Царква іконы Казанскай Божай Маці
У 1904 годзе на галоўнай вуліцы в. Баркалабава была пастаўлена мураваная царква ў псеўдарускім стылі, якая атрымала імя Казанскай іконы Божай Маці.
Будаўніцтва пачалося ў 1900 годзе. Усімі будаўнічымі работамі кіраваў свяшчэннік – айцец Васіль (Сас-Аляшкевіч). Па Дняпры прыходзілі баржы з пяском і іншымі будаўнічымі матэрыяламі. Баркалабаўцы ўручную – у кошыках, сумках і вёдрах пераносілі ўсё гэта з баржаў на круты бераг. Жыхары Баркалабава і навакольных вёсак самі непасрэдна будавалі храм, альбо ахвяравалі грошы на будаўніцтва. Царква будавалася ўсёй грамадой літаральна па цаглінцы.
Каля царквы была пабудавана двухпавярховая манастырская гасцініца.
Былая гасцініца
Была адноўлена чатырохкласная царкоўна-прыходская школа, для якой было пабудавана ў 1904 годзе новае памяшканне. Заняткі праводзілі настаўніца Варвара Жудро і свяшчэннік Васіль Сас-Аляшкевіч.
У 2-ім томе энцыклапедыі “Вялікае княства Літоўскае” паведамляецца, што герб “Сас” вядомы с ХV стагоддзя на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы. Гэтым гербам карысталіся прадстаўнікі каля 300 дваранскіх радоў.
Васіль Мікалаевіч Сас-Аляшкевіч нарадзіўся каля 1860 г. у в. Баркалабаў (менавіта так раней называлася вёска) у сям’і свяшчэннаслужыцеля. Беларус. Скончыў юнкерскае вучылішча, але адмовіўся ад ваеннай кар’еры. У 1900-1910 гг. быў настаяцелем Казанскага храма ў роднай вёсцы. Арыштаваны 8-га сакавіка 1930 г., праз тры тыдні асуджаны разам з шэрагам святароў Магілёўскай епархіі да 3-х гадоў працоўна-папраўчага канцлагеру (умоўна). Пераехаў у Клімавічы. Служыў настаяцелем у Міхайлаўскай царкве. Зноў арыштаваны 4-га жніўня 1937 г. Праз месяц пасля арышту быў прыгавораны тройкай НКВД да вышэйшай меры пакарання за “антысавецкую агітацыю”. Васіль Мікалаевіч Сас-Аляшкевіч расстраляны 28-га верасня 1937 г. у Магілёўскай турме НКВД. Поўнасцю рэабілітаваны па абодвух справах у 1989 г. пракуратурай Магілёўскай вобласці.
У 20-я гады мінулага стагоддзя былі разбураны купалы і скінуты крыжы, усё ў царкве разбілі і паламалі. Іконы зрывалі са сцен, секлі і кідалі на падлогу, скакалі на іх, кідалі абразы ў агонь…
Па ўспамінах мясцовых жыхароў, у 20-я гады мінулага стагоддзя настаяцелем Баркалабаўскага храма быў Счасновіч, імя і імя па бацьку якога ніхто са старажылаў не змог успомніць. Дадзеных аб яго лёсе пакуль няма.
У 1929 г. будынак царквы перадалі мясцовай школе. Памяшканні храма перайшлі пад класныя пакоі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны немцы адчынілі царкву для вернікаў. Адкрыццю храмаў у Магілёве, Быхаве, Баркалабаве садзейнічаў архімандрыт Серафім (Раман Раманавіч Шахмуць). Пазней ён згадваў, што пры адкрыцці храмаў шмат людзей плакала ад радасці, цэрквы былі перапоўнены. Людзі неслі ў храмы тое, што ўдалося зберагчы ад бязбожнікаў: крыжы, Евангелі, абразы, царкоўнае аблачэнне.
У 1945 годзе архімандрыт Серафім быў замучаны ў засценках ЧК. У 1992 г. ён быў прылічаны да ліку святых новапакутнікаў беларускай праваслаўнай царквы.
Як згадваюць старажылы, у час Вялікай Айчыннай вайны ў Баркалабаўскую царкву людзі прыходзілі на службу за 50 кіламетраў пешшу з Чавускага раёна.
Пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў Баркалабаўская царква дзейнічала некалькі гадоў. Мясцовы майстар Аляксандр Сысоевіч Цыркуноў зрабіў у 1945 годзе для храма новы іканастас. Але ў 1949 годзе царкву зачынілі.
У дзяржаўным архіве Магілёўскай вобласці маюцца звесткі пра склад царкоўнага савета і свяшчэннікаў Баркалабаўскай царквы за 1946-1949 гады. Адпаведны дакумент прыводзіцца ў перакладзе на беларускую мову: “Прызначэнні па прыходу Баркалабаўскай царквы”.
28.02.1946 г. Спіс стваральнікаў Баркалабаўскай царквы. Выбраны царкоўны савет і рэвізійная камісія.
Стараста – Турын Філімон Максімавіч (1883).
Памочнік старасты – Клімаў Кузьма Антонавіч (1885).
Казначэй – Церашкоў Рыгор Ісаакавіч (1889).
Старшыня рэвізійнай камісіі: Казюкоў Сямён Маісеевіч (1885).
Члены камісіі: Цыпкуноў Сямён Трыфанавіч (1890, Дальняе Ляда), Ставянкоў Філіп Іванавіч (1870, Касічы).
20.05.1946 г. Старшыня Баркалабаўскага сельсавета Каралюк П.М. падпісаў дамову з абшчынай аб перадачы будынка храма.
28.07.1947 г. Прызначаны настаяцелем свяшчэннік Цярэнцій Савіч Лакоцкі (1892 г. нараджэння, Ровенская вобласць).
20.04.1948г. Прызначаны настаяцелем протаіерэй Сімяон Сцяпанавіч Каралёк (1875 г. нараджэння, з сялян Шклоўскага раёна, скончыў настаўніцкую семінарыю).
26.07.1948 г. Прызначаны свяшчэннік Міхаіл Рагачэўскі, да гэтага быў у в. Залесавічы Кіраўскага раёна. Самавольна пакінуў прыход.
11.08.1948 г. Забаронены да свяшчэннаслужэння.
17.12.1948 г. Прызначаны свяшчэннікам Пётр Вядрыцкі. Да гэтага служыў у мястэчку Галоўчын Бялыніцкага раёна. Пераведзены ў Баркалабава “у пакаранне за невыкананне прадпісанняў епархіальнай улады” і “за пагардлівыя адносіны да пагашэння ўзносаў”.
02.02.1949 г. Вядрыцкі вернуты на папярэдняе месца “у сувязі з выпраўленнем паводзін”.
04.07.1949 г. Баркалабаўская царква знята з рэгістрацыі. “Свяшчэннікі не ідуць на Баркалабаўскі прыход, як зусім непрыбытковы”.
У 50-я гады ў будынку царквы размяшчаўся зернясклад (свіран).
У пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя будынак царквы зноў перадалі школе. У 1962 г., у сувязі з пабудовай новай школы, у будынку царквы засталіся спартзал і на другім паверсе з 1990-х гадоў – школьны гісторыка-краязнаўчы музей, адзін з лепшых у вобласці.
Царква ў час знаходжання у ёй спартзалы і музея
З канца 90-х г. вернікі пачалі дабівацца перадачы царквы ім. У 2006 г. гэта падзея адбылася.
Вясной 2008 г., у час правядзення рамонтна-аднаўленчых работ, у шахце, у алтарнай частцы царквы, будаўнікі знайшлі драўляны крыж вышынёй 1 м 20 см, які быў закладзены нашымі продкамі на пачатку будаўніцтва царквы. Крыж добра захаваўся. Зараз ён размяшчаецца ў алтарнай частцы храма.
Храм Казанскай іконы Божай Маці падчас рамонтна-аднаўленчых работ
У 2014 г. адбылася яшчэ адна знакавая падзея. У храм вярнуўся Напрастольны крыж першага Баркалабаўскага святара айца Васіля, які лічыўся незваротна страчаным.
Адраджэнне царквы безумоўна прывядзе да ўздыму духоўнасці і культуры людзей, усталявання паміж імі адносін дабрыні, вяртання да народных і хрысціянскіх традыцый і звычаяў.
2014г.