ы

Вядомыя людзі краю

АСТАПОВІЧ СЯРГЕЙ АНТОНАВІЧ

Адзін з першых камсамольцаў аг. Грудзінаўка

Нарадзіўся ў в. Грудзінаўка, дзе прайшло яго дзяцінства. Працаваў першым сакратаром сельсавета, які быў створаны пасля ліквідацыі воласці ў 1924 г.

У 1925 г. пераехаў на Браншчыну і працаваў у Жыздраўскім раённым камітэце камсамола да прызыву ў Чырвоную Армію. 29 гадоў праслужыў у радах Савецкай Арміі. Пачаў службу радавым, скончыў палкоўнікам. За заслугі перад Радзімай узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі і многімі медалямі.

БІБЛІЯГРАФІЯ

Avatar

КАСЦЕНІЧ ЕРАФЕЙ (ІЕРАФЕЙ) ВАСІЛЬЕВІЧ

Доктар медыцыны, прафесар
(04.10.1854–24.12.1905)

Нарадзіўся ў в. Азёрная (былая в. Мужычкі Клімавіцкага раёна) Хоцімскага раёна ў сям’і панскага кухара. Потым бацькі пераехалі на Быхаўшчыну ў в. Царкоўны Асавец (зараз Чырвоны Асавец). Пасля заканчэння Магілёўскай гімназіі паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта. У 1880 г. скончыў універсітэт са ступенню кандыдата і залатым медалём і стаў працаваць лабарантам фізіялагічнай лабараторыі. Адначасова паступіў у ваенна-медыцынскую акадэмію і ў 1884 г. паспяхова здаў экзамен на званне ўрача, сваёй спецыяльнасцю абраў афтальмалогію.

Свае веды ўдасканальваў пад кіраўніцтвам вядомых айчынных і замежных вучоных. У 1887 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Развіццё колбачак і палачак, і вонкавага ядзернага слоя ў зародку чалавека”, якая была адной з першых айчынных работ па гэтым пытанні.

У 1890 г. на канферэнцыі ваенна-медыцынскай акадэміі Е.В. Касценіча выбралі стыпендыятам Я.В. Віліе і накіравалі ў Францыю, Германію і Аўстрыю для далейшага ўдасканалення па афтальмалогіі. Восенню 1893 г. вярнуўся з-за мяжы і здаў экзамен на званне клінічнага прафесара, быў прызначаны загадчыкам вочнага аддзялення Уяздоўскага шпіталю ў Варшаве. Адначасова кіраваў Варшаўскім акруговым упраўленнем Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа.

Працуючы ўрачом, а потым і прафесарам у Варшаве і Пецярбургу, штогод летам прыязджаў у вёску Царкоўны Асавец. У час адпачынку аказваў бясплатную медыцынскую дапамогу не толькі землякам, але і хворым з Чавускага і паловы Магілёўскага паветаў. Людзі дабіраліся з Мінскай і Смаленскай губерняў, часам за 150-170 вёрст.

У 1893 г. Апякунства сляпых пачало накіроўваць атрады акулістаў на тэрыторыю Беларусі і Е.В. Касценіч актыўна ўключыўся ў работу гэтых атрадаў, сам рыхтаваў медыкаў да аказання афтальмалагічнай дапамогі. За летні час яны абслугоўвалі да 2-х тысяч хворых, рабілі каля 500 аперацый.

У 1897 г. саветам Варшаўскага ўнівесітэта быў выбраны экстраардынарным прафесарам кафедры афтальмалогіі.

У 1900 г. пераведзены ў Пецярбург на пасаду клінічнага прафесара Мікалаеўскага ваеннага шпіталю. Адначасова ўзначальваў кафедру афтальмалогіі ў Пецярбургскім клінічным інстытуце. У хуткім часе быў прызначаны дырэктарам Пецярбургскай вочнай лячэбніцы ведамства ўстаноў імператрыцы Марыі, дзе працаваў да апошніх дзён свайго жыцця. Дзякуючы яго хірургічнай аперацыі і лячэнню, быў вернуты зрок выдатнаму рускаму вучонаму Дз.І. Мендзялееву. Удасканаліў шэраг афтальмалагічных аперацый.

