ы

Сацыякультурныя ўстановы

РЫЖКАЎСКАЯ СЕЛЬСКАЯ БАЛЬНІЦА

У аглядзе Магілёўскай губерні за ліпень 1899 г. – дадатку да “несподданейшему отчету”, з’явіўся запіс аб новай бальніцы, адкрытай у в. Рыжкаўка Быхаўскага павета. Пабудавала бальніцу ў некалькі кіламетрах ад свайго маёнтка Грудзінаўка на ўласныя сродкі графіня Аляксандра Рыгораўна Талстая, удава графа Дзмітрыя Паўлавіча Талстога. Аўдавеўшы, графіня прысвяціла сваё жыццё дабрачыннасці і калі прыязжала на лета ў Грудзінаўку, заўсёды прыходзіла ў бальніцу, рабіла абход хворых. Ёсць звесткі, што ўсе народжаныя ў бальніцы дзеці атрымлівалі пасаг.

Да 1905 г. бальніца размяшчалася на тэрыторыі другога ўрачэбнага ўчастка, урач якога пражываў у Прапойску (цяпер Слаўгарад). Урач меў кватэру пры бальніцы.

У 1905 г. быў створаны трэці ўрачэбны ўчастак – Рыжкаўскі. Бальніца заставалася прыватнай да 1915 г., а пасля была перададзена земству.

Адлегласць ад фельчарскіх пунктаў складала каля 20 вёрст. На ўчастку пражывала 37233 жыхара. Бальніца была абсталявана вадаправодам, каналізацыяй, аперацыйнай і была разлічана на 20 месцаў. У штаце былі: урач, фельчар, спавівальная бабка, яна ж загадвала гаспадаркай, прачка, кухарка і два чалавекі мужчынскай прыслугі.

З 1884 г. па 1894 г., летам, пад час адпачынку, бясплатную медыцынскую дапамогу хворым на вочы аказваў доктар медыцыны, клінічны прафесар Іерафей Васільевіч Касценіч. За дапамогай да яго прыязджалі сяляне з іншых уездаў Магілёўскай губерніі, некаторыя з Мінскай і Смаленскай губерняў. Акрамя вочных, Касценіч праводзіў невялікія хірургічныя аперацыі. У адным з дакументаў, якія захоўваюцца ў Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу, адзначалася, што за два месяцы ў 1894 г. у Рыжкаўскім амбулаторным пакоі і ў сябе дома (в. Царкоўны Асавец) І. В. Касценічам было прынята 3092 хворых, аперацыйную дапамогу атрымалі 477 чалавек, з іх больш як 200 былі зроблены складаныя аперацыі на вачах.

У гады Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў у бальніцу не паступалі лекі, не абнаўляўся інструментар, урачы з’яўляліся эпізадычна, будынак не рамантаваўся.

У 1920-х гг (да 1927 г.) бальніцай загадвала выпускніца Маскоўскага ўніверсітэта Валянціна Міхайлаўна Міцкевіч (1878 – 1951), жонка стрыечнага дзядзькі Якуба Коласа – Ігнація Юр’евіча Міцкевіча.

У 1927 г. пасля заканчэння Ленінградскага медыцынскага інстытута працавала ўрачом у Рыжкаўцы Разалія Іл’інічна Бір, якая пазней была ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, а ў 1961 г. ёй было прысвоена званне “Заслужаны ўрач БССР”.

З 1929 г. па 1939 г. урачом працаваў Самуіл Майсеевіч Марголін, за гады працы якога з дапамогай калгасаў і грамадскасці былі адрамантаваны бальнічныя карпусы, створана падсобная гаспадарка, праводзіліся складаныя аперацыі. За вялікія заслугі ў развіцці народнай аховы здароўя ў 1939 г. бальніцы было прысвоена імя У. І. Леніна.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны бальніца не працавала, многія ўрачы і медсёстры пайшлі на фронт, у палатах пасяліліся людзі, якія згубілі жыллё.

