Факты, падзеі, імёны
За тысячагоддзі праз кожную мясціну роднай зямлі пралягалі многія шляхі людскіх лёсаў. Калі б гэтыя мясціны маглі гаварыць, то перад намі прадсталі б старонкі далёкай гісторыі нашых продкаў.
Засяленне баркалабаўскіх зямель адбылося раней іншых месц Быхаўшчыны ў эпоху ранняга мезаліту, калі старажытныя людзі палявалi на мамантаў i паўночных аленяў. Як напамінак аб гэтым далёкім часе ў Быхаўскім краязнаўчым музеі захоўваецца костка маманта, знойдзеная на пясчаным беразе ракі Лахва.
Костка маманта, знойдзеная на беразе ракі Лахва
Першыя людзі рухаліся з поўдня, паўднёвага ўсходу i паўднёвага захаду ўздоўж рэк на поўнач, да Баркалабаўшчыны, уздоўж узбярэжжаў Дняпра i Лахвы. Тут i знойдзены старажытныя стаянкі i селішчы чалавека. Гэтыя мясціны прываблівалі людзей багаццем мясцовых лясоў, рэк, азёр i балот, зручнасцю для наладжвання жылля i прыгажосцю навакольнай прыроды. Знойдзеная тут вялікая колькасць крамянёвых прылад працы i збpoi паказвае, што жыхары стаянак займаліся паляваннем i збіральніцтвам, у больш позні час – земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбнай лоўляй. Гавораць, што рэчка Лахва атрымала сваю назву з-за таго, што тут была лафа для рыбакоў.
На паўднёвай ускраіне вёскі Баркалабава, на выцягнутым мысе знойдзены рэшткі гарадзішча – умацаванага паселішча часоў ранняга жалезнага веку (VII -ІІІ ст. да н.э.) i эпохі Старажытнай Pyci. Ёсць меркаванні, што на месцы гарадзішча быў пабудаваны замак Баркулаба Корсака. Больш падыходзячага месца для замка падабраць цяжка. Цяжкадаступнасць для ворагаў забяспечвалі блізка працякаючыя шырокі Дняпро i рэчка Лахва, пад абрывам ляжыць рачулка Струга, навокал бясконцыя лугі. Гэта стварала дадатковае натуральнае ўмацаванне. К таму ж з гары адкрываецца цудоўны від на навакольныя дзівоснай прыгажосці краявіды. Гэта месца ў народзе называецца Панскай Гарой. Але ў "Баркулабаўскім летапісу" адзначана, што замак быў закладзены ў глухім месцы, пакрытым лесам, ва ўрочышчы, называемым Брус, якое знаходзіцца напоўнач ад в. Баркалабава.
Панская Гара
Легенда аб паходжаннi Баркалабава. У канцы шасцідзясятых гадоў школьныя краязнаўцы запісалі са слоў жыхаркі Баркалабава, 98-гадовай Марухінай М.М., легенду аб паходжанні вёскі Баркалабава. Згодна з гэтай легендай жыхары вёскі Баркалабава першапачаткова жылі ва ўрочышчы Старое Сяло, якое размяшчалася недалёка ад вёскі Баркалабава, на ўзвышаным беразе Лахвы, насупраць вёскі Сарочына. Зараз Старое Сяло пакрыта лесам. На месцы сучаснай вёскі быў толькі маёнтак пана. Вельмі даўно жыхароў Старога Сяла, як i іншых вёсак, спасцігла вялікае стыхійнае бедства. Летам выпаў вялікі снег, ударыў мароз. Усе пасевы загінулі. Зіма таксама была вельмі суровай. Пачаўся вялікі голад. Сяляне сем'ямі пайшлі на ніз прасіць міластыню, але паратунку не знайшлі. У пана былі запасы хлеба i ён узяў у свой маёнтак некалькі сямей, астатніх загубіў страшэнны голад. Старая вёска, як i многія іншыя, перастала існаваць. Тыя, хто застаўся ў жывых, сталі сяліцца на новым месцы – на месцы цяперашняй вёскі Баркалабава.
1564 год лiчыцца датай заснавання вёскi Баркалабава. Вёска назву атрымала ад iмя заснавальнiка, беларускага магната Баркулаба Корсака.
1564 год – заснавальнік в.Баркалабава i замка Баркулаб Корсак пабудаваў у вёсцы i наваколлі дзве царквы, іншыя пабудовы. Размах будаўніцтва прывёў к таму, што вёска атрымала статус горада-"месца" і стала называцца мястэчкам.