Бесперапынная, напружаная праца падарвала сілы Е. В. Касценіча. На працягу 1904 г. перанёс некалькі сухіх плеўрытаў, у снежні таго ж года злёг у ложак з прычыны вельмі бурна распачатага запаленчага працэсу ў лёгкіх, які перайшоў затым у гнойны плеўрыт. Пасля ізсячэння некалькіх рэбраў паправіўся настолькі, што змог адправіцца на поўдзень Францыі. Вярнуўшыся ў Пецярбург летам 1905 г. прыступіў да выканання сваіх абавязкаў. У кастрычніку 1905 г. злёг канчаткова ў ложак. Памёр у Пецярбургу, пакінуўшы запавет пахаваць яго на роднай Быхаўшчыне. У 1964 г. на магіле Е.В. Касценіча ў в. Чырвоны Асавец пастаўлены помнік.

У дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя М.Я. Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу захоўваюцца цікавыя дакументы, якія сведчаць пра ўрачэбную дзейнасць Е.В. Касценіча. У адным з іх адзначалася, што за два месяцы 1894 г. у Рыжскаўскім амбулаторным пакоі і ў сябе дома ім было прынята 3092 хворых, аперацыйную дапамогу атрымалі 477 чалавек, з іх больш як 200 былі зроблены складаныя аперацыі на вачах.

БІБЛІЯГРАФІЯ

КУГЕЛЬ КАЛМАН ШМЕРКАВІЧ

Заслужаны ўрач БССР, даследчык
(16.07.1925–11.01.2010)

Нарадзіўся 16 ліпеня 1925 г. у г. Мінску ў беднай яўрэйскай сям'і. Да Вялікай Айчыннай вайны скончыў 8 класаў. Затым яго сям'я эвакуіравалася ў адзін з гарадоў Чалябінскай вобласці. Там, у падлеткавым узросце, адначасова з працай на ваенным заводзе, скончыў сярэднюю вячэрнюю школу. У 1945 г. вярнуўся ў Мінск і паступіў на лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута, які з адзнакай скончыў у 1950 г.

Па размеркаванні быў накіраваны ў Рыжкаўскую сельскую бальніцу Быхаўскага раёна, якой нязменна кіраваў на працягу 47 гадоў. З 1998 па 2000 гг. яму давялося папрацаваць тэрапеўтам Грудзінаўскай сельскай урачэбнай амбулаторыі, а з 2001 па 2003 гг. загадваў Сялецкай участковай бальніцай.

Калман Шмеркавіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці раёна, некалькі разоў выбіраўся дэпутатам сельскага, раённага і абласнога Савета народных дэпутатаў. У 2009 г., будучы цяжка хворым, Кугель прыняў удзел у рэспубліканскай навукова-медыцынскай канферэнцыі ў г. Віцебску, дзе выступіў з грунтоўным дакладам па гісторыі зараджэння і развіцця аховы здароўя Магілёўшчыны.

За працяглую і бездакорную працу ў органах аховы здароўя выдатнік аховы здароўя СССР Калман Шмеркавіч Кугель быў узнагароджаны шматлікімі ганаровымі граматамі, у тым ліку граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

У 1966 г. яму было прысвоена званне “Заслужаны ўрач БССР”, а 28 чэрвеня 1999 г. – званне “Ганаровы грамадзянін Быхаўскага раёна”.

Пахаваны ў Мінску.

БІБЛІЯГРАФІЯ

ЛЯСУН СВЯТЛАНА ЛАЎРЭНЦЬЕЎНА

Беларуская баяністка, педагог, народная артыстка Беларусі (2001)
(27.12.1949)

Нарадзілася ў в. Рыжкаўка Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыла Беларускую кансерваторыю (1974). У 1976–2006 гг. выкладала ў Беларускай акадэміі музыкі. Адначасова ў 1980–2012 гг. салістка і канцэртмайстар групы баянаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Ждановіча. Аўтар рэдакцый для баяна з аркестрам і першы выканаўца канцэртаў А. Клеванца, А. Мдывані, Э. Наско, С. Хвашчынскага, Р. Шчадрына, твораў малой формы Я. Глебава, А. Рашчынскага, М. Сіраты, апрацовак для баяна беларускай і рускай народнай музыкі, твораў музыкальнай класікі.