Аб гераічных і трагічных падзеях тых часоў сведчыць абеліск на бальнічным двары. Медыцынскую дапамогу насельніцтву аказвалі фельчар Мікалай Рыгоравіч Жыркоў і акушэрка Малання Пятроўна Сірман, якая, пасля таго як у 1915 г. была прынята ў бальніцу графіняй Талстой, працавала ў ёй больш за 40 гадоў. Менавіта яе ўспаміны сведчаць аб тым, што графіня Талстая дарыла камплект бялізны для кожнага нованароджанага.

Пасля вайны, у 1946 г. быў адноўлены і абсталяваны адзіны ўцалелы галоўны корпус, астатнія памяшканні былі разрабаваны і спалены.

З 1950 г. па 1997 г. Рыжкаўскую сельскую бальніцу ўзначальваў Калман Шмеркавіч Кугель, выпускнік Мінскага медыцынскага інстытута, якому ў 1966 г. было прысвоена званне “Заслужаны ўрач БССР”. Дзякуючы Кугелю, які пачаў збіраць успаміны людзей, захавалася гісторыя бальніцы.

У той час бальніца ўяўляла сабой вялізны барак, дзе печку палілі дровамі, якія нарыхтоўвалі самі медыкі. Ваду прывозілі ў бочках, а бялізну мыла прачка дома. Пакоі асвятлялі керасінавыя лямпы. Участак абслугоўваў 24 населеныя пункты з насельніцтвам 11086 чалавек. Праца вялася ў адзіным адноўленым будынку.

Па ініцыятыве Кугеля ў 1952 г. Міністэрствам аховы здароўя БССР бальніцы была выдзелена клінічная лабараторыя, аналізы з дапамогай лабаранткі рабіў урач М. І. Кравец.

У 1959 г. колькасць бальнічных месц павялічылася на 15. Устаноўка рухавіка з генератарам дазволіла мець электрычнасць. Са з’яўленнем святла пачалі дзейнічаць фізіятэрапеўтычны і рэнтген-кабінеты. Урач-рэнтгенолаг П. Ф. Жлоба. Праведзены вадаправод, пабудавана амбулаторыя. Па распараджэнню міністра аховы здароўя БССР І. А. Інсарава была выдзелена санітарная машына, якая замяніла каня.

У 1960 г. упершыню ў вобласці на базе Рыжкаўскай бальніцы быў праведзены семінар па абмену вопытам.

У 1964 г. на ўчастку была створана выязная дзіцячая кансультацыя, таксама першая ў вобласці, пасля рэгулярнай працы якой адбылося зніжэнне дзіцячай смяротнасці.

У бальніцы робяцца электракардыялагічныя даследаванні. Праведзены капітальны рамонт. Зроблена прыбудова на 60 квадратных метраў. Ацяпленне заменена на вадзяное.

У 1990 г. бальніца выконвала 12 відаў працэдур, сярод якіх ультрагукавая інгаляцыя, УВЧ, ультрагук, дыядынамік, парафін. Створаны цэнтралізаваная стэрылізацыйная, працэдурны кабінет. Абслугоўвае ў асноўным рабочых саўгаса “Грудзінаўскі”. На жывёлагадоўчым комплексе па адкорму буйной рагатай жывёлы для работнікаў адкрыты фізіятэрапеўтычны кабінет.

У 1991 г. бальніца пераехала на тэрыторыю былой графскай сядзібы ў адзін з спальных карпусоў школы-інтэрната, якая ў сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС ўжо была расфарміравана. На той момант будынак быў не прыстасаваны для размяшчэння хворых. Адначасова з лячэннем выраблялася рэканструкцыя. На першым паверсе 3-х павярховага будынка размясціліся амбулаторыя з кабінетам урача, зубны і фізіятэрапеўтычны кабінеты, рэгістратура, лабараторыя, аптэка, харчблок. На другім паверсе размясціліся стацыянар і кабінеты адміністрацыі. Пазней бальніца набыла добрыя ўмовы, была абсталявана душавымі.

Сакратаром партыйнай арганізацыі саўгаса “Грудзінаўскі” В. І. Пруднікавым была выказана прапанова стварыць на базе бальніцы дом састарэлых.

У 1997 г. Кугель Калман Шмеркавіч пакідае пасаду галоўнага ўрача, але застаецца ў бальніцы працаваць урачом. Пазней працуе ў іншых бальніцах, а ў 2004 г. пакідае ўрачэбную практыку.

