Календарь знаменательных дат
18.07.2018 – 85 лет (1933-2017) со дня рождения Евгения Александровича Евтушенко, русского поэта (через 2 дня)
19.07.2018 – 125 лет (1893-1930) со дня рождения Владимира Владимировича Маяковского, советского поэта (через 3 дня)
20.07.2018 – 115 лет (1903-1964) со дня рождения Георгия Алексеевича Скребицкого, русского детского писателя (через 4 дня)
27.07.2018 – 165 лет (1853 - 1921) со дня рождения Владимира Галактионовича Короленко, русского писателя и публициста (через 11 дней)
02.08.2018 – 115 лет (1903-1954) со дня рождения Георгия Алексеевича Скребицкого, русского писателя (через 17 дней)

21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы і з гэтай нагоды распачаць першую нашу размову хацелася б з сучаснага беларускага аўтара. Нажаль, даводзіцца сустракаць людзей, якія лічуць, што зараз няма сапраўднай беларускай літаратуры, няма добрых пісьменнікаў. Дазволю сабе не пагадзіцца, так можа казаць той, хто не спрабаваў чытаць, не спрабаваў адшукаць свайго аўтара.

Між тым, свет сучаснай беларускай літаратуры багаты на таленты, якія працуюць у самых розных жанрах.

Андрэя Федарэнку лічуць адным з найлепшых сучасных пісьменнікаў. На мой погляд, Андрэй Федарэнка - пісьменнік, у якога проста няма няўдалых твораў. І калі вы яшчэ не адкрылі для сябе сучаснага беларускага аўтара, то пачніце з кніг А. Федарэнкі.

Аўтар кніг прозы «Гісторыя хваробы» (1989), «Смута» (1994), «Шчарбаты талер» (1999), «Афганская шкатулка» (2002), «Нічые» (2009), «Мяжа» (2011), «Ланцуг», зборніка літаратурных эсэ “Сечка” (2012), зборніка выбраных твораў “Вёска” (2013) з’ўляецца лаўрэатам шматлікіх літаратурных прэмій. Шэраг яго твораў магчыма сустрэць у літаратурна-мастацкіх часопісах. Пры гэтым можна без перабольшання сказаць, што фактычна кожная публікацыя рабілася літаратурнай падзеяй.

Негледзячы на тое, што аўтар не карыстаецца гучнай рэкламай, не ладзіць вялікіх прэзентацый, практычна ўсе яго кнігі становяцца класікай адразу пасля з'яўлення ў продажы і заўжды заслугоўваюць станоўчыя водгукі крытыкі.

А. Федарэнка чытаецца заўжды лёгка, але назваць лёгкімі яго творы нельга. І ахарактарызаваць яго творчасць таксама складана. Іранічная, сатырычная, разам з тым лірычная і рэалістычная. Менавіта раман-эсэ “Мяжа” дазваляе найбольш аб’ектыўна зразумець саму сутнасць асобы аўтара, манеру яго пісьма і лад мыслення. Так атрымалася, што некалькі гадоў Федарэнку ўспрымалі як аўтара кніг для падлеткаў. Яго прыгодніцкія аповесці «Шчарбаты талер» і «Афганская шкатулка» можна знайсці ў дзіцячай бібліятэцы г. Быхава і іншых бібліятэках раёна. Па аповесці «Шчарбаты талер» на Беларусьфільме быў зняты чатырохсерыйны мастацкі фільм «Тры талеры».

Зараз Андрэй Федарэнка піша выключна для дарослых, і як яскравы прадстаўнік сучаснай беларускай прозы ў сваіх творах ён выказвае свае клопаты пра народны лёс, які праламляецца ў лёсе асобных людзей. Яго творы можна назваць "жыццёвыя". Бадай, Федарэнка адзіны, хто цяпер апісвае штодзённую рэальнасць простых людзей з вёскі. Здавалася б, ён сам даўно жыве ў горадзе, аднак душой ён з гэтымі людзьмі. Пры гэтым Федарэнка абсалютна не перабольшвае ні сваіх герояў, ні іх думкі.

Ёсць меркаванне, пра што б ні пісаў пісьменнік, ён заўсёды піша пра сябе. Што тычыцца Федарэнкі, то шмат якія з яго твораў маюць аўтабіяграфічны характар. Да іх ліку належаць аповесці “Гісторыя хваробы”, “Вёска”, “Пра аднаго пісьменніка”, эсэ “З кошыкам, або Гісторыя ненапісанай аповесці”, раман “Рэвізія”, шматлікія апавяданні.

Яшчэ адна дзіўная асаблівасць Федарэнкі - ён не піша твораў буйных формаў. Але кожная яго аповесць настолькі ёмістая і аб'ёмная па сэнсе, што можа паспаборнічаць з сапраўдным раманам. Не кажучы ўжо пра апавяданні, якія займаюць 2-3 старонкі тэксту, прачытаўшы якія працягваеш доўгі час знаходзіцца ў глыбокім роздуме.

У 2014 годзе, у перыяд так званага творчага росквіту аўтара, свет пабачыла новая кніга Андрэя Федарэнкі “Ціша”, якая адразу знайшла ўдзячных чытачоў. У яе змясцілася 2 аповесці і 10 апавяданняў. І зноў усё ў стылі Федарэнкі – шчыра і проста, шматзначна і складана. Віртуозна, адным словам. Нават сам аўтар лічыць апошнюю кнігу крыху лепей і даражэй, чым ранейшыя.

Цікава тое, што ў адной кнізе сутыкаюцца два розныя погляды на жыццё - хлопчыка, які нічога не хоча змяняць і сталага мужчыны, які наадварот, пастаянна шукае чагосьці новага. Пры гэтым хлопчык значна шчаслівей мужчыны.

Несумнеўная годнасць гэтай кнігі - гэта тое, як яна напісана. Сумленна і, мабыць, адкрыта. Адкрыта - у меркаваннях, ацэнках, перажываннях. Тут не сустрэнеш прыгод або захапляльнага сюжэту, гэта як і раней пра жыццё, пра жыццё розных людзей, дзе ёсць месца радасцям і няўдачам, маленькім адкрыцццям і суроваму побыту. І зноў прыемна чытаць на сучаснай беларускай мове. Пасля Федарэнкі заўсёды шукаеш, чаго б яшчэ пачытаць па-беларуску. Шукаеш, а знаходзіш яшчэ Федарэнку. Так і становяцца яго прыхільнікамі. А значыць, Андрэй Федарэнка знайшоў сваю формулу поспеху ў чытачоў.

Прыемнага чытання. Да новых сустрэч.

Алена Сідарэнка, бібліятэкар 1 катэгорыі аддзела абслугоўвання і інфармацыі Быхаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Б. В. Стральцова