БІБЛІЯГРАФІЯ

МАЗУРАЎ АЛЯКСАНДР АПАНАСАВІЧ

Удзельнік рэвалюцыі 1905–1907 гадоў, паўстання на браняносцы “Пацёмкін”
(1883–5.03.1957)

Нарадзіўся ў в. Грудзінаўка Быхаўскага раёна. З сям’і сялян. З 10 гадоў стаў працаваць у панскім маёнтку ў Грудзінаўцы. У 1904–1905 гг. служыў на браняносцы “Пацёмкін”. У 1905 г. за ўдзел у паўстанні быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў катаргі, якую адбываў з 1906 па 1908 гг. у Харбіне і Чыце, быў памілаваны. У 1908–1910 гг. зноў у царскай арміі. З 1910 г. па 1914 г. працаваў на радзіме кавалём, потым механікам у маёнтку графа Талстога.

У Першую сусветную вайну радавы, унтэр-афіцэр царскай арміі.

З 1918 г. па 1941 г. працаваў кавалём і механікам у саўгасе “Грудзінаўскі”, потым на Грудзінаўскім спіртзаводзе. Пасля вайны з 1944 г. працаваў у саўгасе “Грудзінаўскі” кавалём, механікам на спіртзаводзе, вартаўніком у школе.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 3 кастрычнiка 1956 г. узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга ў сувязі з 50-годдзем першай рускай рэвалюцыі 1905–1907 гг. Гэты ордэн, ордэнская кніжка, аўтабіяграфія і фатаграфія перададзены ў Дзяржаўны музей Беларускай ССР.

Пахаваны ў Грудзінаўцы. На яго магіле ўстаноўлены помнік.

З успамінаў А.Ц. Рудаковай:

Трагічны лёс зрабіў мяне прыёмнай дачкой марака з легендарнага браняносца “Пацёмкін” А. А. Мазурава. Здарылася гэта ў ліпеньскі вечар 1942 г., калі нам са старэйшым братам Мікалаем цудам удалося вырвацца з в. Красніца, якую спалілі гітлераўцы разам з людзьмі. У гэтым страшэнным вогнішчы згарэлі наша маці і іншыя родзічы.

Жах перажытага і надыходзячая ноч прывялі нас у Грудзінаўку, у хату Ганны Андрэеўны і Аляксандра Апанасавіча Мазуравых, якія сталі нашымі другімі бацькамі. У гэтай сям'і я не толькі знайшла дах над галавой, бацькоўскую ласку, але даведалася аб адной з слаўных рэвалюцыйных старонак нашай радзімы — паўстанні маракоў браняносца “Пацёмкін”, якія кінулі дзёрзкі выклік царскаму самадзяржаўю, узнялі над ваенным караблём Чарнаморскага флоту чырвоны сцяг рэвалюцыі. Тата быў сярод тых пацёмкінцаў, хто вярнуўся пасля здачы браняносца румынскім уладам у Расію ў 1905 г., быў арыштаваны і асуджаны. Суровыя ўмовы катаргі адбіліся на яго характары. Але за вонкавай суровасцю ў Аляксандра Апанасавіча хавалася шчырае, пяшчотнае сэрца. У іх з Ганнай Андрэеўнай не было ўласных дзяцей. У 1915 г. яны ўзялі ў сваю сям'ю аднагадовага сіротку Алёшу, выгадавалі і ў 1935 г. паслалі вучыцца ў Віцебскі медыцынскі тэхнікум. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Алёша загінуў на фронце, а праз год яны зноў прытулілі двух сіротак — мяне і Колю. Дзякуючы іх бацькоўскім клопатам, мы атрымалі сярэднюю адукацыю, потым я скончыла тэхнікум, а брат — інстытут.

Тату вельмі падабаліся мужныя людзі. Я памятаю, з якім хваляваннем чытаў ён раман Э. Войніч “Авадзень”, кнігу Б. Гарбатава “Нескароныя”, глядзеў кінафільм “Маладая гвардыя”. Адчувалася, што ў літаратурных героях ён знаходзіў рысы ўласнага характару. Нават у казках, якія вельмі любіў расказваць, калі я была маленькай, пераважалі мужныя, знаходлівыя народныя вобразы, людзі-волаты. У самыя змрочныя дні фашысцкай навалы тата быў упэўнены, што вернецца Чырвоная Армія, прыйдзе перамога і зноў будзе савецкая ўлада. Памятаю яго шчырую радасць, калі быў надрукаваны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 3 кастрычнiка 1956 г. аб узнагароджанні яго ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга ў сувязі з 50-годдзем першай рускай рэвалюцыі 1905–1907 гг. Гэты ордэн, ордэнская кніжка, аўтабіяграфія і фатаграфія бацькі перададзены ў Дзяржаўны музей Беларускай ССР.

