ы

Сельская гаспадарка і прамысловасць

САЎГАС

У 1919 г. на патомных землях графа Талстога ў в. Грудзінаўка быў арганізаваны саўгас “Грудзінаўскі”. У распараджэнне рабочых былі перададзены зямельныя ўгоддзі, сады, паравы млын, спіртзавод, панскі палац. Аб выдзяленні зямлі для створанага саўгаса звесткі ўтрымліваюцца ў дакладзе землеўпарадчага пададдзела Быхаўскага павятовага зямельнага аддзела за палявы перыяд 1919 г. (Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, фонд 83, оп.1, спр. 31, стар. 214). А ў дакументах Быхаўскага райсаўгаса (была ў той час у павеце арганізацыя, што кіравала работай саўгасаў) значыцца, што ўпраўляючым саўгаса “Грудзінаўскі” быў Мікалай Тарасавіч Самасейка, які з’яўляўся загадчыкам млына. Былыя панскія парабкі, беднякі-сяляне з навакольных вёсак, якія ўступілі ў саўгас, працавалі з вялікай ахвотай, дабіваліся высокіх ураджаяў палявых культур, гародніны і садавіны. Добры прыбытак гаспадарцы даваў дойны і адкормачны статкі.

Былая даярка Варвара Мацвееўна Загорская расказвала, што ў 1919 г. у гаспадарцы была адна карова, якую даглядала Эда Грушкевіч (Удалеева). Неўзабаве прыслалі яшчэ сем. Яны з Эдай сталі даіць удзвюх.

У 1922 г. першым старшынёй стаў Смалякоў Емяльян Паўлавіч. Потым Галабуда.

Да пачатку 1930–х гг. саўгасны статак павялічыўся да двухсот кароў. Адна з першых даярак саўгаса Марына Сімановіч была пачынальніцай стаханаўскага руху сярод жывёлаводаў Быхаўшчыны. Яна паспяхова спаборнічала за атрыманне 3 000 кілаграмаў малака ад каровы ў год.

Спачатку саўгас-камбінат быў шматгаліновай гаспадаркай. Ён займаўся не толькі вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі, але і яе перапрацоўкай. У саўгасе быў паравы млын, лесапільны пункт, сукнавальня, фруктасушылка, вінзавод, масласыразавод і спіртзавод.

З красавіка 1931 г. па 1938 г. пасаду дырэктара саўгаса “Грудзінаўскі” займаў Шайтар Карп Купрыянавіч. У саўгасе была рознабаковая, але запушчаная гаспадарка. У хуткім часе саўгас стаў першым па Магілёўскай вобласці. Атрымаў грузавы аўтамабіль, 2 трактары “фардзон-пуцілавец”, малатарню БДО-34, малацілку. Першымі трактарыстамі сталі Павел Вараб’ёў, Фінаген Ратнікаў, Павел Зубкоў, Сцяпан Таранаў. Пры саўгасе працаваў дзіцячы сад.

Гаспадарка паступова стала рэспектабельнай, перадавой. Пры гаспадарцы была арганізавана школа “Саўгаснавуч” на 120 чалавек, якая рыхтавала маладых аграномаў і брыгадзіраў для саўгасаў і калгасаў.

Рос дабрабыт рабочых. Ніхто не трымаў асабістай жывёлы. Усе неабходныя прадукты куплялі ў саўгасе па сабекошту. У 1933 г. у вёсцы пачала працаваць машынна-трактарная станцыя. Дырэктарам яе быў Аляксандр Пятровіч Таміла, а намеснікам па палітычнай частцы –Ефрасіння Іванаўна Антонава.

У 1932–1937 гг. саўгас спецыялізаваўся як рэпрадуктыўны племзавод.

