Календарь знаменательных дат
Каждый 2-й вторник месяца в Публичном центре правовой информации центральной районной библиотеки им. Б.В.Стрельцова оказываются бесплатные консультации нотариуса.

Баркулабаўскі летапіс

Баркулабаўскі летапіс – крыніца гісторыі Беларусі сярэдзіны XVI – пачатку XVII стст. першараднай важнасці, выдатны помнік беларускай мовы, усёй беларускай культуры, які быў складзены ў мястэчку Баркулабава Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Помнік захаваўся ў адзіным спісе, які займае канец рукапіснага зборніка, які захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве. Першыя выдаўцы летапісу і яе даследчыкі П.А.Куліш, М.В.Доўнар-Запольскі, Е.Р.Раманаў выказвалі меркаванне, што летапіс складзены святаром вёскі Баркалабава Фёдарам Філіповічам (Фёдарам Філіповічам Магілёўцам). Так як у летапісу адзначана дата пачатку навучання сына князя Багдана Саламярэцкага, таму гэта маглі зрабіць толькі бацькі або настаўнік, а ім па агульнапрынятым звычаі таго часу, мог быць толькі мясцовы святар. Аднак вядома, што хатнімі настаўнікамі ў князя Саламярэцкага працавалі вядомыя асветнікі Лаўрэнцій Зізаній і доўгі час Мялецій Сматрыцкі. Даследчыкі ХХ стагоддзя (Мальцаў А.М. і інш.) выказваюць меркаванне, што аўтарам летапісу мог быць, як сам Фёдар Філіповіч, так і дыякан царквы ці псаломшчык, які служыў у яго, паколькі пра Філіповіча ў летапісу заўсёды гаворыцца ў трэцяй асобе. Але да сённяшняга дня дакладных звестак пра аўтара Баркулабаўскага летапісу не існуе. Аўтар летапісу памёр позняй восенню 1608 года. Менавіта тут рэзка перарываецца апавяданне. Акрамя таго, па скупым 1608 годзе, услед за прасторным 1607 годам можна меркаваць аб яго працяглай хваробе. Першы рукапіс быў страчаны, але ахаваўся спіс, датаваны 1660-ым годам. Баркулабаўскі летапіс пачынаецца паведамленнем пра Берасцейскі сойм 1544 года (у летапісу 1545), на якім кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Казіміравіч І прызначыў пераемнікам на княскі пасад свайго сына Жыгімонта ІІ Аўгуста. Затым летапісец пераходзіць да апісання падзей пераважна мясцовага характару. Запісы, як правіла, падаюцца ў форме традыцыйных для летапісаў пагадавых рамак, аднак яны не заўсёды падпарадкоўваюцца строгай гістарычнай храналогіі.

Пры складанні летапісу аўтар выкарыстаў свае ўласныя назіранні, народныя паданні (напрыклад, аб заснаванні Магілёва), летапісныя запісы сваіх папярэднікаў, апавяданні старэйшых сучаснікаў, сведчанні відавочцаў (падрабязнае апісанне сабораў у Брэсце), а таксама ўключыў афіцыйныя дакументы (лісты, прывілеі, універсалы). Баркулабаўскі летапіс носіць ярка выражаны мясцовы характар. Увага аўтара засяроджана галоўным чынам на гісторыі Баркулабава, размешчанага ўніз па Дняпры ў 60 км. ад Магілёва, а таксама на гісторыі самога Магілёва, Оршы, Полацка і сумежных раёнаў. Кажучы пра якія-небудзь падзеі, укладальнік перш за ўсё аперуе дадзенымі па сваёй мясцовасці і толькі з большага тычыцца іншых тэрыторый. Падкрэсліваючы мясцовы характар летапісу, нельга не адзначыць наяўных у ёй звестак пра іншыя раёны Беларусі, аб Украіне, Літве, Польшчы, Расіі, Малдавіі. Укладальнік у курсе найважнейшых падзей, якія мелі месца ў Рэчы Паспалітай, Расіі. Баркулабаўскі летапіс прасякнуты глыбокім спачуваннем да народных масаў, да беларускіх сялян, «людзям убогім». Дастаткова ўспомніць апісанне голаду ў Беларусі ў 1601-1602 гг. Для летапісу характэрна варожае стаўленне да каталіцкай і ўніяцкай царквей, аднак аўтара зусім не цікавяць кананічныя і багаслоўскія пытанні, хоць ён і ў курсе найважнейшых царкоўна-палітычных падзей.