БІБЛІЯГРАФІЯ

МІЦКЕВІЧ ІГНАТ ЮР’ЕВІЧ

Беларускі філолаг
(1876–1949)

Нарадзіўся ў в. Мікалаеўшчына Мінскага павета Мінскай губерніі. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1895), Маскоўскі гарадскі народны ўніверсітэт імя А. Л. Шаняўскага (1914). З 1926 г. выкладаў беларускую, рускую мову і літаратуру ў вышэйшых навучальных установах Мінска. З 1946 г. працаваў дырэктарам сярэдняй школы ў в. Мікалаеўшчына. Стрыечны дзядзька Я. Коласа.

У Грудзінаўку прыехаў пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Валасны рэўком, даведаўшыся, што Ігнат Юр’евіч закончыў прыродазнаўчы факультэт ўніверсітэта імя А. Л. Шаняўскага, прапануе яму адкрыць школу ў Рыжкаўцы. Ігнат Юр’евіч з ахвотай бярэцца за гэту справу, сустракаецца з сялянамі і яны рашаюць бясплатна адрамантаваць школьны будынак і зрабіць мэблю. На першыя заняткі прыйшлі дзевятнаццаць хлопчыкаў і сем дзяўчынак.

Ігнат Юр’евіч быў актыўным прапагандыстам новага, калектыўнага жыцця. У Грудзінаўскім саўгасе ён па вечарах кіраваў курсамі аграмінімуму, дабіўся адкрыцця хаты-чытальні, наладзіў чытанне і абмеркаванне цікавых газетных артыкулаў, стварыў калектыў самадзейнасці. У хаце-чытальні часта гучала ягоная скрыпка, чуліся зладжаныя галасы сялянскага хора.

У 1921 г. Міцкевіча прызначаюць загадчыкам Грудзінаўскага валаснога аддзела народнай асветы. За адзін год па ініцыятыве аддзела народнай асветы было адкрыта 16 школ па ліквідацыі непісьменнасці. У іх вучылася звыш чатырохсот чалавек дарослага насельніцтва.

У 1927 г. Ігнат Юр’евіч пераехаў у Мінск і працаваў там выкладчыкам беларускай мовы ў Камвузе. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ён быў арганізатарам і дырэктарам сярэдняй школы на сваёй радзіме ў вёсцы Мікалаеўшчына.

БІБЛІЯГРАФІЯ

НЕРАДЗЕНКАВА НІНА ІВАНАЎНА

Узнагароджана ордэнам Леніна
(1920–1993)

Нарадзілася ў в. Грудзінаўка Быхаўскага раёна. З служачых. У 1938 г. пачала працаваць настаўніцай у Хачынскай сямігадовай школе. У Вялікую Айчынную вайну ў Чырвонай Арміі на інтэнданцкай службе. Пасля сканчэння ў 1946 г. Магілёўскага педінстытута працавала настаўніцай у Магілёве, з 1947 г. – у Чавусах. У 1949 г. пераехала ў родную вёску, да выхаду на пенсію працавала ў Грудзінаўскай сярэдняй школе.

Узнагароджана ордэнам Леніна (1971).

БІБЛІЯГРАФІЯ

ПАНАСЕВІЧ МІТРАФАН ТАРАСАВІЧ

Начальнік аддзела Галоўлесплана, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга
(23.11.1899–?)

Нарадзіўся 23 лістапада 1899 г. у в. Сідаравічы Быхаўскага раёна, Магілёўскай вобласці. Гады яго дзяцінства былі басаногімі і галоднымі. Бацька – малазямельны селянін – з цяжкасцю мог пракарміць вялікую сям’ю. Таму і давялося сыну з чатырнаццаці гадоў пакінуць вёску і пайсці на заробкі. Быў у Магілёве конюхам-вагонаважатым гарадской конкі, потым вучнем пекара. У пачатку 1917 г. гаспадар, спалохаўшыся рэвалюцыйных падзей, якія набліжаліся, закрыў пекарню, а сам уцёк за мяжу.