З 1997 г. галоўным урачом працуе Дзенісевіч Франц Браніслававіч, урачом – Дзенісевіч Галіна Паўлаўна.

З 1999 г. Рыжкаўская бальніца пачала называцца Грудзінаўскай.

БІБЛІЯГРАФІЯ

ГРУДЗІНАЎСКАЯ АМБУЛАТОРЫЯ ЎРАЧА АГУЛЬНАЙ ПРАКТЫКІ

У 1999 г. Рыжкаўская бальніца, якая ў 1991 г. пераехала ў Грудзінаўку на тэрыторыю былой графскай сядзібы ў адзін з спальных карпусоў, расфарміраванай на той час школы-інтэрната, пачала называцца Грудзінаўскай. Галоўны ўрач Дзенісевіч Франц Браніслававіч.

У гэтым жа годзе, Рашэннем Быхаўскага райвыканкама на базе бальніцы было створана геранталагічнае аддзяленне, але пакуль што толькі для мясцовых жыхароў.

З гуманітарнай дапамогі ў бальніцу паступіла 34 ложкі з матрацамі.

У 2002 г. адбылася рэарганізацыя Грудзінаўскай участковай бальніцы, у выніку чаго было створана аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.

Амбулаторыю ўзначаліла Дзенісевіч Галіна Паўлаўна. У амбулаторыі 5 ложкаў для дзённага знаходжання хворых.

У 2005 г. загадчык Грудзінаўскай урачэбнай амбулаторыяй Рыгор Віктаравіч Маісееў.

У 2006 г. набыты спецаўтамабіль, працуе аптэка. Амбулаторыя абслугоўвае 1556 чалавек, якія пражываюць у 11 населеных пунктах. У падначаленні ў загадчыка амбулаторыі знаходзяцца 2 ФАПы.

Зараз медыцынская ўстанова ў аг. Грудзінаўка завецца Грудзінаўская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, загадчык Пешкун Арцём Іванавіч. Радыус абслугоўвання 12 км. Аддаленасць ад раённай бальніцы 30 км.

БІБЛІЯГРАФІЯ

АДДЗЯЛЕННЕ КРУГЛАСУТАЧНАГА ЗНАХОДЖАННЯ ДЛЯ ГРАМАДЗЯН ПАЖЫЛОГА ЎЗРОСТУ І ІНВАЛІДАЎ

У 2002 г. у выніку рэарганізацыі Грудзінаўскай участковай бальніцы было створана аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Галоўны ўрач – Дзенісевіч Франц Браніслававіч. Першым пацыентам, на той час іх было 34, аказвалася толькі экстраная медыцынская дапамога. На гэтыя мэты медыкаменты закупляліся з дапамогай Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва г. Быхава. Дадатковае лячэнне аплачвалась самімі пацыентамі.

У 2008 г. загадчыцай аддзялення працуе Ярмоленка Л. М. На абслугоўванні знаходзіцца 53 чалавекі.

У 2009 г. аддзяленне пашырылась з 55 да 67 месцаў. Праведзены капітальны рамонт будынка.

У 2012 г. у аддзяленні пражывае 62 чалавекі.

У 2014 г. аддзяленне наведалі амерыканскія гуманітарныя валанцёры міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб'яднання “София”, якія набылі для яго дзве пральныя і адну сушыльную машыны.

З 2016 г. установу ўзначальвае Батуліна Алена Алегаўна.

У 2018 г. у аддзяленні пражывае 54 чалавекі (43 адзінокіх, 11 адзінокапражываючых), у тым ліку 1 ветэран Вялікай Айчыннай вайны і 1 малалетні вязень фашысцкіх лагераў. Персанал складаецца з 21 чалавека.

Зараз аддзяленне з’яўляецца ўстановай адкрытага тыпу. Прызначана для сацыяльнага абслугоўвання і аказання даўрачэбнай меддапамогі адзінокім і адзінокапражываючым непрацаздольным пажылым грамадзянам і інвалідам першай і другой групы. Разлічана на 67 койка-месцаў. Трохпавярховы будынак – узор безбар'ернага асяроддзя. На базе аддзялення адкрыты пакой павышанай камфортнасці з мэтай прадастаўлення больш камфортных бытавых умоў пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.