1583 год – пасля шлюбу дачкі Б. Корсака Евы Баркулабаўны з князем Б.Саламярэцкім, вёска i замак сталі княжыцкім уладаннем. Баркалабава становіцца культурным цэнтрам прыдняпроўскага краю. Тут набыта вядомая ва ўсёй Рэчы Паспалітай бібліятэка.
У князя Саламярэцкага ў той жа час жылі i працавалі хатнімі настаўнікамі Лаўрэнцій 3ізаній i Мялецій (Максім) Сматрыцкі – вядомыя асветнікі i грамадска-палітычныя дзеячы. "Азбукай" i "Граматыкай" Л.Зізанія карысталіся ў школах Беларусі, Украіны, Літвы.
Лаўрэнцій Іванавіч Зізаній, сапр. Тустаноўскі (? — 1634) – педагог, лінгвіст, літаратар, багаслоў, палеміст. Займае значнае месца ў гісторыі беларускай, украінскай і рускай культуры. Навуковая, мастацка-літаратурная і перакладчыцкая спадчына Л. Зізанія – неацэнная каштоўнасць, узор шырокіх інтэлектуальных пошукаў, творчых памкненняў i шчодрага плёну гэтага майстра слова і глыбокага мысліцеля. Паводле адных звестак паходзіў з дробнамаянтковай шляхты Трокскага ваяводства, паводле другіх – з мястэчка Тустынь на Валыні. Адукацыю атрымаў у Астрожскай школе на Валыні. Вядома, што ў 1592-1595 гады ён выкладаў у Львоўскай брацкай школе, працаваў выкладчыкам у Брэсцкай (1592-1595), Віленскай (1595-1597) брацкіх школах. Калі быў у Брэсце, падрыхтаваў вучэбныя кнігі «Азбука з Лексісам» і «Грамматіка словенска совершенного искусства осми частиі слова…» (Вільня, 1596), якія прынеслі яму славу і аўтарытэт вучонага-лінгвіста.
Лаўрэнцій Зізаній
3 1600 года дзяцей князя вучыў М.Сматрыцкі. “Вратами своей учёности" назваў Ламаносаў М.В. яго “Граматыку”. М.Сматрыцкі надоўга звязаў свой лёс з сям'ёй князя Саламярэцкага, часта жыў у яго маёнтках, выязджаў за мяжу з яго сынам Багданам для працягвання адукацыі.
Мялецій Сматрыцкі – свецкае імя Максім (каля 1577, с.Смотрыч, цяпер п.г.т.Хмяльніцкай вобл. Украіны – 27 снежня 1633, Дзермань; Псеўданімы: Теофил Ортолог) – вялікалітоўскі філолаг, грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч, старабеларускі пісьменнік-палеміст, полацкі праваслаўны архіепіскап (з 1620), архімандрыт манастыра ў Дзермані, сын пісьменніка-палеміста і педагога Герасіма Сматрыцкага. Адукацыю атрымаў у г. зв. Астрожскай акадэміі. Пазней пры падтрымцы кіеўскага ваяводы К. Астрожскага вучыўся ў езуіцкай акадэміі ў Вільні, якую, хутчэй за ўсё, не скончыў з невядомых прычын. Працягнуў навучанне ў пратэстанцкіх акадэміях Германіі (Лейпцыга, Вітэнберга). Уступіў у Віленскае праваслаўнае брацтва пры Траецкім манастыры. У 1608 г. М. Сматрыцкі выдаў «Антыграфі…». У 1610 г. друкарня Віленскага брацтва св. Духу выдала пад псеўданімам Тэафіла Арталога палемічны твор М. Сматрыцкага «Трэнас, то бок Лямант усходняй царквы» на польскай мове, якою ён карыстаўся ва ўсіх сваіх апублікаваных палемічных творах. У 1616 друкарня Віленскага праваслаўнага брацтва ў Еўі, куды яна была перанесена пасля зачынення ў Вільні ў сувязі з выданнем «Трэнаса», надрукавала «Евангелле вучыцельнае» з прадмовай М. Сматрыцкага. Паміж 1617 і 1618 М. Сматрыцкі стаў манахам у віленскім манастыры Св. Духа пад імем Мялеція. Працаваў у брацкай школе манастыра, быў рэктарам кіеўскай брацкай школы (1618-1620). Вынікам педагагічнай дзейнасці стала «Граматыка славенска, правільней сінтагма» (Еўе, 1618-1619).