"Баркулабаўскі летапіс" – гэта ўнікальны мастацкі твор, значная i цікавейшая частка якога прысвечана адлюстраванню будняў сялянскага жыцця тых месц, якія акружалі сяло Баркулабава i пастаянна знаходзіліся ў полі зроку яго надзвычай дапытлівага i руплівага гісторыка-бытапісца.

Жывая зацікаўленасць гэтага бытапісца да гісторыі роднай яму мясцовасці абумовіла тое, што ён з асаблівым захапленнем i замілаванасцю нястомна i па крупінцы, як тая пчала, збipaў i заносіў у свае пагадовыя "соткі-ячэйкі" нават самыя дробныя лакальныя звесткі. Аўтар не выпускаў з-пад увагі i лічыў неабходным зазначыць, на якіх умовах адбывалася заснаванне i засяленне некаторых вёсак i сёл, калі, дзе i з выпадку чаго будаваўся той або іншы храм, хто быў яго першым свяшчэннікам, на якім узроўні тады знаходзілася эканамічнае жыццё сялянскіх мас, калі i якія цэны былі на сельскагаспадарчыя прадукты i г.д.

Канцэнтруючы ўвагу пераважна на бытавых фактах сялянскага жыцця, аўтар даў нам яркае ўяўленне аб настроях, пачуццях, імкненнях свайго сучасніка, чалавека сярэдняга дастатку, над якім мелі ўладу сіла традыцый, прывычкі, улада зямлі i з'явы навакольнай прыроды. Мова яго запісаў, прызначаных для міран, выгадна вылучаецца сваёй чысціней народнай гаворкі. Яна простая, лёгкая, але па-народнаму трапная i сакавітая, вострая i лаканічная i надзвычай філігранная ў cвaix эмацыянальна-стылявых адценнях.

Шмат зрабіў для вывучэння Баркулабаўскага летапісу М.В.Доўнар-Запольскі. У 1896-1897 гг. ён апублікаваў шэраг невялікіх нататкаў аб гэтым летапісу. У 1908 г. у Кіеве выйшла асобным выданнем невялікая кніжка М.В.Доўнар-Запольскага аб Баркулабаўскім летапісу. У гэтай працы аўтар абагульніў свае вынікі вывучэння летапісу. У ёй больш поўна прыведзены тэкст летапісу і дадзена невялікае, але змястоўнае даследванне пра яго. Ён падкрэслівае мясцовы характар летапісу, сімпатыі аўтара да народа, жвавасць і народнасць мовы, кажа пра варожасць аўтара каталіцызму і ўніі, а таксама пра тое, што «летапіс быў напісаны ў мясцовасці каля Оршы».

«Баркулабаўскі летапіс» уключае матэрыял, узяты з самых разнастайных крыніц. У адным выпадку – гэта ўласныя назіранні аўтара над мясцовым жыццем сяла Баркулабава i яго ваколіц, у другім – лісты, пераказы i ўспаміны іншых асоб, у трэцім – афіцыйныя, прыватныя i дзяржаўныя дакументы эпoxii, нарэшце народныя легенды i паданні. Аўтар стварае эмацыянальна насычаныя, выразныя малюнкі мясцовага жыцця, яркія пейзажныя замалёўкі, жывыя вобразы сялян, а ў асобных выпадках, як напрыклад, у апісанні жудасных пакут народа ў самым пачатку 17 ст., яму ўдаецца перадаць i напружаны пульс свайго часу.