Для ажыццяўлення першай даўрачэбнай дапамогі абсталяваны пакой медперсаналу, у якім можна памераць ціск, тэмпературу, атрымаць таблеткі пры лёгкіх недамаганнях, першую медыцынскую дапамогу пры траўмах.

У холах другога і трэцяга паверхаў ёсць тэлевізары. Тут жа праходзяць і розныя мерапрыемствы.

Ёсць невялікая па плошчы, але добра абсталяваная спартыўная зала. Акрамя стандартнага інвентара – бегавая дарожка, вібрамасажор, веласіпед, масажоры для ног. Для правядзення вольнага часу аформлены пакой адпачынку з мяккай мэбляй. Ёсць бібліятэка, фонд якой складае больш чым 1500 кніг.

Адным са станоўчых момантаў у арганізацыі абслугоўвання падапечных аддзялення з’яўляецца тое, што ў гэтым жа будынку размешчана сельская амбулаторыя, супрацоўнікі якой змогуць аператыўна аказаць хуткую медыцынскую дапамогу.

БІБЛІЯГРАФІЯ

ШКОЛА-ІНТЭРНАТ

Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў былым маёнтку графіні Талстой у в. Грудзінаўка быў створаны дзіцячы дом для дзяцей-сірот, чыіх бацькоў загубіла вайна (1945–1961 гг.). Дырэктарамі дзіцячага дома ў розныя гады былі Шэйдзянкоў, Мельнікаў Я.К., Капылова Е.Г., Маршалка, Алексяёнак У. К.

У 1962 г. дзіцячы дом быў рэарганізаваны ў школу-інтэрнат агульнага тыпу, а затым у 1967 г. – санаторнага тыпу для дзяцей з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы. У Грудзінаўцы былі створаны добрыя ўмовы для лячэння і навучання дзяцей. У школе-інтэрнаце штогод знаходзілася больш за 200 дзяцей.

У 1990 г. пасля аварыі на ЧАЭС школа-інтэрнат была расфарміравана і закрыта. Дзеці былі пераведзены ў іншыя школы-інтэрнаты. Кніжны фонд бібліятэкі, якая існавала пры школе, перадалі ў Слаўгарадскі дзіцячы дом.

БІБЛІЯГРАФІЯ

ГРУДЗІНАЎСКІ ДЗІЦЯЧЫ САД

У 1930-х гг. дзіцячы сад працаваў у будынку Грудзінаўскага палаца.

Пасля вайны першая група дзіцячага сада была адчынена ў 1946 г. у канторы Кузькавіцкай МТС. Загадчыкам была Ярошка Феня Данілаўна, а выхавальніцай працавала Дзенісенка Наталля Аляксандраўна. Дзіцячы сад размяшчаўся ў адным пакоі. У 1953 г., калі дзяцей стала больш, пад дзіцячы сад абсталявалі будынак старога клуба, які знаходзіўся каля спіртзавода.

У 1957 г. Ярошка Ф.Д. купіла ў Давыдавічах дом і перавезла яго ў Грудзінаўку. Пасля капітальнага рамонту, які зрабілі самі работнікі дзіцячага сада, у новым памяшканні і размясціліся 2 групы: старэйшая і малодшая. Усяго дзяцей у групах налічвалася 75 чалавек. Выхавацелямі працавалі Царава Надзея Паўлаўна, Сакаленка Валянціна Антонаўна, Дзенісенка Наталля Аляксандраўна.

У 1965 г. на сродкі саўгаса ў Грудзінаўцы быў пабудаваны новы дзіцячы сад. Некаторы час на тэрыторыі саўгаса працавалі два дзіцячыя сады. Адзін падпарадкоўваўся раённаму аддзелу народнай адукацыі, другі – саўгасу. У хуткім часе дзіцячыя сады аб’ядналі і перавялі на баланс раённага аддзела народнай адукацыі.

Ярошка Ф.Д. працавала загадчыцай Грудзінаўскага дзіцячага сада да 1969 г. На той час дзяцей у дзіцячым садзе налічвалася ўжо 95 чалавек. З’явілася ясельная група.