Апынуўшыся беспрацоўным, паехаў у сталіцу да дзядзькі – Андрэя Сцяпанавіча Драздова. Па яго рэкамендацыі апынуўся ў ліцейным цаху – чорнарабочым на заводзе “Арсенал” у Петраградзе.

У 1917 г. уступіў у рады атрада Чырвонай гвардыі. Узяўшы вінтоўку, не выпускаў яе з рук да заканчэння грамадзянскай вайны. У дні штурму Зімняга па ўказанню штаба Чырвонай гвардыі ён разам з атрадам абараняў Ліцейны мост, пасля звяржэння Часовага ўрада ўдзельнічаў у раззбраенні Міхайлаўскага юнкерскага вучылішча. Па загаду У. І. Леніна быў сфарміраваны асобы Петраградскі Чырвонагвардзейскі атрад пад камандаваннем М. В. Крыленкі для ліквідацыі контррэвалюцыйнай Стаўкі ў Магілёве. У саставе гэтага атрада быў і Панасевіч.

Мітрафан Тарасавіч – баец Чырвонай гвардыі, ідзе ў бой за перамогу сацыялістычнай рэвалюцыі, удзельнічае ў ліквідацыі контррэвалюцыйнай стаўкі ў Магілёве. У 1918 г. прымаў удзел у ліквідацыі контррэвалюцыйнага мяцяжа польскага корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага. У 1922 г. баявы чырвонаармеец стаў членам Камуністычнай партыі.

Пасля заканчэння грамадзянскай вайны Панасевіч вярнуўся на “Арсенал”. Працягваючы працаваць рабочым, ён адначасова вучыцца на рабфаку Ляснога інстытута, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, выбіраецца членам, а пазней сакратаром партбюро. У снежні 1920 г. па рашэнню Гомельскага губкома РКП(б) накіроўваецца вучыцца ў партшколу. Пасля яе заканчэння ў красавіку 1921 г. прызначаецца загадчыкам Грудзінаўскага валаснога палітпрасвета. У Грудзінаўцы працаваў разам з выдатным педагогам Ігнатам Юр’евічам Міцкевічам – стрыечным дзядзькам Якуба Коласа.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў складзе 152-га стралковага палка Чырвонай Арміі вызваляў ад германскіх акупантаў родную Беларусь - гарады Оршу, Магілёў, Барысаў, Мінск, Вілейку. Быў цяжка паранены, атрымаў кантузію. Пасля кантузіі ваяваў у 7-й кавалерыйскай дывізіі. Потым наркамат лясной прамысловасці СССР накіраваў яго ў трэст “Горклесасплаў”, там адказваў за пастаўку авіяцыйным прадпрыемствам высокаякаснай драўніны.

Як толькі скончылася вайна, пайшоў у Ленінградскую лесатэхнічную акадэмію. Выйшаў адтуль дыпламаваным спецыялістам, і ўсё жыццё клапаціўся пра “зялёнага сябра”, каб высаджваць лясы на папялішчах Вялікай Айчыннай вайны.

У 1947 г. вярнуўся ў родную Беларусь. Працаваў галоўным інжынерам сплаўканторы, начальнікам вытворчага аддзела “Галоўлесасплава” БССР, намеснікам упраўляючага трэста “Мінлеспрам”.

З 1955 па 1977 гг. працаваў выкладчыкам у Беларускім тэхналагічным інстытуце імя С.М. Кірава. Некалькі гадоў быў членам партыйнага камітэта інстытута, членам ідэалагічнай камісіі парткома, членам Савета ветэранаў партыіі пры Ленінскім райкоме КПБ горада Мінска, гістарычнай секцыі ваенна-навуковага таварыства пры Доме афіцэраў Беларускай ваеннай акругі.

За актыўны ўдзел у Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, грамадзянскай вайне і ў барацьбе за ўстанаўленне савецкай улады ў 1917-1922 гг. узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і медалямі, нагрудным знакам “Байцу Чырвонай гвардыі”. Атрымаў узнагароду Дзяржаўнага камітэта СССР па справах вынаходніцтваў і адкрыццяў – знак “Вынаходнік СССР”. Ім адзначаны ўклад у стварэнне сплаўнай машыны “ЛРР-124”, якая шырока прымянялась на рэках Сібіры пры транспарціроўцы лесу водным шляхам.

