Календарь знаменательных дат
В условиях сложившейся санитарно-эпидемиологической ситуации консультации нотариуса теперь будут проводиться каждый 2-й вторник месяца по телефону +375 2231 71599 с 15.00 до 16.00.

«Навінкі беларускага друку»

Цэнтральная раённая бібліятэка прапануе ўсім аматарам беларускай літаратуры пазнаёміцца з новымі творамі сучасных беларускіх пісьменнікаў.

У кнізе Анны Усціновіч «Слоўнік асабовых уласных імён» дадзена інфармацыя пра ўсе магчымыя імёны, якія існуюць у прасторы беларускай мовы. У лаканічных мовазнаўчых артыкулах гаворыцца пра іх паходжанне, падаецца іх значэнне. Слоўнік задаволіць усіх аматараў даваць сваім дзецям экзатычныя, малавядомыя імёны, дапаможа вызначыць, што значыць тое ці іншае імя. Гэта кніга — не толькі нарматыўны даведнік, а яшчэ і займальнае чытанне ў сям’і, кніга-падказка да розных святаў, звязаных з днём нараджэння сябра, блізкага чалавека.

Вяртаннем на родную мову можна назваць кнігу «Беларусь у абрадах і казках». Аўтарам яе з’яўляецца беларускі пісьменнік, этнограф, краязнаўца, фалькларыст і тэатральны крытык Павел Міхайлавіч Шпілеўскі, які ў самыя змрочныя часы нашай гісторыі адстойваў самабытнасць і таленавітасць свайго народа. Яго творы былі раскіданы па старонках расійскай перыёдыкі сярэдзіны ХІХ стагоддзяў і зараз, праз паўтара стагоддзя, упершыню надрукаваны ў роднай пісьменніку Беларусі. Творы Паўла Шпілеўскага належаць да залатой скарбонкі беларускай этнаграфіі, фальклору і краязнаўства, таму яны будуць цікавыя не толькі навукоўцам, а і ўсім тым, хто неабыякавы да гісторыі роднага краю і вуснай народнай творчасці беларусаў.

У кнігу беларускага пісьменніка Зіновія Прыгодзіча ўвайшлі аповесці «Ноч перад нядзеляю» (пра горкі роздум вясковай жанчыны аб сваім няпростым, пакутным лёсе, лёсе сваіх дзяцей) і «Журба мая светлая» — своеасаблівая споведзь маладого чалавека, шчымлівая гісторыя нераздзеленага кахання, а таксама апавяданні, лірычныя абразкі і мініяцюры.

Раман «Дом коммуны» беларускага пісьменніка Васіля Ткачова — пра блізкае ўчора і сённяшні дзень горада, дзе жыве пісьменнік. Дом камуны — звычайны дом, дзе жывуць самыя розныя людзі, са сваімі клопатамі, часта са сваімі невырашальнымі праблемамі. Васіль Ткачоў пільна ўглядаецца ў жыццё, спрабуе выбудаваць залежнасць тых ці іншых фактараў і лёсаў. У новую кнігу Васіля Ткачова ўвайшлі таксама тры кароткія аповесці. Падзеі ў іх адбываюцца на Гомельшчыне, расказваюць пра няпростыя чалавечыя адносіны, пра тое, наколькі важна захоўваць у душы дабрыню, спагаду, чуласць.

Новае выданне Андрэя Федарэнкі складаецца з аўтабіяграфічнага рамана «Мяжа» і лепшых апавяданняў, якія ўпершыню выходзяць пад адной вокладкай. Раман-эсэ «Мяжа» пасля часопіснай публікацыі стаўся, паводле шматлікіх выказванняў крытыкі, з’явай у беларускай прозе. У творы выяўляецца своеасаблівае ўспрыманне рэчаіснасці галоўным героем, абвостранае пачуццё справядлівасці і прыгажосці.

У новую кнігу вядомага беларускага драматурга Аляксея Дударава ўвайшлі такія кінааповесці, як «Белые Росы», «Днепровский рубеж», «Брестская крепость», па якім фільмы ўжо знятыя і сталі легендарнымі. Таксама прадстаўляюць інтарэс іншыя літаратурныя творы, напісаныя спецыяльна для кіно, якія яшчэ чакаюць сваёй экранізацыі.

Усіх, каго зацікавілі гэтыя творы, мы будзем рады вітаць у цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Источник: bykhov.gov.by

ru be en