З 1969 па 1970 гг. загадвала дзіцячым садам Мельнікава Ніна Лявонцьеўна, з 1970 па 1988 гг. – Царава Надзея Паўлаўна, з 1988 па 1999 гг. – Раманоўская Е.І.

З 1986 г. у сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС з Грудзінаўкі з’ехала шмат сямей і колькасць дзяцей у дзіцячым садзе пачала з кожным годам зніжацца.

У 2009 г. адбылося аб’яднанне школы з дзіцячым садам у ДУА “Грудзінаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”.

БІБЛІЯГРАФІЯ

ДУА “ГРУДЗІНАЎСКІ ВУЧЭБНА-ПЕДАГАГІЧНЫ КОМПЛЕКС ДЗІЦЯЧЫ САД – СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА”

У 1888–1889 навучальным годзе ў в. Грудзінаўка была царкоўна-прыходская школа, якая змяшчалася ў будынку, пабудаваным на сродкі графа Д.А. Талстога. У ёй навучалася 11 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі. Настаўнікам быў Якаў Шэмпляхоў.

У 1910 г. царкоўна-прыходская школа змяшчалася ў маленькім драўляным будынку. У ёй навучалася 25-30 вучняў. Настаўнікам быў Іван Нічыпаравіч Бондараў.

У 1924 г. быў першы выпуск 9-га класа Грудзінаўскай школы. Настаўнікамі былі: Шэмпляхоў Аркадзь Якаўлевіч – настаўнік матэматыкі; Ліцэтка Клаўдзія Фёдараўна – настаўніца гісторыі, геаграфіі; Кунец Марыя Любімаўна – настаўніца нямецкай мовы. Дырэктар – Лешчанка Герман Інекцэвіч.

У 1925 г. у саўгасе “Грудзінаўскі” была створана піянерская арганізацыя. У яе ўступалі дзеці рабочых саўгаса.

У 1926 г. у графскі дом была пераведзена сямігадовая школа. 26 красавіка 1926 г. будынак школы згарэў. Пад школу быў прыстасаваны былы будынак (флігель) палаца графіні Талстой. Пазней, у 1930 гг. яна была перайменавана ў школу калгаснай моладзі. Так як дзяцей малодшага школьнага ўросту было мала ў вёсцы, 1–4 класаў у гэтай школе не было. Дзеці наведвалі пачатковую школу ў в. Рыжкаўка. У 1931 г. у пачатковай школе быў арганізаваны піянерскі атрад. Першых дзяцей прымалі ў піянеры 7 лістапада. Старэйшым піянерважатым быў Сініцкі Іван.

У флігелі да 1941 г. мясцілася сярэдняя школа. У 1943 г. флігель згарэў ад неасцярожнага абыходжання з агнём немцаў, якія прыстасавалі школу для гаспадарчых патрэбаў.

У пасляваенны перыяд школа была размешчана ў цэнтры вёскі ў трох драўляных аднапавярховых будынках. Дырэктарам быў Каткоў Герасім Пятровіч. Пачатковая школа размяшчалася ў папоўскіх дамах каля царквы.

Пасля вайны ў графскім маёнтку была лясная аздараўленчая школа. Сюды прысылалі дзяцей з усёй рэспублікі хворых на туберкулез.

У Грудзінаўскай школе абучаліся дзеці з Грудзінаўкі, навакольных вёсак, выхаванцы аздараўленчай школы.

У 1965 г. школа пераехала ў новы трохпавярховы будынак, які размешчаны на ўскраіне вёскі.

З 1999 г. у сувязі з рэформай школы быў адкрыты падрыхтоўчы клас.

У 2007 г. Грудзінаўская сярэдняя школа была перайменавана ў Грудзінаўскі вучэбна-педагагічны комплекс. У 2009 г. – у ДУА “Грудзінаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”.


БІБЛІЯГРАФІЯ

ГРУДЗІНАЎСКІ ЦЭНТР КУЛЬТУРЫ І ВОЛЬНАГА ЧАСУ

Грудзінаўскі сельскі клуб быў адчынены ў 1954 г. і размяшчаўся ў бараку Грудзінаўскага спіртзавода. Адказным за работу клуба быў рабочы спіртзавода Панкратаў Міхаіл Авер’янавіч. У той час у клубе дэманстраваліся кінафільмы, праходзілі канцэрты, рэпетыцыі мастацкай самадзейнасці.