Мялецій (Максім) Сматрыцкі Граматыка М. Сматрыцкага
Другая палова 16-пачатак 17 стагоддзя – у Баркалабаве створаны найвыдатнейшы помнік беларускай нацыянальнай культуры пачатку 17 стагоддзя "Баркулабаўскі летапіс". Твор ананімны, храналагічна ахоплівае 1545-1608 гг.
1594 год – князем Саламярэцкім была закладзена царква ў гонар Георгія Пераможца.
1597 год – Баркалабава атрымала статус горада-«месца» і стала называцца мястэчкам.
1626 год – дзеці князя Саламярэцкага Багдан i Алёна будуюць мужчынскі праваслаўны манастыр, ва ўласнасць якога даруюць вёскі Сутокі i Малахава.
1641-1648 гг. – Багданам Статкевічам заснаваны Свята-Узнясенскі жаночы манастыр. У даравальнай грамаце Б.Статкевіча запісана, што ён перадае востраў Барок, Хадуціцкія сенажаці, пашню, вадзяны млын да Быхаўскай мяжы на вечныя часы жаночаму манастыру.
1648-1654 гг. – у Баркалабава часта наведваліся казацкія атрады i рускія войскі, якія ў наваколлі вялі бai з войскамі Рэчы Паспалітай.
1659 год, 11 ліпеня (24 па новаму стылю) – у Баркалабаўскім манастыры з’явілася ікона Божай Маці “Баркалабаўская”. Паломнікі і багамольцы бясконца ішлі і ехалі ў манастыр, які праз некаторы час расквітнеў, стаў адным з буйнейшых у Рэчы Паспалітай. На паклон абразу ў Баркалабаўскі манастыр сцякаліся паломнікі не толькі праваслаўнай веры, але ўніяты і католікі.
1685 год – дачка тагачаснага гаспадара мястэчка Ізабэла Палубянская выйшла замуж за Е.Сапегу i замак у якасці прыданага перайшоў к яму. Паступова сталі заняпадаць замак i мужчынскі манастыр, затым яны зусім зніклі. Толькі жаночы манастыр прадаўжаў працвітаць i развівацца, прыносячы славу вёсцы Баркалабава.
1708 год – пад сценамі манастыра стаялі лагерам шведы. Тут ішлі жорсткія бai. Як сведчыць легенда, шведскі ваеначальнік астанавіўся ў манастыры і патрабаваў фуража для коней. Выдалі што мелі і сталі старанна маліцца, каб пазбегнуць далейшых грабежніцкіх дзеянняў. Назаўтра коней знайшлі памершымі. Гэта так уразіла яго, што ён праявіў жаданне прыняць праваслаўе.
1758 год – у Баркалабава налічвалася 64 двары, 171 жыхар мужчынскага полу, тут меліся саладзільня, піваварня, 2 гаспадарчыя двары.
1780 год – налічвалася 69 двароў, 465 жыхароў, 2 царквы, 2 мельніцы, панская ўласнасць.
1812 год – манастыр перажываў нашэсце французскай арміі. Ходзіць легенда, што французы хацелі падпаліць царкву, абклалі сенам і сухім галлём і сталі грабіць. Адзін грабежнік прыблізіўся да цудатворнай іконы “Баркалабаўская” і схапіў рукой прывеску, хацеў сарваць яе, але быў невядомай сілай адкінуты. Рабаўнікі прыпынілі грабёж царквы і пакінулі Баркалабаўскі манастыр.
1835 год – Баркалабаўскі манастыр, з-за пагрозы разбурэння (рака Днепр, падмываючы бераг, стала прыбліжацца да сцен манастыра), быў прыпісаны да Буйніцкага Свята-Духава жаночага манастыра, які ў гэтым жа годзе быў ператвораны з мужчынскага манастыра. Страціўшы сваю самастойнасць, манастыр паступова прыходзіў у заняпад.
1884 год – пры манастыры быў адчынены клас для 20 дзяўчынак. Заняткі праводзіў дзяк.
1884 год лічыцца годам заснавання Баркалабаўскай школы.
1885 год – драўляны Узнясенскі храм манастыра згарэў у час навальніцы. Цудатворную ікону Баркалабаўскай Божай Маці i царкоўныя рэчы паспелі вынесці.
1885 год – узведзена манастырская Успенская мураваная царква, куды і быў перанесены цудатворны абраз Баркалабаўскай Божай Маці.
Канец 19 стагоддзя – у Баркалабава дзейнiчалi медзеплавiльны i лесапiльны заводы, на якiх працавала па 50 чалавек, а таксама два вiнакураных заводы.
