Календарь знаменательных дат

Каждый 2-й вторник месяца в Публичном центре правовой информации центральной районной библиотеки им. Б.В.Стрельцова оказываются бесплатные консультации нотариуса.

ru be en

Нястомныя даследчыкі даўніны

Куляшоў Віктар Фаміч

(23.01.1924 -28.06.2016 )

Нарадзіўся Віктар Фаміч Куляшоў у 1924 г. у вёсцы Сядзіч Быхаўскага раёна ў сям’і сялян. У тым жа годзе яго бацькі пераехалі ў заснаваную на панскай зямлі вёску Залахвенне. Пачаў навучанне ў пачатковай школе Сарочынскай камуны. З 4-га класа навучаўся ў Баркалабаўскай сямігадовай школе. У 1938 г. паступіў у 8-мы клас Быхаўскай СШ № 1, якую скончыў у 1941 г. Марыў паступіць у ваеннае вучылішча, але пачалася вайна. Падчас вайны становішча сям’і ўскладнілася тым, што бацька, які памёр перад вайной, быў бальшавіком і ваяваў на франтах грамадзянскай вайны. У 1944 г. Віктар Куляшоў быў угнаны на прымусовыя работы ў Германію, дзе трапіў на машынабудаўнічы завод у г. Аўсбург. Вызвалілі ў канцы вясны 1945 г. амерыканскія войскі, але на радзіму яму давялося вярнуцца толькі ў канцы лета.

У 1951 г. Віктар Фаміч паспяхова здаў уступныя экзамены ў Магілёўскі педагагічны інстытут на завочнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта, які скончыў у 1958 г. У тым жа 1951 г. ён быў назначаны ў Ветранскую сямігадовую школу настаўнікам фізікі і матэматыкі, а вясной 1954 г. яго накіравалі ў родную Баркалабаўскую СШ выкладаць гэтыя прадметы ў старэйшых класах.


В. Куляшоў пасля бацькоўскага сходу

У 1959 г. Віктар Фаміч назначаны завучам школы. На гэтай пасадзе працаваў 25 гадоў да выхаду на пенсію.

Апрача работы ў школе, Куляшоў прымаў актыўны ўдзел у грамадскай рабоце сельскага Савета – выконваў абавязкі дэпутата Баркалабаўскага сельскага Савета, працаваў сакратаром выбарчай камісіі па Баркалабаўскаму ўчастку.

У другой палове 20-га ст. настаўнікі школы зацікавіліся краязнаўствам, якое прынесла Баркалабаўскай СШ найвялікшую славу і вядомасць. Кіравала ўсёй работай па краязнаўству гісторык школы, жонка Віктара Куляшова, Ганна Пятроўна.


Куляшоў В. Ф. і Куляшова Г. П. – стваральнікі школьнага гісторыка-краязнаўчага музея

Сам Куляшоў дапамагаў афармляць альбомы, пісаў летапісы, вырабляў фотаздымкі, перадрукоўваў фотакарткі, рабіў фотакопіі гістарычных дакументаў і г.д. Назапашаны краязнаўчы матэрыял стаў экспанатамі гісторыка-краязнаўчага музея, які быў адкрыты ў школе ў 1974 г. Па матэрыялам музея Віктар Куляшоў, пры ўдзеле Ганны Пятроўны, напісаў у Быхаўскую раённую газету “Маяк Прыдняпроўя” больш 10-ці артыкулаў, якія затым ляглі ў аснову кнігі “Баркалабава. Гісторыя далёкая і блізкая”. У 2001 г. на II рэспубліканскім конкурсе “Мой родны кут” за серыю артыкулаў пад назвай “Баркалабаўскі бастыён” занялі III месца і былі ўзнагароджаны спецыяльным дыпломам.

У 2013 г. выйшла кніга Віктара Фаміча “Таямніцы і паданні Баркалабаўскага краю”, якая складаецца з чатырох навукова-даследчых работ.


Муж і жонка Куляшовы

Нягледзячы на розныя перашкоды музей працягвае дзейнічаць. Куляшоў Віктар Фаміч памер 28 чэрвеня 2016 года.

Куляшова Ганна Пятроўна

(01.05.1937 - )

Нарадзілася Ганна Пятроўна Куляшова 1 мая 1937 г. у вёсцы Залеская Слабада Лудчыцкага сельсавета Быхаўскага раёна. У 1960 г. скончыла МПІ. З 1960 г. па 1962 г. працавала настаўнікам геаграфіі ў Гродненскай вобласці. У 1962-1963 гг. працавала ў Баркалабаўскім дзіцячым доме. З 1964 г. – настаўнік гісторыі Баркалабаўскай СШ.

Узнагароджана Ганаровымі граматамі, Дыпломамі за краязнаўчую работу, за стварэнне краязнаўчага музея. За серыю артыкулаў у раённай газеце “Маяк Прыдняпроўя” узнагароджана Граматай за 3-е месца ў 2-м рэспубліканскім конкурсе “Мой родны кут”.

Краязнаўча-даследчыя працы і артыкулы Куляшовых
Літаратура аб жыцці і творчасці Куляшовых