У 1958–1961 гг. клуб знаходзіўся ў будынку канторы саўгаса “Грудзінаўскі”. У 1961 г. пад сельскі клуб быў абсталяваны стары графскі будынак канюшні. Загадчыкамі клуба ў розныя гады былі: Дзергачоў Яраслаў Рыгоравіч, Жук Іван і Барыс, Герац Уладзімір. У гэты час клуб належыў прафсаюзнай арганізацыі саўгаса. Кінамеханікам з 1961 па 1991 гг. працаваў Бабер Уладзімір Міхайлавіч.

У снежні 1968 г. сельскі клуб быў перайменаваны ў сельскі дом культуры, дырэктарам стала Пруднікава Людміла Іванаўна. Пры СДК быў створаны хор (70 чалавек), удзельнікамі якога былі жыхары в. Грудзінаўка.

У 1974 г. пры СДК быў арганізаваны фальклорны гурт “Вянок”, які за гады свайго існавання прымаў удзел у многіх канцэртах, конкурсах, быў узнагароджаны шматлікімі ганаровымі граматамі і дыпломамі.

У 1986 г. у вёсцы быў пабудаваны новы двухпавярховы Дом культуры, у якім размясціліся дзіцячая музычная школа і сельская бібліятэка.

У 1987 г. за высокія паказчыкі ў сацыяльным спаборніцтве Пруднікавай Л. І. было прысвоенна званне “Лепшы па прафесіі”.

У 2005 г. пры СДК адкрыта пляцоўка канцэртна-тэатральнага абслугоўвання насельніцтва.

У 2007 г. Грудзінаўскі СДК перайменаваны ў Цэнтр культуры і вольнага часу.

Дырэктарамі Цэнтра культуры і вольнага часу ў розныя гады былі: Пруднікава Вольга Віктараўна, Пермінаў Віталь Іванавіч, Жарына Ксенія Рэнатаўна, Зайцава Кацярына Сяргееўна, Шчэрбуноў Андрэй Генадзьевіч.

Пры Цэнтры культуры і вольнага часу працуе 8 клубных фарміраванняў. У зону абслугоўвання ўваходзіць 8 вёсак: в. Бынава, в. Рыжкаўка, в. Бутрамееўка, в. Чырвоны Асавец, в. Давыдавічы, в. Лісічнік, в. Перакладавічы, в. Прыберажжа.

БІБЛІЯГРАФІЯ

ГРУДЗІНАЎСКАЯ СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА-МУЗЕЙ

Вельмі многа для адукацыі і асветы насельніцтва в. Грудзінаўка пасля рэвалюцыі зрабіў Ігнацій Юр’евіч Міцкевіч, дзядзька Якуба Коласа. У Грудзінаўскім саўгасе ён вечарамі вёў курсы аграмінімуму, дабіўся адкрыцця хаты-чытальні, дзе наладзіў чытанне і абмеркаванне газетных артыкулаў (з успамінаў былога загадчыка палітасветы Грудзінаўскага валаснога выканкама М.Т. Панасевіча).

Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў драўляным будынку сельскага Савета была хата-чытальня. Тут было адзінае ў вёсцы радыё, якое правёў Уладзімір Лаўроў. Жыхары ўсёй вёскі збіраліся ў хаце-чытальне, каб паслухаць радыё. Тут была створана і самадзейнасць. Загадчыкам працаваў Кляцко Віктар Апанасавіч. Потым загадчыкамі хаты-чытальні працавалі Малахоўская А.А., Ступакоў Л.А., Алексяёнак У.К. З успамін Алексяёнка У.К. вядома, што ў тыя часы ў хаце-чытальне для кніг была прыстасавана шафа з замком.

Грудзінаўская сельская бібліятэка была адчынена ў 1950 г. Загадчыцай бібліятэкі працавала Бельская Лідзія Дзмітрыеўна. Кніжны фонд бібліятэкі складаў 1811 экз.

З 1952 па 1986 гг. загадчыца Суслянкова Вольга Сцяпанаўна.