У 1933 г. у выдавецтве Беларускай акадэміі навук выйшаў эканамічны даведнік “Усе раёны БССР”, дзе прыводзяцца статыстычныя звесткі і па Быхаўскім раёне: “Тэрыторыю раёна займаюць 8596 га балот. Сельская гаспадарка спецыялізуецца ў жывёла-гадоўча-бульбяным напрамку. У раёне 6 саўгасаў: “Чырвоны Маяк” — са свінагадоўчым напрамкам, з плошчай сенапахаці 856 га і 102 рабочымі; “Лудчыцы” — са свінагадоўчым напрамкам, 702,6 га сенапахаці, 55 рабочых, “Грудзінаўка” — малочнага кірунку, 657,7 га сенапахаці, 140 рабочых; “Ударнік” — садова-гароднінны, 250 га сенапахаці, 46 рабочых; “Вараніно” — лугаводны, 2300 га сенапахаці, 76 рабочых; “Чачэвічы” — насенны, з плошчай 1976 га.”

У 1937 г. праводзілася ўмацаванне зямельнага фонду калгасаў. Саўгас “Грудзінаўскі” быў ліквідаваны.

У 1938 г. на тэрыторыю былога саўгаса была пераведзена МТС з в. Кузькавічы. Да 1941 г. дырэктарам МТС быў Аляксандр Пятровіч Таміла, які вясной 1942 г. загінуў ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У красавіку 1944 г. дырэктарам МТС назначаны Васіль Цімафеевіч Гадунцоў, а механікам Міхаіл Харытонавіч Казлоў. Грудзінаўка ў той час была акупіравана немцамі, але 26 чэрвеня 1944 г. Грудзінаўка была вызвалена часцямі Чырвонай Арміі. З пабудоў МТС уцалела толькі былая канюшня, у якой часова была арганізавана майстэрня па аднаўленню трактароў. У Грудзінаўцы і навакольных вёсках былі сабраны спецыялісты, якія працавалі да акупацыі ў МТС. Першымі былі сабраны 2 трактары “ХТЗ”, потым з воінскіх часцей прывезлі 4 трактары “ХТЗ”, а з Уладзімірскага трактарнага завода – 2 трактары “Універсал”. У МТС у гэты час было мала спецыялістаў, механізатараў, тэхнікі, таму многія палі стаялі незасеянымі. Да зімы была абсталявана кузня. За зіму было сабрана яшчэ 6 трактароў “ХТЗ” і “Універсал”.

4 красавіка 1945 г. у сувязі с пераходам на іншую работу Гадунцова Васіля Цімафеевіча, дырэктарам Кузькавіцкай МТС быў назначаны Астапенка Мікалай Сяргеевіч. Становішча заставалася цяжкім, але МТС папаўнялася спецыялістамі і тэхнікай. Былі створаны 3 трактарныя брыгады, у якіх налічвалася 10 трактароў. 26 чэрвеня 1945 г. з Алтайскага трактарнага заводу былі прывезены яшчэ 2 трактары.

14 жніўня 1945 г. дырэктарам МТС стаў Малашка Іосіф Паўлавіч. Да гэтага часу была адноўлена нафтабаза, яе загадчыкам з 15 жніўня 1945 г. прызначаны Меляшкоў Аляксандр Несцеравіч. Створана чацвёртая трактарная брыгада. Першымі машынамі ў МТС былі “Шэўрале” і “ГАЗ-АА”.

З 23 лютага 1946 г. дырэктарам МТС быў назначаны Лепешаў Клім Аляксеевіч. На той час у МТС было 12 трактароў, 4 аўтамашыны. Была абарудавана тыпавая майстэрня, пабудавана кузня, праведзены капітальны рамонт жылых памяшканняў. Былі адчынены дзіцячы сад, клуб, кантора (у адным будынку). Пачаў працаваць масласыравараны завод. МТС атрымала ад дзяржавы новую тэхніку: трактары, аўтамашыны, камбайны, малацілкі, сеялкі, кульціватары і іншую сельскагаспадарчую тэхніку. У МТС прыйшлі спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, палепшылася падрыхтоўка кадраў. Для павышэння кваліфікацыі пры МТС штогод працавалі курсы трактарыстаў. У МТС налічвалася 11 брыгад, у якіх было 40 трактароў.