Тады, зазначае аўтар запісаў, «было жалосно и страшно гледети и выповедити уздыхання и плачу людей убогих, пашников немаетных», якія з прычыны напаткаўшага ix голаду вымушаны былі пакідаць свае абжытыя мясціны ў басейнах вярхоўяў Дняпра i Заходняй Дзвіны, а нярэдка нават i сем’і ў сцюдзёную, надзвычай снежную зіму цягнуцца на поўдзень у пошуках кавалка хлеба i талеркі цеплага супу. Знясіленыя, пасінелыя ад лютых марозаў, апухлыя ад голаду людзі абмарожваліся, замярзалі i мерлі. Мерлі ў адзіночку і групамі, мерлі на вуліцах i дарогах, на полі, на ярах, у пустых хатах i гумнах. Мерла так многа людзей, што ўcix ix не паспявалі закопваць, а таму бывалі выпадкі, калі ў "ровех псы мертвых многих тела ели".

Гэты поўны драматызму малюнак народных пакут яшчэ больш абвастраецца i нават набывае гукавое адценне, калі аўтар, імкнучыся быць дакладным, перадае надрыўныя енкі i просьбы галодных людзей, хоць чаго- небудзь паесці. Ён падкрэслівае, што прастойваючы часамі каля плоту, варот або ў доме, гэтыя людзі: "отец з сыном, сын з отцом, матка з дочкою, дочка з маткою, брат з братом, сестра з сестрою, муж з жоною, тыми словы мовили силне, слезне, горко, молвили так: "Матухно, зезулюхно, утухно, панюшко, сподариня, солнце, месяц, звездухно, дай крошку хлеба!". Тут же подле ворот будет стояти зраня до обеда и до полудня, так и просячи: там же други под плотом и умрет... А коли варева просили, тые словы мовили: "Сподарыня, перепелочко, зорухно, зернетко, солнушко, дай ложечку дитяти варивца сырого!". Аўтар балюча перажывае пакуты i гэтых вымушаных голадам вандроўнікаў, i тых, хто яшчэ заставаўся сядзець на месцы ў надзеі выратавацца ад смерці хлебам з недаспелага i завеянага снегам ураджаю ярыны. Але які гэта быў хлеб, "коли муку житную у хлебе спекут, то тесто печеное солодко, а за скорину хотя ж ложки клади, а в печи не печется". Іменна таму, што сам аўтар вельмі блізка стаяў да народа, добра ведаў яго ўмовы жыцця i, відаць, меў прамое дачыненне да працы хлебароба (бо надзвычай часта звяртаў увагу на земляробчы каляндар i цэны на хлеб на працягу ўсяго свайго летапісу), яго адносіны прасякнуты шчырай спагадай да простага працаўніка. Ён спачувае яму i сумуе, калі той церпіць ад стыхійнага бедства.

Многа месца ў запісах "Баркулабаўскага летапісу" адводзіцца i апісанню казацкага руху. Не разумеючы значэння гэтага руху ў барацьбе беларускага i ўкраінскага народаў супраць польскай феадальна-каталіцкай агрэсіі, аўтар выказвае свае рэзка адмоўныя адносіны да казакоў, якія шмат дамоў i крам спалілі ў Магілеве i "мешчан, бояр, людей учтивых так мужей, яко и жен, детей малых побили, поругали, попоганили", "скарбовтеж незличоных побрали". Разам з тым аўтар не выказвае прыхільнасці i да ваяк Радзівіла, якія таксама набралі з "тутошнего краю лупу". Наогул, ваенныя паходы, незалежна ад ix характару, аўтар "разглядае з пункту погляду таго, ці многа ад ix было шкоды мясцоваму насельніцтву, як адбіліся яны на жыцці простага люду".

