Краязнаўчая база даных

Грудзінаўка

Слаўны куток Быхаўшчыны

Грудзінаўка ў легендах і паданнях

На паўночным усходзе Быхаўскага раёна, у 33 км ад Быхава, знаходзіцца вёска Грудзінаўка – маляўнічы куток беларускай зямлі з залатымі палямі збажыны, цёмна-зялёнымі яловымі і сасновымі барамі, блакітнымі азёрамі.

Гісторыя вёскі багатая і разнастайная. Яна адыходзіць сваімі каранямі ў глыбіню стагоддзяў.

Адна з версій паходжання назвы вёскі звязана з пахаваннем славянскіх плямёнаў, якія засялялі тэрыторыю раёна ў раннім жалезным веку, – курганамі. Па дадзеным тапанімікі, курганы ў Быхаўскім рэгіёне мясцовае насельніцтва называла “грудамі”. Напэўна, таму, што курганных комплексаў, пакінутых нашымі продкамі, было шмат каля вёскі Грудзінаўка, і ўзнікла назва. Доказ таму – вялікі курганны комплекс каля вёскі Перакладавічы – у 3 км ад Грудзінаўкі.

Тутэйшыя сяляне выпальвалі і карчавалі лес і на яго месцы стваралі палі, пашу, лугі. Доўгі час мясцовасць уваходзіла ва ўладанні польскіх магнатаў Хадкевічаў і Сапегаў, а ў 1772 г. пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай адышла да Расіі. Імператрыца Кацярына II міласціва падаравала вёску з прыгоннымі сялянамі і амаль дзевятнаццаццю тысячамі дзесяцін зямлі і лесу графу Талстому.

Кажуць, што па загаду графіні Талстой вакол вёскі быў пасаджаны лес, у якім розныя пароды дрэў размяшчаліся ў такім парадку, што здалёк кожны падарожны чалавек па вяршку лесу мог прачытаць: “Памесце графіні Талстой”.

Існуе яшчэ адна легенда, звязаная з будаўніцтвам сядзібы. Расказваюць, што калі яе будавалі, то ад цагельнага завода, які знаходзіўся за трыццаць кіламетраў ад Грудзінаўкі, выстраіліся прыгонныя сяляне і так, адзін аднаму, перадавалі цэглу.

БІБЛІЯГРАФІЯ

Скрытый текст. Внутри спойлера может быть любой контент.

  • Барысаў, Г. Грудзінаўка / Г. Барысаў // Магілёўская праўда. — 1989. — 16 лютага. — С. 3.
  • Белая Русь : Гісторыя Беларусі ў легендах і паданнях / укладальнік М. А. Зелянкова. — Мінск : Юнацтва, 1999. — 303 с.
  • Грудзінаўка // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / рэдкалегія : Г. П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Мінск, 2008. — Т. 5. Кн. 1 : Магілёўская вобласць. — С. 251—252.
  • Грудзінаўка // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т./ рэдкалегія: Т. У. Бялова (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск, 2012. — Т. 3 : Г—З. — С. 272.
  • Жижиян, С. Только факты : [о происхождении названий деревень Грудиновка и Грудичино] / Сергей Жижиян // Маяк Прыдняпроўя. — 2015. — 31 кастрычніка. — С. 12.
  • Толкач, А. Преданья старины глубокой… / Анна Толкач // Рэспубліка. — 2012. — 18 жніўня. — С. 2.