамі ўстава. У 1934 годзе камуна была пераўтворана ў калгас.
Нечакана мірная праца людзей была перарвана страшэннай вайной. Першымі ахвярамі фашысцкіх захопнікаў у в. Сарочына сталі камуніст Папкоў Макар і камсамольскія важакі Гарбачова Аня і Бадзькова Лідзія. Але фашыстам не ўдалося запалохаць камунараў, яны паднімаліся на барацьбу з захопнікамі.
У першыя дні акупацыі, у лесе паблізу Сарочына, адбылася сустрэча камунараў з першым старшынёй камуны Сарокіным Цімафеем, які ў апошні час працаваў у Мінску, у наркамземе БССР, і з групай чырвонаармейцаў прабіраўся на ўсход да сваіх. Ён выказаў упэўненасць у перамозе Чырвонай Арміі, даў парады камунарам, як змагацца з акупантамі. Многія сталі партызанамі: Куракін Мікалай разам з сям'ёй, Карпікавы Трыфан і Ўладзімір, Міронаў Фядос, Дзем'яновіч Аўгуста і інш.
Сувязнымі былі Краўчанка Захар, Кірпічэнка Надзея, піянеры Краўчанка Лёня, Кірпічэнка Гена і інш. З іх дапамогай партызаны здзейснілі многія подзвігі.
Восенню 1943 года Кірпічэнка Надзя ўстанавіла сувязь з антыфашыстам-літоўцам, які служыў у нямецка-літоўскім гарнізоне на раз'ездзе Баркалабава. Перад налётам партызан на гарнізон Эйхіс зняў вартавых і вынес з казармы зброю. Партызаны без перашкод уварваліся ў гарнізон, перабілі фашыстаў, разбурылі чыгунку і спалілі казарму.
Праз некаторы час сувязны Краўчанка Захар з іншымі былымі камунарамі дапамаглі партызанам правесці ўдалую аперацыю па разгрому фашысцкага гарнізона ў в. Сарочына. Пры гэтым было знішчана многа нямецкай тэхнікі.
На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся з ворагам былыя камунары Гарбачоў Мікіта, Бузун Уладзімір, Бадзькоў Дзмітрый і інш. Не вярнуліся з фронту Вараб'ёў Віктар, Дзем'яновіч Мікалай, Новікаў Васіль, Карпікавы Мікалай і Канстанцін, Кірпічэнка Міхаіл і інш. Карпікаў Сямён па-геройску загінуў пры абароне Ленінграда, будучы камісарам дывізіі маракоў.
У пасляваенны час нашчадкі камунараў прадаўжалі самааддана працаваць на полі сваіх бацькоў і дзядоў. Многія з іх атрымалі ўрадавыя ўзнагароды. Сярод ордэнаносцаў – механізатары Кузін Міхаіл, Ермалоўскі Васіль, Гарбачоў Уладзімір, палявод Папкова Вольга.
Сарочынскае поле, на якім працавалі першыя камунары, у 80-х гадах мінулага стагоддзя назвалі Полем Славы.