БІБЛІЯГРАФІЯ

ПЛОТНІКАЎ БРАНІСЛАЎ АЛЯКСАНДРАВІЧ

Беларускі мовазнаўца, доктар філалагічных навук (1981), прафесар (1982), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998)
(15.12.1940–14.01.2005)

Нарадзіўся 15 снежня 1940 г. у г. Быхаў. У 1946 г. апынуўся ў дзіцячым доме, які быў адкрыты ў Грудзінаўцы для пасляваенных дзяцей-сірот: яго бацька загінуў на фронце, а праз год памерла маці.Такіх рабят з розных куткоў краіны сабралася 150 чалавек.

Праз дзесяць год дзетдомаўскага жыцця, па накіраванню, едзе вучыцца ў рамеснае вучылішча ў г. Азбест Свярдлоўскай вобласці на машыніста электравоза. Затым была служба ў радах Савецкай Арміі. Падчас службы ў войску скончыў школу авіямеханікаў і абслугоўваў самалёты. І зноў – вяртанне ў родныя мясціны.

Яшчэ ў школьныя гады захапіўся гуманітарнымі навукамі. Таму і вырашыў паступаць у Беларускі Дзяржаўны ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Ужо на трэцім курсе, будучы студэнтам зацікаўленым, займаўся навуковай працай. У 1969 г. скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

З 1971 г. працаваў ва ўніверсітэце на кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства – спачатку выкладчыкам, затым дацэнтам, прафесарам, з 1996 г. дэканам філалагічнага факультэта. З 1998 г. – у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Праз некаторы час стаў адным з самых маладых кандыдатаў філалагічных навук. У 1979 г. выдаў адну з першых сваіх кніг, прысвечаную мове. Яго навуковыя працы пабачылі свет не толькі ў выдавецтвах роднай Беларусі, але і далёка за яе межамі. Шмат манаграфій выдаў у Германіі.

За работу “Беларуская мова. Энцыклапедыя” атрымаў Дзяржаўную прэмію.

БІБЛІЯГРАФІЯ

РАБЫЧЫН МІКАЛАЙ МІХАЙЛАВІЧ

Акцёр, кіраўнік народнага фальклорна-гумарыстычнага ансамбля “Цешча”
(26.02.1958)

Нарадзіўся ў в. Грудзінаўка Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Пасля заканчэння Грудзінаўскай сярэдняй школы паступіў ў Магілёўскае культасветвучылішча імя Н. Крупскай. Спецыяльнасці вучыўся ў вядомага на той час тэатрала Барыса Саламонавіча Валадарскага, які некалі вучыўся ў самаго Канстанціна Станіслаўскага.

Скончыць вучылішча не паспеў – прызвалі ў Савецкую Армію. Ужо будучы салдатам, прыняў рашэнне не вяртацца ў вучылішча, а паехаць вучыцца ў Маскву, альбо ў Пецярбург. Але нечакана атрымаў ліст ад свайго педагога, у якім той настойліва прасіў яго скончыць курс. Адмовіць Барысу Саламонавічу Мікалай не мог і вярнуўся ў Магілёўскае вучылішча.

Працаваў у Магілеўскім тэатры лялек у прафесійнай трупе. У першым сваім спектаклі “Волшебная калоша” выконваў ролю клоуна. Недзе праз паўгода разлічыўся з тэатрам і паехаў у Маскву паступаць у школу-студыю МХАТ. Паспяхова прайшоў першы тур конкурса, а на другім “зрэзаўся”. Пасля гэтага вырашае вярнуцца дадому, але па нагодзе знаёмага, які параіў сустрэцца з Аляксандрам Давыдавічам Штэрнам – выдатным педагогам. Штэрн сыграў прыкметную ролю ў жыцці Мікалая Міхайлавіча. Ён быў сябрам Пятра Алейнікава, Аляксея Баталава, Алега Барысава. Мікалай Міхайлавіч быў прыняты ў яго маленькую трупу тэатра “Арлекіна”. З гэтым лялечным тэатрам М. Рабычын ездзіў з гастролямі па ўсяму Савецкаму Саюзу цэлы год.

У 1985 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся на курсе Ляляўскага і Андросіка. Потым зноў на тры гады вярнуўся ў тэатр да Штэрна.

