ы

Грудзінаўка ў легендах і паданнях

На паўночным усходзе Быхаўскага раёна, у 33 км ад Быхава, знаходзіцца вёска Грудзінаўка – маляўнічы куток беларускай зямлі з залатымі палямі збажыны, цёмна-зялёнымі яловымі і сасновымі барамі, блакітнымі азёрамі.

Гісторыя вёскі багатая і разнастайная. Яна адыходзіць сваімі каранямі ў глыбіню стагоддзяў.

Адна з версій паходжання назвы вёскі звязана з пахаваннем славянскіх плямёнаў, якія засялялі тэрыторыю раёна ў раннім жалезным веку, – курганамі. Па дадзеным тапанімікі, курганы ў Быхаўскім рэгіёне мясцовае насельніцтва называла “грудамі”. Напэўна, таму, што курганных комплексаў, пакінутых нашымі продкамі, было шмат каля вёскі Грудзінаўка, і ўзнікла назва. Доказ таму – вялікі курганны комплекс каля вёскі Перакладавічы – у 3 км ад Грудзінаўкі.

Тутэйшыя сяляне выпальвалі і карчавалі лес і на яго месцы стваралі палі, пашу, лугі. Доўгі час мясцовасць уваходзіла ва ўладанні польскіх магнатаў Хадкевічаў і Сапегаў, а ў 1772 г. пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай адышла да Расіі. Імператрыца Кацярына II міласціва падаравала вёску з прыгоннымі сялянамі і амаль дзевятнаццаццю тысячамі дзесяцін зямлі і лесу графу Талстому.

Кажуць, што па загаду графіні Талстой вакол вёскі быў пасаджаны лес, у якім розныя пароды дрэў размяшчаліся ў такім парадку, што здалёк кожны падарожны чалавек па вяршку лесу мог прачытаць: “Памесце графіні Талстой”.

Існуе яшчэ адна легенда, звязаная з будаўніцтвам сядзібы. Расказваюць, што калі яе будавалі, то ад цагельнага завода, які знаходзіўся за трыццаць кіламетраў ад Грудзінаўкі, выстраіліся прыгонныя сяляне і так, адзін аднаму, перадавалі цэглу.

БІБЛІЯГРАФІЯ