З 22 сакавіка 1951 г. дырэктарам стаў Латушкін Барыс Іванавіч. У яго была вышэйшая адукацыя па спецыяльнасці аграном. У МТС было 15 трактарных брыгад, у якіх працавала 53 трактары. Іх абслугоўвалі 114 трактарыстаў і прыцэпшчыкаў, 30 брыгадзіраў і камбайнераў.Устаноўлена першая піларама маркі Р-35, якая прыводзілася ў рух лакамабілем у 25 конскіх сіл. Пабудаваны жылы дом. Пры МТС ствараецца свой машынна-меліярацыйны атрад. У пастаянныя кадры МТС на 1 кастрычніка 1953 г. былі ўключаны 17 брыгадзіраў, 7 памочнікаў брыгадзіраў, 32 механізатары-камбайнеры, 14 запраўшчыкаў, 92 трактарысты.

У 1951 г. была пачата рэканструкцыя сядзібы графіні Талстой пад рамонтныя майстэрні. У 1952 г. было пачата будаўніцтва ветпункта, які быў пабудаваны ў гэтым жа годзе. У 1953 г. быў пабудаваны навес для сельгасмашын, у 1954 г. – другі навес.

З 20 кастрычніка 1954 г. выконваць абавязкі дырэктара МТС пачаў Трыполка Пётр Іосіфавіч, зацверджаны дырэктарам у красавіку 1955 г. Працаваў ім да ліквідацыі МТС.

22 красавіка 1957 г. утвораны адкормачны саўгас “Грудзінаўскі” Магілёўскага абласнога трэста мясаптушкаперапрацоўчай прамысловасці на базе Грудзінаўскага адкормачнага пункта жывёлы (на адходах спіртзавода) Кузькавіцкай машынатрактарнай станцыі і чатырох эканамічна нямоцных калгасах “Новае жыццё”, імя Калініна, імя Варашылава і імя Молатава.

У 1965 г. добрых поспехаў дабіліся жывёлаводы. Ім прысуджаны пераходны Чырвоны сцяг РК КПБ і райвыканкама. Сярэднясутачныя прывагі на галаву жывёлы склалі больш 500 грамаў, пры плане 450 грамаў.

У 1966 г. дырэктар саўгаса Мельнікаў Іван Аляксандравіч узнагароджаны ордэнам Леніна. У саўгасе пасеяна 270 гектараў салодкага лубіну на насенне, 25 гектараў кармавых буракоў, 10 гектараў морквы, падсеяна па жыту 510 гектараў сырадэлі.

У 1969 г. гаспадарка налічвала 55 трактараў, 34 аўтамашыны, 14 зернакамбайнаў і шмат іншай тэхнікі.

12 верасня 1973 г. кармач адкормапункта Мікуліч Марыя Цімафееўна ўзнагароджана ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР за поспехі, дасягнутыя ў сацыялістычным спаборніцтве па павелічэнню вытворчасці і падрыхтоўцы прадуктаў жывёлагадоўлі ў зімовы перыяд 1972–1973 гг. , у 1976 г. – медалём ветэрана працы.

У 1980 г. уведзена ў эксплуатацыю першая чарга жывёлагадоўчага комплексу, у ім размясцілі на адкорм 1500 бычкоў.

У 1982 г. саўгас “Грудзінаўскі” спецыялізаваўся на заключным адкорме буйной рагатай жывёлы, збіраў неблагія ўраджаі збожжа і кармавых культур. На палях працавалі 81 трактар, з іх дзесяць Т-150 і К-700, 28 аўтамабіляў, 19 збожжаўборачных камбайнаў і адзін сіласаўборачны, 6 касілак і 12 касілак-здрабняльнікаў, 10 жняярак, 30 бульбаўборачных камбайнаў, 5 прэс-падборшчыкаў і шмат іншай тэхнікі.

У 1985 г. комплекс па заключнаму адкорму буйной рагатай жывёлы ў саўгасе “Грудзінаўскі” налічвае 5000 галоў.

У 1995 г. – старшыня праўлення саўгаса Уладзімір Мікалаевіч Коханаў.