У кіно дэбютаваў у драматычнай стужцы Г. Земеля “Людоед” (1991). Зняўся ў эпізадычнай ролі ў стужцы М. Пташука “В августе 44-го” (2001). Прыкметныя ролі ў фільмах Дзмітрыя Астрахана “Леди на день”, “Алхимики”, “Контракт со смертью”, у баявіку Уладзіміра Фацьянава “Последний бой майора Пугачева” па калымскіх апавяданнях Варлама Шаламава, галоўная роля ў дыпломнай працы Андрэя Голубева “Казанова”.

На тэатральнай сцэне сыграў вядучыя ролі ў спектаклях “Ладдзя роспачы” (Блазан), “Рычард ІІІ” (Кларанс), “Містэр Розыгрыш” (Дзіма), “Паваліўся” (Пан) і інш.

Жыве ў пасёлку Ратамка. У Ратамскім Доме культуры арганізаваў дзіцячы лялечны тэатр “Мікося”, а з музыкантам Валерыям Кусцінскім – ансамбль народнай песні “Цешча”(1992).

БІБЛІЯГРАФІЯ

ФІЛЬМАГРАФІЯ

ТАЛСТАЯ АЛЯКСАНДРА РЫГОРАЎНА

Графіня, уладальніца сядзібы ў в. Грудзінаўка
(29.09.1847(43?)–18.07.1925)

Дачка князя Рыгора Аляксеевіча Шчарбатава і княгіні Сафіі Аляксандраўны Шчарбатавай. Бацька ў 1856-1858 гг. быў папячыцелем Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Была замужам за Дзмітрыем Паўлавічам Талстым, гаспадаром сядзібы ў Грудзінаўцы. Пасля смерці мужа стала гаспадыняй Грудзінаўкі.

У 1899 г. яна на ўласныя сродкі пабудавала Рыжкаўскую бальніцу, дзе працавалі лепшыя лекары Магілёўскай губерні. Графіня аплачвала працу медыцынскага персаналу з уласных зберажэнняў. Кожны год яна прыязджала ў маёнтак і наведвала бальніцу разам са сваімі двума дачкамі. Нованароджаным у гэтай бальніцы графіня прывозіла спецыяльны дзіцячы пасаг.

У 1905 г. Аляксандра Рыгораўна з'яўлялася членам Быхаўскага павятовага камітэта Чырвонага Крыжа. Сядзіба Грудзінаўка пры ёй уражвала сваёй дагледжанасцю і парадкам. Меліся аранжарэі, дзе раслі персікі і экзатычныя для нашых месцаў расліны. Быў цудоўны сад, плантацыі ягад. За вялікім мастом, дзе возера злучаецца з ракой Поўнай, графіняй Талстой у 1908 г. быў пабудаваны вінакурны завод, які будавалі палякі. Графіня планавала выкарыстоўваць у вытворчасці дары вялікага фруктовага саду, але з віном нічога не атрымалася, а вось бульбянога спірту-сырца промысел даваў да сотні вёдраў у дзень. Завод працаваў на торфе. Вытворчасць была сезоннай і абслугоўвала яго ўсяго 40 чалавек.

У Аляксандры Рыгораўны было дзве дачкі Соф'я Дзмітрыеўна (1882–28.07. 1917) і Аляксандра Дзмітрыеўна (1883).

Пра лёс Аляксандры вядома няшмат. У 1903-1914 гг. – фрэйліна. У маі 1914 г. вянчалася ў Строганаўскай царкве з бесарабскім паплечнікам Віктарам Іванавічам Катаржы (12.12.1882–22.10.1932 гг.).

Другая дачка Аляксандры Рыгораўны – Соф'я пражыла ўсяго 35 гадоў, і яна таксама была фрэйлінай у 1900-1901 гг. Мужам яе стаў знакаміты палітычны дзеяч князь Іван Анатольевіч Куракін (1.08.1874–27.10.1950) – член Дзяржаўнай Думы, кавалергард, маршал дваранства Яраслаўскай губерні. У 1917 г. скончылася шчаслівае жыццё сям'і Куракіных: неўзабаве пасля нараджэння дачкі Алёны – дзевятага дзіцяці ў іх сям'і – Соф'я Дзмітрыеўна памерла, пахавана ў Алупцы.