Летапісец даволі часта праяўляе цікавасць да гістарычных, пераважна грамадска-палітычных падзей у жыцці суседняй Маскоўскай дзяржавы, але ён нідзе так выразна не выказваў cвaix адносін да Масквы, як у запіcax, прысвечаных падзеям рускай гісторыі за 1605-1607 гг. Падрабязна i цікава расказвае ён, як жыхары Масквы "змовившися межи собою, в ночи без вести... грозно вдарили на палац самого царя Дмитра Ивановича" i перабілі там усю яго світу. Сімпатыі аўтара цалкам на баку паўстаўшых масквічоў, бо яны не маглі пагадзіцца з той недаравальнай абразай, якую праяўлялі да ix каталіцкія паны новага цара, калі ў сваім маскоўскім касцёле "служили службу божую, а з руских церквей великое насмеване чинили, попов московских уруговали" ды i над імі самімі насміхаліся.


Яшчэ больш адмоўна паставіўся аўтар запісаў да новага самазванца, які ў мai 1607 г. аб'явіўся на Магілеўшчыне i "менил себе быти оным царем московским". Ен пераканаўча паказвае, што вайна, распачатая самазванцам у мэтах заваявання маскоўскага царскага трону, была справай рук паноў Рэчы Паспалітай, якія дапамаглі “Дмитрашу" падысці аж да самай Масквы. I толькі дзякуючы выключнай стойкасці i арганізаванасці маскоўскіх людзей войску самазванца, нягледзячы на неаднаразовыя спробы, не ўдалося ўзяць сталіцы.

Аўтар выкрывае новаяўленага самазванца, рэзка асуджае i ганьбіць тых паноў i купцоў Рэчы Паспалітай, якія дапамагалі гэтаму авантурысту весці спусташальную вайну супраць Рускай дзяржавы. Яго расказ пра гэтыя падзеі наскрозь прасякнуты спагадлівымі адносінамі да Масквы. Як гуманіст, хай сабе часам i вельмі далёкі ад разумення сутнасці ваенных i палітычных праблем сваёй эпохі, ён спачываў уcім, хто станавіўся ахвярай вайны i ў яе пажары страчваў здабыткі сваёй мазольнай працы.

У ліку значных для свайго часу грамадска-палітычных падзей аўтар апісвае варшаўскі вальны сейм 1587 г., Брэсцкі царкоўны сабор 1596 г. i Сандамірскі шляхецкі рокаш 1606 г.

Аўтар "Баркулабаўскага летапісу" быў чалавекам свецкім. Таму не выпадкова ён пазбягаў закранаць царкоўныя разыходжанні i спрэчкі ў справе веравызнання. Аднак ён моцна стаяў на баку праваслаўных у ix барацьбе з рэлігійным прыгнетам, варожа ставіўся да каталіцызму, ганьбіў уніяцкіх епіскапаў, абвінавачваў ix у кар'ерызме і вераломнай здрадзе праваслаўнай царкве. Разам з тым, для яго як міраніна, які жыў у глухой правінцыі i глядзеў на грамадскае жыццё вачыма селяніна, незразумелым быў патрыятычны характар той нацыянальна-рэлігінай барацьбы, якую вялі царкоўныя брацтвы супраць феадальна-каталіцкай рэакцыі.

Праца селяніна, яго эканамічнае становішча i сацыяльны быт – вось што цікавіць перш за ўсё i стаіць у цэнтры ўвагі аўтара "Баркулабаўскага летапісу". I гэта адлюстравана ў яго запісах так дэталёва i маляўніча, як ні ў адным з сучасных яму помнікаў літаратуры.