1901 год – манастыр быў адноўлены і атрымаў самастойнасць. Дзякуючы свайму размяшчэнню на пагорку i свайму беламу афарбаванню віднеўся за многа верст навокал. На святы i ў нядзельныя дні абуджаў прастору царкоўны перазвон, які разносіўся па ўсёй акрузе. Прыхажане ішлі ў царкву цэлымі сем'ямі, каб прысутнічаць на багаслужэнні, суправаджаемым спевамі царкоўнага хору, далучыцца да святых таінстваў, пакланіцца цудадзейнай іконе Божай Maці.
1904 год – на галоўнай вуліцы в. Баркалабава была пастаўлена мураваная царква ў псеўдарускім стылі, якая атрымала імя Казанскай іконы Божай Маці.
1904 год – у Баркалабава пабудаваны двухпавярховы будынак царкоўна-прыходскай школы, дзе вучылі чытаць, пісаць, лічыць i жыць па законах хрысціянскіх. Гэты будынак захаваўся i цяпер.
1919 год – у маёнтку багатых паноў Радкевічаў былыя батракі і сяляне-беднякі з навакольных вёсак аб’ядналіся ў камуну, якую назвалі “1-я Сарочынская імя Карла Лібкнехта сельскагаспадарчая працоўная камуна”.
1922 год – камунары Сарочынскай камуны адкрылі клуб.
1924 год – Баркалабаўскі жаночы манастыр быў закрыты. Адыйшлі ў нябыт яго залатыя гады, але багаслужэнні ў царквах ішлі да канца 20-х гадоў, пакуль не былі знесены з ix званы i пазалочаныя крыжы разам з купаламі. Знос купалоў праводзілі камуністы i камсамольцы Сарочынскай камуны i вёскі Баркалабава пад жудасны лямант i страшэнныя праклёны шматлікіх багамольцаў i былых манахінь. Пасля закрыцця манастыра манахіні рассяліліся ў навакольных вёсках: хто ў родзічаў, або сваякоў ці знаёмых. Свяшчэннік быў рэпрэсаваны. Яго сям'я – дзве дачкі і іх маці – знайшлі прытулак у вёсцы Залахвенне ў пакінутай хацінцы. Манастырскія памяшканні занялі іншыя насельнікі. У ранейшай трапезнай размясціўся Баркалабаўскі сельскі Савет.
1927 год – Сарочынская камуна была ператворана ў калгас імя К. Лібкнехта, які шляхам далучэння суседніх гаспадарак, у т. л. і першага ў в. Баркалабава калгаса «Чырвоны барацьбiт», стаў папярэднікам цяперашняга ВПК «Баркалабаўскi» з цэнтральнай сядзібай – аграгарадком Баркалабава.
1929 год – будынак царквы імя Казанскай іконы Божай Маці перадалі мясцовай школе. Памяшканні храма перайшлі пад класныя пакоі.
Пачатак 30-х гадоў – на месцы манастыра з'явіўся Баркалабаўскі дзіцячы дом. Манашанскія келлі занялі беспрытульнікі i дзеці-сіроты. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны дзіцячы дом быў эвакуіраваны на ўсход. Пасля Вялікай Айчыннай вайны на месцы былога манастыра дзіцячы дом быў адноўлены.
У гады Вялікай Айчыннай вайны для вернікаў была адчынена царква імя Казанскай іконы Божай Маці. Зноў зачынена яна была ў 1949 годзе.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў памяшканні сельскага Савета была адчынена хата-чытальня.
1943 год – нямецкія акупанты нанеслі былому манастыру непапраўны шкод – яны ўзарвалі абедзве царквы.
1949 год – зачынена царква імя Казанскай іконы Божай Маці. У 50-я гады ў будынку царквы размяшчаўся зернясклад (свіран).
1953 год – перад святам Вялікдня цудатворная ікона “Баркалабаўская” была прынесена ў Свята-Траецкі храм г. Быхава і змешчана ў адмысловы прысценны ківот.
У сярэдзіны 60-х гадоў дзіцячы дом расфарміравалі. У манастырскіх пабудовах размясцілі ўчастковую бальніцу, аптэку i сельскую амбулаторыю. Прасторныя памяшканні i санаторныя прыродныя ўмовы падыйшлі для бальніцы найлепшым чынам.
1959 год – у Баркалабава пабудавана памяшканне сельскага клуба.