У 1999 г. ураджайнасць сельскагаспадарчых культур невысокая. Але гэта не перашкодзіла перадавікам жатвы выйсці на высокія паказчыкі. Так, механізатар калгаса “Грудзінаўскі” Я.П. Максімаў на камбайне “Дон-1500” намалаціў 722 тоны зерня.

У 2003 г. калгас “Грудзінаўскі” пераўтвораны ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў (СВК) “Грудзінаўскі”.

14 верасня 2004 г. СВК “Грудзінаўскі” далучаюць да СВК “Следзюкі”, старшынёй якога на той час быў Коханаў Уладзімір Мікалаевіч.

БІБЛІЯГРАФІЯ

ГРУДЗІНАЎСКІ СПІРТЗАВОД

Прадпрыемства Грудзінаўскага спіртзавода знаходзілася ў былой вотчыне графаў Талстых, недалёка ад старога парку. Дзейнасць завода пачалася ў 1908 г. Тады графіня Талстая вырашыла наладзіць сваю вінакурную вытворчасць. Невялічкі завод пабудавалі палякі, польскім было і абсталяванне. З віном наладзіць вытворчасць не артымалася, а вось бульбянога спірту-сырцу промысел даваў да сотні вёдзер у дзень. На той момант працаўнікоў было ўсяго сем чалавек. За год працы на заводзе было выкурана бязводнага спірту 1 121 000 грамаў.  

У 1919 г. прадпрыемства было перададзена саўгасу “Грудзінаўскі”. З 1924 г. ён стаў называцца спіртзаводам. Дырэктарам завода стаў Чорствы. У 1930-х гг. была праведзена рэканструкцыя на заводзе. У 1933 г. на падставе пастанаўлення Саўнаргаса БССР спіртзавод быў выдзелены з Грудзінаўскага саўгаса на самастойны баланс і быў перададзены ў падпарадкаванне Белгалоўспірта галоўнага кіравання спіртавой прамысловасці СССР. У гэтыя гады прадуктыўнасць завода павялічылася да 340 дэкалітраў спірту ў суткі. 

У 1937 г. на падставе пастанаўлення Саўнаркома СССР была праведзена ліквідацыя Белгалоўспірта БССР. Быў арганізаваны спірттрэст у г. Гомеле, якому ў распараджэнне і быў перададзены Грудзінаўскі спіртзавод.

У час Вялікай Айчыннай вайны завадское абсталяванне, якое змяшчала каштоўную “чырвоную” медзь, нямецкія акупанты дэманціравалі і вывезлі ў Германію. Захаваўся толькі будынак прадпрыемства. 

У 1945 г. Грудзінаўскі спіртзавод аднавіў сваю дзейнасць у складзе Гомельскага трэста спіртавой прамысловасці. Завод выпускаў 350 дэкалітраў у суткі. Ужо ў 1946 г. прадпрыемства выйшла на даваенную магутнасць.

На падставе пастанаўлення Савета Міністраў БССР Гомельскі спірттрэст са сваімі прадпрыемствамі ў 1946 г. быў перададзены ў сістэму Міністэрства смакавай прамысловасці Беларускай ССР, у 1949 г. — у сістэму Міністэрства харчовай прамысловасці БССР, а ў 1953 г. — у падпарадкаванне Міністэрства прамысловасці харчовых тавараў рэспублікі.

Вялікая рэканструкцыя з укараненнем пнеўмаабсталявання, электрыфікацыяй тэхналагічных працэсаў і пераходам кацельні на вугаль прайшла на заводзе ў 1960-х гг.

У 1961 г. у мэтах забеспячэння вінаробнай прамысловасці каляровымі каўпачкамі з віскозы для афармлення бутэляк з вінаградным віном на Грудзінаўскім спіртзаводзе пачалося будаўніцтва цэха віскозных каўпачкоў магутнасцю на 80 мільёнаў каўпачкоў у год. Аднак, пасля заканчэння будаўніцтва памяшкання, цэх не стаў выпускаць прадукцыю. Памяшканне сталі выкарыстоўваць пад склад.