У 1967 г. Грудзінаўская сельская бібліятэка прыняла ўдзел ва Усесаюзным грамадскім аглядзе бібліятэк, прысвечаным 50–годдзю Савецкай улады. Была ўзнагароджана Дыпломам 2-й ступені і грашовай прэміяй (100 руб.).

У 1972 г. будынак старога дзіцячага садка быў прыстасаваны пад бібліятэку. Кніжны фонд размяшчаўся ў 3-х пакоях. У бібліятэцы было 13 стэлажоў, 2 шафы, 9 сталоў.

У 1975 г. з-за няспраўнасці электраправодкі ў бібліятэцы адбыўся пажар. Увесь кніжны фонд быў знішчаны. Аднавіць кніжны фонд дапамаглі абласная бібліятэка і раённая. Бібліятэка была пераведзена ў будынак сельскага клуба, які знаходзіўся ў былой графскай канюшні.

З 1 студзеня 1977 г. бібліятэка рэарганізавана ў філіал № 17 Быхаўскай ЦБС.

У 1980 г. бібліятэка пераехала ў новы будынак сельскага Савета на першы паверх. Агульная плошча бібліятэкі была 60 кв.м. Кніжны фонд складаў каля 10 000 экз. кніг. Чытачоў было – 560.

У 1986 г. быў пабудаваны новы двухпавярховы Дом культуры. На другім паверсе размясцілася бібліятэка. Кніжны фонд складаў каля 16000 экз. Загадчыцай бібліятэкі стала працаваць Палавікова Галіна Іванаўна.

У 1986 г. бібліятэка пацвердзіла званне “Бібліятэка выдатнай работы”.

Вялікая работа праводзіцца па збору краязнаўчага матэрыялу, які быў размешчаны ў этнаграфічным кутку сялянскага быту. Гэта рушнікі, посцілкі, вышываныя рэчы, гліняны посуд, зробленыя вяскоўцамі, а таксама лялькі ў нацыянальных касцюмах, альбомы, тэматычныя папкі, у якіх адлюстроўваецца гісторыя вёскі.

З 1992 г. пры бібліятэцы працуе клуб па інтарэсах “Спадчына”.

З 1993 па 2000 гг. штогод бібліятэка ўдзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

У 1996 г. Палавікова Галіна Іванаўна ўзнагароджана граматай аддзела культуры Быхаўскага райвыканкама за дабрасумленную працу па абслугоўванню кнігай працаўнікоў вёскі і ўкараненню новых форм у практыку сваёй работы. У 1999 г. – узнагароджана граматай аддзела культуры Быхаўскага райвыканкама за дасягнутыя поспехі ў рабоце і адданасці сваёй прафесіі.

У 2000 г. бібліятэка адзначыла 50-годдзе з дня свайго адкрыцця.

У 2001 г. на чарговы тур Рэспубліканскага конкурса “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” былі прадстаўлены краязнаўчыя матэрыялы Грудзінаўскай сельскай бібліятэкі. Бібліятэкар Палавікова Г.І. была ўзнагароджана Ганаровай граматай Беларускага фонда культуры, Граматай Міжнароднай Рады па помніках і мясцінах культуры, грашовай прэміяй.

У 2006-2007 гг. у бібліятэцы зроблены капітальны рамонт, бібліятэка атрымала камп’ютэр і падключана да інтэрнэту.

18 жніўня 2010 г. рашэннем Быхаўскага раённага выканаўчага камітэта на базе бібліятэкі аг. Грудзінаўка створана Грудзінаўская сельская бібліятэка-музей. У асобным памяшканні музея было сабрана 150 экспанатаў, гэта старадаўнія рэчы: сапраўдны тульскі самавар 1925 г. выпуску, сталовы посуд графаў Талстых, футарал для картаў 1916 г., вырабы даўніны, вышыванкі і іншыя прадметы хатняга ўжытку нашых продкаў.

У 2010 г. за творчую актыўнасць у справе развіцця і прапаганды беларускай нацыянальнай і культурнай спадчыны бібліятэкару Грудзінаўскай сельскай бібліятэкі ўручана падзяка Быхаўскага раённага выканаўчага камітэта. Таксама, бібліятэка стала пераможцам штогадовага спаборніцтва сярод устаноў культуры новага тыпу Магілёўскай вобласці за 2010 год за лепшую арганізацыю працы і ўзнагароджана Дыпломам Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.