Увага аўтара да гаспадарчых бакоў сялянскага жыцця, а ў сувязі з гэтым да капрызаў прыроды i характару кліматычных умоў была такой пільнай, што іменна з гэтага ён часта пачынае свае пагадовыя запісы. Так, пераказваючы падзеі за 1583 г., аўтар не забывае падкрэсліць, што тады "от великого морозу на поли у колосьи жито посохло" i "многие домы панов зацных от перунов великих погорели”. А каля Мінска i Вільні ад вялікай жары "жито, яри, трава, также ярины огородныя – все погорело". 3 прычыны таго ўбогія людзі тых месц за кавалкам хлеба на Украіну i Русь падаваліся. Лета 1592 г. было бураломнае, затое восень стаяла такая цеплая, што "о Покрове на дереве лист не опал и был зелен у восень так и зимовал". У той год i "цена житы была таней: чверт – погрошей пяти, мера – по грошей двадцати".

Аўтар, як правіла, нiколi не паўтараўся ў cвaix шматлікіх пейзажна-бытавых замалёўках вясковага жыцця. Для кожнай з ix ён знаходзіў адметную i непаўторную па сваёй эмацыянальнай танальнасці фарбу. Так, 1594 г. у абмалёўцы аўтара, тым i вылучаецца ад папярэдніх, што ён "велми был молчалив, бурлив, студен; на збожье мерный". А вось пачатак 1602 г. "был грозный, а остаток плачливый: што было огородных речей – капуста, ботвинье, цибуля, маки, горохи, ячмень, ярица – то все мороз побил, чого з великим плачем были видети тых людей голодных, которые толко огороды были засеяны, а жита не починали".


Дарэвалюцыйныя выданіі Баркулабаўскага летапісу сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Наспела неабходнасць у новым навуковым яе выданні, што і было рэалізавана ў 2013 годзе. Унікальнасць новага выдання ў тым, што яно выйшла ў двух тамах. Першы том – факсімільнае выданне летапісу, другі – працы навукоўцаў, якія грунтоўна вывучылі тэкст летапісу і распавядаюць аб тым, як жылі нашы продкі, пра што яны марылі. Першы том – уласна факсіміле, шыкоўна аздобленае, у скураной вокладцы, на глянцавай паперы. Другі том – тэкст “Баркулабаўскага летапісу”, разбіты на абзацы, з зразумелай пунктуацыяй, каментарыямі і тлумачэннямі; у ёй таксама змешчаны фрагменты з факсіміле. Відавочна, другі том адрасуецца шырокаму колу чытачоў, першы – навукоўцам і калекцыянерам.

“Баркулабаўскі летапіс” – знакавы помнік летапісання Беларусі, Летапіс – гэта і літаратурны твор, і гістарычная крыніца, і помнік культуры сваёй эпохі. Нездарма ён лічыцца сёння брэндам Магілёўшчыны.

У Быхаве, у 2013 годзе, у Дзень беларускага пісьменства, у цэнтры старога горада на Кастрычніцкай плошчы адкрыта манументальна-скульптурная кампазіцыя Баркулабаўскага летапісу. У аснову кампазіцыі закладзены знакавыя элементы з гісторыі і культурнага жыцця Быхаўскага краю – унікальны помнік беларускага пісьменства – Баркулабаўскі летапіс, а таксама абраз Божай Маці Баркалабаўскай. Яна ўяўляе сабой разгорнутую старадаўнюю кнігу з старажытнымі пісьмёнамі, а таксама мастацкім малюнкам іконы. У вышыню кампазіцыя, выкананая з сілуміну, дасягае амаль 2,5 м. На ёй можна прачытаць вытрымкі з старажытнага летапісу.


Помнік “Баркулабаўскаму летапісу”, усталяваны ў Быхаве – першы помнік кнізе ў нашай краіне. Гэта выдатны знак у памяць пра ўнікальны помнік беларускага пісьменства – Баркулабаўскі летапіс. Кампазіцыя з’яўляецца своеасаблівым сімвалам, які сведчыць аб багатай і старажытнай гісторыі нашай краіны, культурных і духоўных традыцыях. Яе галоўнае прызначэнне – вучыць усіх нас быць сапраўднымі патрыётамі, любіць сваю родную зямлю і краіну.

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ
ru be en