1962 год – у сувязі з пабудовай у Баркалабава памяшкання новай школы, у будынку царквы імя Казанскай іконы Божай Маці стварылі спартзал, на другім паверсе з 1990-х гадоў – школьны гісторыка-краязнаўчы музей.
Канец 70-х гадоў – у мэтах эканоміі сродкаў бальніцу закрылі. Аптэку i амбулаторыю перавялі ў цэнтр калгаса.
1974 год – адкрыўся Баркалабаўскі сельскі Дом культуры.
Сярэдзіна 80-х гадоў – пасля капітальнага рамонту i добраўпарадкавання тэрыторыі манастыра тут пачаў дзейнічаць міжкалгасны піянерскі лагер "Светлячок". Манастырскі двор напоўніўся дзіцячымі галасамі, але павышаны ўзровень радыяцыі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС паслужыў прычынай закрыцця лагера.
Пачатак 90-х гадоў – мясцовыя жыхары зруйнавалі Баркалабаўскі жаночы манастыр. Усе будынкі – i былыя келлі манахінь, i ўзведзеныя ў бытнасць дзіцячага дома – разрабавалi, расцягнулі да апошняй шчэпкі, да апошняга кавалка цэглы або каменя, праляжаўшых у зямлі каля 400 гадоў. Нават з падмуркаў царквы.
Апошнія гады XX стагоддзя – на месцы Баркалабаўскага жаночага манастыра быў усталяваны паклонны крыж.
1965 год – адкрыўся Дом бытавых паслуг.
1987 год – пабудавана памяшканне магазіна.
2006 год – царква імя Казанскай іконы Божай Маці перададзена вернікам.
2007 год – Баркалабаўскі Дом культуры перайменаваны ў Баркалабаўскі культурна-спартыўны цэнтр.
2008 год – у час правядзення рамонтна-аднаўленчых работ, у шахце, у алтарнай частцы царквы імя Казанскай іконы Божай Маці, будаўнікі знайшлі драўляны крыж вышынёй 1 м. 20 см., які быў закладзены нашымі продкамі на пачатку будаўніцтва царквы. Крыж добра захаваўся.
2008 год – на паседжанні Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы было прынята рашэнне аб адраджэнні Свята-Узнясенскага жаночага манастыра.
2010 год (13 мая) – адбылося асвячэнне адноўленага храма Іаана Прадцечы.
2010 год (25 ліпеня) – са Свята-Траецкага храма г. Быхава ў манастыр быў урачыста перанесены цудатворны абраз Божай Маці. Неслі ікону Хрэсным ходам, у якім удзельнічалі некалькі сотняў вернікаў як з Быхаўскага раёна, так і іншых раёнаў вобласці і рэспублікі. Прыбыла цудатворная ікона да месца сваёй цяпер ужо пастаяннай прапіскі амаль да заходу сонца. Дарога ў Іаана-Прадцечанскі храм, куды вернікі неслі на руках цудатворны вобраз Багародзіцы, была ўслана свежай травой і кветкамі. Праз паўстагоддзя абраз Божай Маці вярнуўся на месца свайго першага знаходжання.
2010 год – пачала сваю дзейнасць фермерская гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні цыбулі, часнака, бульбы (15 га).
2010 год – пачало сваю дзейнасць грамадства з абмежаванай адказнасцю “Салодкая сядзіба” па вытворчасці розных сартоў пячэння і пірожных.
2011 год – завершана будаўніцтва званіцы, быў закладзены падмурак для будаўніцтва сястрынскага корпуса. Дзяржавай у пастаяннае карыстанне перададзена кляштару тры зямельных участкі агульнай плошчай 14,0466 га зямлі для вядзення падсобнай сельскай гаспадаркі, а таксама зямельны ўчастак для будаўніцтва і абслугоўвання манастыра.
2013 год – да Баркалабаўскага Свята-Узнясенскага манастыра падключаны прыродны газ. На тэрыторыі манастыра пабудавана трапезная, уведзены ў строй гаспадарчы блок, дом для інтэрната манашак, маецца невялікая гасцініца для гасцей і валанцёраў.
2013 год – у свет выйшла кніга мясцовага краязнаўца Віктара Фаміча Куляшова “Таямніцы і паданні Баркалабаўскага краю”, якая складаецца з чатырох навукова-даследчых работ.
2014 год – у храм імя Казанскай іконы Божай Маці вярнуўся Напрастольны крыж першага Баркалабаўскага святара айца Васіля, які лічыўся незваротна страчаным.