У 2010 г. за ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю працы бібліятэк аграгарадкоў па выкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў у бібліятэчным абслугоўванні насельніцтва “Інтэрактыўны свет для кожнага” Палавікова Г. І. узнагароджана дыпломам II ступені.

У 2011 г. бібліятэка ўзнагароджана заахвочвальнымі дыпломамі ў намінацыях “Краязнаўчая дзейнасць” і “Інавацыйная дзейнасць” за ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе “У аб’ектыве – творчасць і прафесіяналізм”.

У 2012 г. вопыт работы бібліятэкі па захоўванню і развіццю гістарычнай і культурнай спадчыны краю быў у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў семінара дырэктараў бібліятэчных сетак Магілёўскай вобласці, які праходзіў на базе бібліятэкі, на тэму: “Бібліятэкі Магілёўшчыны ў інфармацыйна-культурнай прасторы рэгіёна: стан, інавацыі, шляхі развіцця”.

У жніўні 2018 г. бібліятэку прыняла Карзюк А.С.

З верасня 2019 г. бібліятэкарам Грудзінаўскай сельскай бібліятэкі-музея працуе Букетава С. У.

БІБЛІЯГРАФІЯ

МУЗЫЧНЫЙ КЛАС АГ. ГРУДЗІНАЎКА ДУА “ДЗІЦЯЧАЯ ШКОЛА МАСТАЦВАЎ Г. БЫХАВА”

У 1986 г. у в. Грудзінаўка была адчынена дзіцячая музычная школа, якая размясцілася на другім паверсе сельскага Дома культуры і знаходзілася на балансе саўгаса. Для школы было набыта 2 фартапіяна, 2 балалайкі, 3 баяны, магнітафон, нотная літаратура. Дырэктарам школы была назначана Садоўская Іна Анатольеўна, настаўніцай Чэрнякова Уладзелена Феліксаўна. На той час у школе займалася 29 чалавек.

З 1994 г. школа была ўзята на баланс аддзела культуры Быхаўскага райвыканкама і стала філіялам Быхаўскай дзіцячай музычнай школы.

У 2017 г. філіял быў рэарганізаваны ў музычны клас аг. Грудзінаўка ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Быхава”.

БІБЛІЯГРАФІЯ

ГАНДАЛЬ

18 чэрвеня 1909 г. было створана Грудзінаўскае спажывецкае таварыства.

1 студзеня 1996 г. у сувязі з пераўтварэннем сістэмы спажывецкай кааперацыі Грудзінаўскае спажывецкае таварыства шляхам зліцця Чорнаборскага, Макранскага, Вараніноўскага, Абідавіцкага, Няражскага спажывецкага таварыстваў пераўтворана ў гандлёвае аб’яднанне “Быхаўскае раённае спажывецкае таварыства”.

У в. Грудзінаўка ў свой час працавалі магазіны: “Прадтавары”, “Прамтавары”, гаспадарчы, кніжны, існаваў і кандытарскі цэх. Прадаўцамі ў розныя гады былі: Я.М. Краўцова, А.Г. Цімочка, Г.А. Лістраценка, М.Ф. Бурачкова, Н.А. Абрамчыкава, Я.М. Селязнёва, В.П. Кузьміна, Л.Ф. Дзёмінская, Н.І. Ступакова, Я. Барысава.

Зараз працуюць магазіны Магілёўскага раённага спажывецкага таварыства “Тавары паўсядзённага попыту” і індывідуальнага прадпрымальніка Гузловай Аксаны Міхайлаўны.

БІБЛІЯГРАФІЯ

ГРУДЗІНАЎСКАЕ АДДЗЯЛЕННЕ ПАШТОВАЙ СУВЯЗІ

Аддзяленне паштовай сувязі ў аг. Грудзінаўка было адчынена ў 1987 г. Супрацоўнікі аддзялення займаюцца афармленнем падпіскі і распаўсюджваннем перыядычнага друку з дастаўкай на дом, выдачай пенсій, прыёмам разнастайных плацяжоў, продажам тавараў, латарэйных білетаў, аплатай мабільнай сувязі і іншымі паслугамі.

БІБЛІЯГРАФІЯ