Графіня і яе дочкі былі ў ліку прысутных на самым вядомым і грандыёзным касцюмаваным балі часоў праўленне Мікалая Раманава, які адбыўся ў Зімовым палацы 13 лютага 1903 г. Гэта быў апошні баль імператарскай Расіі.

З пачаткам рэвалюцыі пачаліся пакуты сям'і графіні. Усе клопаты пра шматлікіх дамачадцаў, пасля смерці дачкі Соф’і, несла на сабе графіня Аляксандра Рыгораўна, падчас раз'ездаў князя Івана Анатольевіча Куракіна.

У 1918 г. графіню Талстую разам з сям'ёй дачкі, якая жыла тады ў Яраслаўлі, выселілі з дома і яны былі вымушаны перасяліцца ў вёску Андрэеўская. Затым ім давялося перабрацца ў сяло Верхня-Нікульскае, адкуль яны эмігрыравалі ў Францыю і асталяваліся ў Парыжы. Іван Анатольевіч Куракін пакінуў Расію і далучыўся да сям'і толькі ў 1921 г. Неўзабаве пасля гэтага ў 1925 г. графіня Аляксандра Рыгораўна памерла і была пахавана на могілках Сэнт-Жэнеўеў-дэ-Буа пад Парыжам.

БІБЛІЯГРАФІЯ

ШАЙТАР КАРП КУПРЫЯНАВІЧ

Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга
(1894–02.04.1973)

Нарадзіўся ў в. Козіна Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і селяніна. З 12 гадоў пачаў працаваць парабкам у панскім маёнтку, а праз год паехаў у Петраград да дзядзькі і там уладкаваўся ў сталярную майстэрню вучнем. У 1915 г. прызваны ў армію. Потым быў фронт, цяжкае раненне, інваліднасць і вяртанне ў родную вёску. У пачатку студзеня 1918 г. у Ушачах склікаецца валасны з’езд Саветаў. На з’ездзе Карпа Купрыянавіча Шайтара выбіраюць загадчыкам валасного зямельнага аддзела. У снежні 1918 г. уступае ў Камуністычную партыю. У верасні 1919 г., калі мясцовасць была акупіравана белапалякамі, па заданню бальшавіцкай арганізацыі ўключаецца ў падпольную работу.

Пасля выгнання акупантаў працаваў інструктарам валрэўкома, старшынёй сельсавета, вучыўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. У красавіку 1931 г. прызначаецца дырэктарам саўгаса “Грудзінаўскі”. Пад яго кіраўніцтвам гаспадарка становіцца ўзорнай, слава аб ёй ідзе па ўсёй Магілёўшчыне. У 1937 г. вылучаюць на пасаду загадчыка Быхаўскага раённага зямельнага аддзела, потым іншыя месцы жыхарства: Гродзеншчына, Падмаскоўе, зноў Беларусь.

У 1955 г. выйшаў на пенсію і пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў в. Грудзінаўка.

За добрасумленную працу ў дзень свайго 50-годдзя ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

БІБЛІЯГРАФІЯ

ШЫЧКО ФЁДАР КАЛІНКАВІЧ

Удзельнік усталявання савецкай улады на Беларусі, супрацоўнік Грудзінаўскага спіртзавода
(1899–27.02.1971)

Удзельнік грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Нарадзіўся ў сям’і сялян. З 1917 г. у Чырвонай гвардыі, радавы Мінскай рэвалюцыйнай дружыны, потым начальнік коннай разведкі 1-га кавалерыйскага палка 8-й дывізіі Чырвонай Арміі. Пасля грамадзянскай вайны ўдзельнічаў ва ўсталяванні Савецкай улады на Беларусі, быў арганізатарам вытворчасці. У Вялікую Айчынную вайну камандаваў партызанскім атрадам “За Савецкую Беларусь”, які дзейнічаў на акупіраванай тэрыторыі Магілёўскай вобласці, умела правеў рад аперацый па разгрому нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Пасля дэмабілізацыі ў 1944 г. знаходзіўся на гаспадарчай рабоце ў Гомельскай вобласці, а з 1948 г. працаваў на Грудзінаўскім спiртзаводзе. З 1963 г. на пенсіі, але працягваў актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці раёна, вёў вялікую работу па патрыятычнаму выхаванню моладзі.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга (1967).

БІБЛІЯГРАФІЯ