У 1964 г. Грудзінаўскі спіртзавод увайшоў у сістэму ўпраўлення па пераапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі Савета Народнай гаспадаркі Беларускай ССР. У 1965 г. – у сістэму Міністэрства харчовай прамысловасці БССР.

У 1968 г. Грудзінаўскі спіртзавод быў перададзены ў падпарадкаванне Галоўнага ўпраўлення спіртавой, лікёра-гарэлачнай і крухмальнай прамысловасці. Галоўнай прадукцыяй спіртзавода з’яўляўся спірт-сырэц і вадкая харчовая вуглекіслата. У 1970-х гг. прадуктыўнасць завода дасягнула 1200 дэкалітраў спірту-сырцу ў суткі. 

З 1985 г. дырэктарам завода назначаны Ежалеў Іван Лявонавіч. 1986 г. стаў для завода і яго дырэктара часам выпрабаванняў. У краіне праходзіла барацьба з п’янствам і алкагалізмам. Дзейнасць завода была прыпынена, абсталяванне закансервавана, але не разукамплектавана. Завод быў пераведзены на выпуск “цвярозай” прадукцыі. Са снежня 1987 г. прадпрыемства пачало вырабляць канцэнтрат сусла для вырабу хлебнага квасу і патрэб кандытарскай прамысловасці. Завод вырабляў 45 тон канцэнтрату ў месяц. 

З 1987 г. прадпрыемства пачало называцца “Завод харчовых прадуктаў”.

У 1990-х гг. дзейнасць завода была зноў адноўлена па вырабу спірту-сырцу. У 1996 г. пачалося будаўніцтва цэха па вытворчасці спірту-рэктыфікату. Але з-за крызісу ў эканоміцы цэх так і не ўдалося абсталяваць. На прадпрыемстве былі ўсе ўмовы для вырабу гарэлкі. У Грудзінаўцы тры артэзіянскія свідравіны з выдатнай якасцю вады для вытворчасці спірту. 

У 1994 г. завод вырабіў 161 тысячу дэкалітраў спірту, а ў 1995 г. — 214 тысяч дэкалітраў. Тэмп росту склаў 133 %.

З 2001 г. — рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Грудзінаўскі завод харчовых прадуктаў”.

Спірт з маркай Грудзінаўскага спіртзавода пачалі купляць не толькі вінаробчыя прадпрыемствы Магілеўскай і Віцебскай абласцей, але і Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод. Каб нарасціць вытворчасць спірта, вялі работы па ўводу дадатковага брадзільнага аддзялення, а таксама ўласнага спірта-сырца. Прадпрыемства працавала над эфектыўнасцю вытворчасці з павелічэннем выхада прадукцыі з тоны збожжа. У верасні 2002 г. – дырэктар Алег Аляксандравіч Аўхачоў.

У 2010 г. каманда працаўнікоў завода заняла 3 месца па грамадзянскай абароне ў раёне, а ў спартакіядзе сярод прадпрыемстваў РУП “Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод” каманда Грудзінаўскага завода паказала першы рэзультат, узяўшы Кубак і Дыплом арганізатараў спаборніцтваў. Дырэктар прадпрыемства — Віталь Мікалаевіч Каваленка, штат 60 чалавек. На працягу 5-ці гадоў укаранёны новыя тэхналогіі. Гэта ў першую чаргу тычыцца мантажу дзвюх магутных драбільных установак вытворчасці Барысаўскага ТАА “Полымя”, што дазваляла рыхтаваць больш якасную сыравіну для сусла.

У чэрвені 2013 г. прадпрыемства атрымала сертыфікат адпаведнасці Нацыянальнай сістэмы адпаведнасці і Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь адносна да вытворчасці і захавання спірта-сырца этылавага. 

З пачатку 2015 г. Грудзінаўскі спіртзавод, які ўваходзіў у склад ААТ “Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод”, спыніў выпуск прадукцыі.

БІБЛІЯГРАФІЯ